Карэспандэнт «Тут і цяпер» апытаў вядомых людзей краіны, якія ўспаміналі самае значныя ў іх разуменні падзеі і з’явы, што адбыліся ў гэтым годзе.

Уладзімір Арлоў, пісьменнік:
«Палітвязні, «ARCHE», БАТЭ»

— Як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь адыходзячы год мне запомніцца ліставаннем з палітвязнямі, у прыватнасці з Алесем Бяляцкім і Міколам Статкевічам. Ліставанне было аднабаковае — мае лісты і паштоўкі да адрасатаў не даходзілі. На шчасце, дайшлі віншавальныя тэлеграмы. Спадзяюся, што ў новым годзе павіншую ўсіх палітвязняў з вяртаннем на волю. Як пісьменніку гэты год мне запомніцца тым, што незалежна ад нечых указаў у мяне ён сапраўды атрымаўся годам кнігі. Пачаўся год з выхаду маёй кнігі-дыялога з чытачамі «Пакуль ляціць страла». Затым выйшаў вельмі важны для мяне том выбраных вершаў «Свецяцца вокны, ды нікога за імі» і таксама доўгачаканы фаліянт «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», над якім мы працавалі разам з мастаком Змітром Герасімовічам. У Арлова-чытача 2012 год застанецца ў памяці найперш гісторыяй з часопісам «ARCHE». Вельмі хацелася б памыліцца, але мне здаецца, што гэтае выданне еўрапейскага ўзроўню папоўніць спіс знішчаных уладай газет і часопісаў. А Арлоў — футбольны заўзятар, здаецца, ніколі не забудзе феерычную перамогу БАТЭ над мюнхенскай «Баварыяй».

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:
«Ідуць баі за цэнтры гарадоў»

— Адыходзячы год нічым не адрозніваўся ад астатніх гадоў. Гэта пастаянная, руцінная работа па юрыдычных пытаннях у галіне аховы спадчыны. Але ж у гэтым годзе ёсць пэўныя прыемныя моманты. Наша вялікае дасягненне ў тым, што мы прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы змяненняў і дапаўненняў у «Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». І ў гэтым годзе былі канчаткова прыняты шматлікія змяненні і дапаўненні, якія распрацоўваліся непасрэдна нашым таварыствам. Гэта дапамагло зрабіць закон аб ахове спадчыны больш дасканалым і канкрэтызаваным. Яшчэ застаюцца нявырашанымі пытанні па гістарычных цэнтрах беларускіх гарадоў.

Па нашых прапановах шэрагу аб’ектаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У тым ліку тром мясцінам, якія звязаны з паўстаннем 1863 года. У Мінску не спыняюцца жарсці вакол перспектыўнага праекта засваення тэрыторыі замчышча, дзе яшчэ можна правесці навукова абгрунтаванае, бездакорнае аднаўленне страчанай забудовы, каб хоць у адным куточку гістарычнага цэнтра Мінска захаваць вобраз старога горада. Вуліцу Зыбіцкую мы сёлета прайгралі: там рэалізоўваецца праект, які не адпавядае ні былой планіровачнай структуры, ні элементарнаму густу.

Чытаць больш