Назіраю за адной цікавай з’явай. І думаю: чаго людзям не хапае? З’ява гэтая – новая брэжнеўшчына, юбілеяманія.

Раней як было? Працуючы ў “Літаратуры і мастацтве”, мы цвёрда ведалі, што публічна адзначаюцца 50-годдзе, 60-годдзе, 70-годдзе з дня нараджэння чалавека, а потым – кожная “пяцёрка”. З апарату Саюза пісьменнікаў да такіх угодкаў мы атрымлівалі тэксты віншаванняў. Пра найбольш выдатных пісьменнікаў, чый уклад у літаратуру, чыя грамадская дзейнасць не выклікалі спрэчак і сумненняў, мы прасілі каго-небудзь – у дадатак да афіцыйнага віншаванння – напісаць прынагодны тэкст, а нярэдка бывала і так, што пісьменнік сам прыносіў у рэдакцыю слова пра свайго калегу. Што ж тычыла самых выдатных, дык ім адводзілі ў газеце і цэлыя палосы.

Так было. Але часы і норавы мяняюцца. Раней нікому ў галаву не прыходзіла публічна адзначаць 55-годдзе і 65-годдзе з дня нараджэння пісьменніка ці грамадскага дзеяча. Гэта былі сямейна-сяброўскія ўгодкі. Але вось ужо колькі гадоў я назіраю, як на газетных палосах і ў сеціве з’яўляюцца матэрыялы, прысвечаныя 55-гадовым і 65-гадовым “юбілярам”. Ды што там! На сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў ужо з’явіліся віншаванні з нагоды і 45-годдзя, і нават 40-годдзя. Пішу “нават” таму, што ў праваслаўна-уніяцкай традыцыі гэтая лічба, 40, выклікала і цяпер выклікае асацыяцыі з саракавінамі.

Інакш, як новай брэжнеўшчынай, я гэтую новую моду не называю, хоць чарнаброваму генсеку ладзілі штогадовыя “юбілеі” ўсё ж пасля сямідзесяці.

Строячы кепікі з усіх гэтых 40-годдзяў і “пяцігодак”, я цешыў сябе думкаю, што мяне новая мода не закране. І пралічыўся. Першага сакавіка спадобіўся і я трапіць у лік юбілеяманаў. Уславілі мяне сайтах БСДП і «Нашай Нівы».

Ведама, я дзякую ўсім, хто павіншаваў мяне з днём нараджэння. І ўсё ж… Для мяне дзень нараджэння – не свята. У гэтым сэнсе я патрыярхальны чалавек, бо і нашы дзяды-прадзеды не адзначалі дні нараджэння. Нават у адукаваным класе, як помніцца, у нас, у Заходняй Беларусі, колісь адзначалі не дзень нараджэння, а імяніны – дзень анёла, святога патрона. Дый што такое дзень нараджэння для немаладога чалавека, як не чарговая вестка пра тое, што ты ўсё бліжэй і бліжэй да магілы? Як кажуць у нашых Малкавічах, усё бліжэй і бліжэй да Красуні (Красунь – урочышча, дзе знаходзяцца могілкі).

Учора я (нават рэзка, за што прашу прабачэння) выказаў таварышам па партыі, што думаю пра юбілеяманію. Разумею, што
добрымі намерамі кіраваліся і нашаніўцы, але ўсё ж варт было б папытаць у мяне, ці хачу я тае брэжнеўшчыны.

Трэба быць сціплейшымі, шаноўныя таварышы, сябры і калегі.