Неўзабаве праехаць на аўтобусе, тралейбусе ці трамваі стане даражэй амаль на 20 адсоткаў. Наколькі балючым падаецца гэтае павышэнне нашым суайчыннікам?

Анжаліка Кутасава, інжынер:
«Пакуль цярпіма»

— А што значыць менш ездзіць? З работы звольніцца? Ці пайсці працаваць непадалёк дома — дворнікам ці прадаўцом у магазін? Можа, і прыйдзецца калі-небудзь, але не пасля гэтага павышэння. Яшчэ цярпіма. Вось калі талончык будзе каштаваць, як у Вільні ці Варшаве, а заробкі застануцца беларускімі, тады тралейбус ці трамвай стануць раскошай і паездка ў цэнтр горада на тралейбусе ператворыцца ў падзею — у падарожжа выходнага дня.

Васіль Мельнікаў, студэнт:
«Кепская навіна для студэнтаў»

— Добра, калі ў вас ёсць багатыя бацькі, якія і за вучобу заплацяць, і на маршрутку дадуць, і яшчэ на начны клуб дабавяць. А вось калі ты з вёскі прыехаў і бацькам кожны год твайго навучання каштуе вялізных намаганняў, то тут ужо не да далікатэсаў. Хай бы яны павышалі, але адначасова вярнулі б студэнтам ільготы. Я б гэтых павышальшчыкаў пасадзіў бы на студэнцкую стыпендыю, хаця б на адзін месяц, і паглядзеў бы на іх потым. Можа, нехта і не заўважыць павышэння кошту праезду, але для студэнтаў гэта самая кепская навіна месяца.

Валянцін Кавалюк, бізнесмен:
«Неўзабаве ўсе кіроўцы паразбягаюцца»

— А вам не сорамна плаціць за паездку так мала, як сёння? Колькі каштуе адзін трамвай ці аўтобус? Колькі каштуе праца кіроўцаў і кантралёраў? Колькі каштуюць салярка і электрычнасць? Ды мінімум у два разы трэба павышаць цану на талон! Яшчэ пара гадоў такога сацыялізму, і ўсе кіроўцы паразбягаюцца.

Чытаць болей