На Усясветным Кангрэсе рускай прэсы Аляксандар Лукашэнка выступіў з заявай наконт мовы. Ён заявіў, што не падзяляе думкі радыкалаў-нацыяналістаў і лічыць, што для яго і для беларусаў расійская мова не чужая, а родная.

Лукашэнка заявіў, што на яго абрынуўся град абвінавачванняў за словы пра тое, што “для беларуса руская мова не чужая, а родная, гэта агульны набытак і рускіх, і ўкраінцаў, і беларусаў». «Я і сёння цвёрда прытрымліваюся такой жа пазіцыі. Руская мова стварыла вялікую рускую культуру, якая таксама з’яўляецца здабыткам многіх народаў і да якой, калі браць паняцце рускай культуры і рускай цывілізацыі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова, адносімся ўсе мы»,- заявіў Лукашэнка ў часе свайго выступу ў Менску на кангрэсе рускай прэсы. Кіраўнік дзяржавы лічыць правільным крокам наданне расійскай мове статусу дзяржаўнай, бо «гэта агульны здабытак усіх народаў, якія калісьці стваралі нашу адзіную Айчыну, і ня толькі яе». Паводле Лукашэнкі, расійская мова ў Беларусі стала нечым цалкам натуральным. Апроч таго склася такая сітуацыя, што паралельна існуюць і ўжываюцца дзве мовы і ніхто нікога не папракае і не пераследуе за тое, што карыстаецца не той мовай. Лукашэнка дадаў, што «дасягненні рускай цывілізацыі «пакладзены намі ў аснову нашай дзяржаўнасці і таго, што прынята называць беларускай мадэллю развіцця».

На гэтую заяву вельмі трапна адрэагаваў Павал Севяранец. Ён лічыць, што Беларусь аніяк не належыць да расійскай цывілізацыі, і гэта расійская мова і культура ўзбагацілася, дзякуючы беларусам часоў Вялікага Княства Літоўскага. Севяранец згадвае некалькі гістарычных фактаў. Францыск Скарына надрукаваў сваю Біблію на 50 гадоў раней чым Фёдараў і Мсціславец. Калі ў Беларусі існавала 150 друкарняў, то у Расіі — ўсяго дзве. У свой час старабеларуская мова была больш развітая, распрацаваная і перадавая за расійскую. Расія павінна быць удзячная Беларусі за тое, што яна цягам стагоддзяў культурна і духоўна адукоўвала Расію, якая даўжэйшы час заставалася «дзікім Усходам».

Я ніколі не даследаваў моўных пытанняў у гістарычным аспекце. Я думаю, што гэта заданне для адмыслоўцаў і напэўна многае ўжо даследванае і апісанае. Я толькі канстатую сумны факт, што расійская мова замацавалася ў Беларусі. На ёй размаўляе абсалютная большасць беларусаў. Сталася так найперш у выніку гістарычнага лёсу Беларусі. Яна працяглы час уваходзіла ў склад расійскай імперыі, затым у склад Савецкага Саюзу, калі дзяржаўнай мовай, альбо мовай міжнацыянальных зносінаў была расійская. Атрымаўшы незалежнасць, беларуская дзяржава мела ўнікальны шанец адрадзіць нацыянальную мову, якая была маргіналізаванай, але не знікла. Можна было пайсці за прыкладам суседняй Літвы і паставіць націск на беларусізацыю. Аднак дзяржава не паклапацілася пра сваю мову, не спрыяла яе пашырэнню. Наадварот. Пасля прыходу да ўлады шляхам рэферэндуму, Лукашэнка надаў расійскай мове статус другой дзяржаўнай, чаго для прыкладу не зрабіла Украіна. Цяпер, яна для большасці беларусаў сапраўды першая і родная, але гэта ненармальная з’ява. Магчыма некалі ў Беларусі пойдзе адваротны працэс, наступіць адмаўленне ад расійскай мовы на афіцыйным роўні, але пераўтварыць беларускую мову ў першую і галоўную з кожным годам будзе цяжэй. Упушчаны момант, і адрадзіць беларускую мову будзе усё цяжэй.