Згодна з уяўленнямі, распаўсюджаным на постсавецкай прасторы, ад новастворанай сям’і ў хуткім часе чакаюць з’яўлення дзіцяці ў якасці лагічнага працягу сямейнага сцэнару. У сваю чаргу маладыя муж і жонка (з ліку тых, што прымаюць «свядомае» рашэнне ўключыць у сваё жыццё дзіця) шчыра вераць у тое, што іх жаданне ёсць уласным выбарам і нішто на яго не ўплывае, а таксама тое, што яны сапраўды гатовыя да таго, каб у іх жыцці з’явіўся новы член сям’і.

Аднак часцяком для новай сям’і рашэнне нарадзіць дзіця не з’яўляецца своечасовым. Перш за ўсё, гэта звязана з транслюемай неабходнасцю абавязковага нараджэння дзіцяці, таму што невыкананне гэтай «умовы» дыскрэдытуе спеласць сямейных адносінаў. У выніку, рашэнне ўключыць у сваё жыццё дзіця звязана з асобаснай самарэалізацыяй, сродкам утрымання партнёра або дасягнення пэўнага сацыяльнага статусу. Такім чынам, гэта ўсё далёка ад таго, што можна было б назваць «дзіця – гэта каштоўнасць сама па сабе». Нядзіўна, што прыняцце рашэнняў, заснаваных на падобных падставах, прыводзяць да негатыўных наступстваў, і няхай гэтыя наступствы не відавочныя адразу, яны ў любым выпадку адбіваюцца на жыцці кожнага члена сям’і, уключаючы дзіця, жыццём якога так занепакоеныя бацькі, грамадства, дзяржава і культура.

Стварэнне і ўзнаўленне здаровага шчаслівага грамадства, ці проста павелічэнне яго колькасці незалежна ад характарыстык?

З мэтай выяўлення ўзроўню гатоўнасці сям’і да нараджэння дзіцяці і магчымых прычынаў негатовасці было праведзена даследаванне, якое ўключала ў сябе пісьмовае апытанне трыццаці сем’яў з адным дзіцем ва ўзросце да трох гадоў. Да асноўных момантаў, якія былі выяўленыя ў ходзе апытання, перш за ўсё, адносіцца меркаванне большасці рэспандэнтаў і рэспандантак аб тым, што пасля нараджэння дзіцяці адносіны ў сям’і змяніліся ў горшы бок. А таксама тое, што, на думку апытаных мужчын і жанчын, іх сям’я не была гатовая да з’яўлення трэцяга члена сям’і, нягледзячы на тое, што да нараджэння дзіцяці яны так не лічылі.

Што тычыцца негатовасці сучасных сем’яў да нараджэння дзіцяці, можна вылучыць тры асноўныя прычыны падобнага стану рэчаў. Першая прычына звязаная з недастатковым удзелам мужчын у побытавай сферы і ў працэсе выхавання дзяцей. Другая прычына – гэта адсутнасць сталай пазіцыі мець дзіця як уласна каштоўнасць без уплыву фактараў звонку, якая назіраецца як у мужчын, так і ў жанчын. Трэцяй прычынай з’яўляецца недастатковасць фізічнай прасторы (23 сям’і з 30 апытаных пражываюць сумесна з бацькамі).

Мужчыны і побытавая сфера

Першай праблемай, якую адзначылі апытаныя бацькі і якую ніякім чынам нельга недаацэньваць, з’яўляецца нераўнамернае размеркаванне хатніх абавязкаў, дзе асноўная роля ў большасці выпадкаў адводзіцца жанчыне. У ходзе праведзенага апытання, было выяўлена, што ў большасці сем’яў пасля з’яўлення дзіця ў жаночай паловы колькасць побытавых абавязкаў павялічылася, што на мужчынах ніякім чынам не адбілася. Больш за тое, мужчынскую палову цалкам задавальняе існы стан рэчаў, з якім, аднак, ня згодная жаночая палова (мал.1).

1 — так, задавальняе

2 — задавальняе ў большай ступені

3 — задавальняе напалову

4 — задавальняе ў меншай ступені

5 — не, не задавальняе

Малюнак 1. Адказы рэспандэнтаў і рэспандэнтак на пытанне: “Вас задавальняе ступень удзелу Вашага мужа (Вашай жонкі) у побытавых пытаннях?”

З пункту гледжання тэорыі сацыяльнага канструктывізму, якая вывучае працэсы канструявання сацыяльнай рэальнасці з дапамогай навучэння, усё цалкам вытлумачальна. На жанчыну першапачаткова накладваецца адказнасць за бясплатную працу, якая адносіцца да побытавай сферы і сферы выхавання дзяцей. Мужчына ж лічыцца адказным за матэрыяльны даход сям’і і павінен быць адбыцца як прафесіянал. Але на сучасным этапе развіцця грамадства, жанчына з’яўляецца такой жа ўдзельніцай у працоўнай сферы, як і мужчына, і яе даход таксама істотны для сям’і, як і мужчынскі. Але нагрузка ў побытавай сферы і сферы выхавання дзяцей да гэтага часу не ўваходзіць у сферу мужчынскай адказнасці. Адпаведна, гэта вядзе да таго, што жанчына перагружаецца, і ўсведамленне гэтага патрабуе ўдзелу мужчын у тых працэсах, якія прынята лічыць спрадвечна жаночымі (але якія не з’яўляюцца такімі, а ўсяго толькі маркіраваныя культурай як жаночыя).

Уласна пра гатоўнасць

З’яўленне дзіцяці ў сям’і кардынальным чынам мяняе ўзаемаадносіны паміж членамі сям’і. Тут важным з’яўляецца і тое, што жаночы арганізм перажывае істотныя змены і не заўсёды гэта ўлічваецца належным чынам. Таксама асаблівае значэнне мае тое, што дзіця патрабуе істотных выдаткаў, звязаных як з матэрыяльным складнікам, так і з іншымі аспектамі, дзе неабходна ўкласці дастаткова намаганняў і часу. І ня варта забываць, што жанчына вымушаная хаця б на некаторы час кардынальна змяніць свой лад жыцця.

Па выніках праведзенага апытання атрымалася так, што большасць жанчын лічаць, што да нараджэння дзіцяці ў іх сям’і гатовыя былі толькі яны самі (мал. 2).

1 — так, нашая сям’я была гатовая да з’яўлення дзіцяці

2 — была гатовая ў большай ступені

3 — была гатовая напалову

4 — была гатовая ў меншай ступені

5 — не, нашая сям’я не была гатовая да з’яўлення дзіцяці

6 — была гатовая толькі я (быў гатовы толькі я)

7 — быў гатовы толькі мой муж (была гатовая толькі мая жонка)

Малюнак 2. Адказы рэспандэнтаў і рэспандэнтак на пытанне: “Як Вы лічыце, Ваша сям’я была гатовая да таго, каб у ёй з’явілася дзіця?”

Падобнае меркаванне жанчын можа быць звязанае, як, па-першае, з тым, што жанчыны больш набліжаныя да дзіцяці і фізічна, і сацыяльна, бо ў шараговай беларускай сям’і мужчыны ў дадзеным працэсе прымаюць удзел вельмі рэдка. Так, па-другое, і з тым, што жанчына, якая мае дзіця, ня можа, як гэта адзначалася вышэй, дыскрэдытаваць сваю жаночую сутнасць у вачах грамадства і прызнаць, што яна не была гатовая да дзіцяці.

На фоне гэтага цікава тое, якім чынам адносяцца жанчыны і мужчыны да ўдзелу другога з бацькоў у выхаванні іх дзіцяці (мал. 3).

1 — так, задавальняе

2 — задавальняе ў большай ступені

3 — задавальняе напалову

4 — задавальняе ў меншай ступені

5 — не, не задавальняе

6 — цяжка адказаць

Малюнак 3. Адказы рэспандэнтаў і рэспандэнтак на пытанне: “На Вашу думку, Ваш муж (Вашая жонка) удзяляюць дастаткова часу Вашаму дзіцяці?”

Падобнае размеркаванне адказаў, пры якім ні жанчыны, ні мужчыны ў цэлым не задаволеныя удзелам сваіх жонак або мужоў у выхаванні дзяцей, сведчыць пра тую ж негатовасць да эфектаў і наступстваў, звязаных з ўключэннем у жыццё сям’і трэцяга чалавека.

Адносіны ў сям’і пасля з’яўлення дзіцяці

Утварэнне сям’і, нараджэнне дзяцей грунтуецца на культурных устаноўках і нормах, якія зусім ня ўлічваюць асаблівасці асобы і варыятыўнасць выбару. Таму ня дзіўнымі з’яўляюцца вынікі, атрыманыя ў ходзе праведзенага апытання, дзе большасць мужчын і жанчын лічаць, што адносіны ў сям’і змяніліся ў горшы бок (мал. 4).

1 — змяніліся ў лепшы бок

2 — не змяніліся

3 — змяніліся ў горшы бок

4 — цяжка адказаць

Малюнак 4. Адказы рэспандэнтаў і рэспандэнтак на пытанне: “Як змяніліся ўзаемаадносіны з жонкай (мужам) пасля нараджэння дзіцяці?”

Не спрабуючы звязаць усе сямейныя праблемы са з’яўленнем у сям’і дзіцяці, можна таксама казаць пра тое, што асноўнай праблемай адносінаў у сям’і з’яўляецца тая акалічнасць, што да моманту нараджэння дзіцяці належным чынам не наладжаны дыялог паміж мужам і жонкай. Гэта значыць, не агавораныя дэталі іх сумеснай жыццядзейнасці, у тым ліку не размеркаваныя сямейныя і побытавыя абавязкі паміж мужам і жонкай так, як гэта задавальняла б абодвух. Іншымі словамі, нараджэнне дзіцяці адбываецца да таго моманту, як адносіны паміж мужчынам і жанчынай становяцца дастаткова стабільнымі, даверлівымі і раўнапраўнымі.

***
Такім чынам, можна колькі заўгодна абясцэньваць значнасць гендэрных даследаванняў і ня ставіцца да іх з поўнай сур’ёзнасцю, але тыя факты, якія патрабуюць крытычнага аналізу існуючых пола-ролевых канцэпцыяў і поглядаў, пэўна маюць месца. І гэтыя факты, калі казаць зусім простай мовай, так ці інакш звязаныя з вялікай колькасцю нешчаслівых людзей вакол нас. І жанчыны, і мужчыны, і дзеці, так ці інакш сутыкаюцца з тым, што завецца паняццем «норма», якая ў выніку не працуе.