На адным з заняткаў школы маладога журналіста нам было абвешчана, што ў сакавіку да нас прыедзе вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. І адразу папярэдзілі: госць размаўляе толькі па-беларуску. Хатнім заданнем было падрыхтаваць пытанні на беларускай мове.

Цэлы тыдзень перад сустрэчай я рыхтавалася: чытала біяграфію, некаторыя творы літаратара. Увогуле, зрабіла ўсё, як вучылі нас нашы трэнеры на занятках па інтэрв’ю. Прызнаюся шчыра, раней мне ніколі не даводзілася весці гутарку з такой вядомай асобай.

І вось мы чакаем прыезду нашага госця. Крэслы расстаўлены, ручкі і нататнікі падрыхтаваныя, батарэйкі ў дыктафонах і фотаапаратах праверылі некалькі разоў. Прэс-канферэнцыя — гэта вам не жарты! Усе хвалююцца, нават не хаваючы гэтага.
За шклянымі дзвярыма паказваецца сілуэт, і мы здагадваемся, што гэта і ёсць наш сталічны госць — пісьменнік Уладзімір Арлоў.
…Запомнілася, як наш суразмоўца прызнаўся, што калісьці ён пісаў свае творы «у суаўтарстве з чырвоным віном». Але, па сцвярджэнні самога Арлова, гэтыя часы даўно ў мінулым.

«Не рэкамендую», — сказаў Арлоў, мабыць, падводзячы вынiк адказу на небяспечнае пытанне пра крыніцы натхнення. Выдатны быў бы загаловак: «Уладзімір Арлоў:«Мой суаўтар — чырвонае віно»…
Асабліва мяне ўразіў адказ на пытанне «Чаму нам, беларусам, патрэбна ведаць сваю гісторыю?».

Пісьменнік прывёў прыклад, як ягоны знаёмы назваў сына Сашам у гонар Суворава.

— Я яму спрабаваў тлумачыць, хто такі Сувораў. Гэта, безумоўна,  выдатны расійскі палкаводзец. Але для нас ён акупант, кіраўнік карнікаў, якія душылі паўстанне Тадэвуша Касцюшкі…

Адно з правілаў для атрымання добрага інтэрв’ю – быць уважлівым да дэталяў. На працягу ўсёй прэс-канферэнцыі, уважліва слухаючы адказы на пытанні, я назірала за дзеяннямі госця. Вось ён у энны раз папраўляе прадметы на стале, выбудоўваючы іх пад нябачную лінейку, а вось час ад часу глядзіць на гадзіннік…

Адказваючы на нашыя пытанні, ён некалькі разоў згадвае свае творы. Назвы я пазначаю сабе ў нататнік. Напрыклад, кніга «Ордэн Белай Мышы», якая складаецца з некалькіх аповесцяў і апавяданняў. У адным з іх маю цёзку Машу з’елі мядзведзі. Трохі дзіўны аповед, але прачытаць трэба абавязкова. Буду ведаць, што рабіць, каб мяне не з’елі мядзведзі. Увогуле, цікава было б пазнаёміцца з яго творчасцю бліжэй.

На здзіўленне, час бяжыць імкліва. Мы не паспяваем задаць усе падрыхтаваныя пытанні. Што ўжо казаць пра пытанні, якія з’явіліся падчас прэс-канферэнцыі!

Пасля сыходу нашага госця дзелімся адзін з адным сваімі ўражаннямі. Усе сышліся на тым, што было цікава. Але некаму падалося, што Уладзіміру Арлову нешта перашкодзіла да канца быць з намі адкрытым і шчырым. Можа, з-за таго, што спяшаўся з’ехаць дадому, дзе потым святкаваў у сямейным коле Міжнародны дзень пісьменніка?

Марыя Патрыкава, школа маладога журналіста пры газеце «Кур’ер»