Славуты беларускі лёзунг – “галоўнае каб ня было вайны” апошнім часам можа страціць актуальнасьць. Віною таму афрыканская чума.

Гэтая вайна ўжо пад стрэхамі беларускай вёскі. Сёлетняе выразаньне сьвіней нагадвае дзеяньні фашыстоўскіх карнікаў – у вёску ўяджае тэхніка з вэтэрынарамі і падсобнымі рабочымі. Адміністрацыя са старастай абдыходзіць усе хаты з тлумачэньнямі й запалохваньнем. Толькі замест партызанаў шукаюць сьвіней.

Пасьля вэтэрынары ідуць у хляўчук і пад енкі гаспадынь ды сьлязу гаспадара, выцягваюць на надворак парсюкоў. Пасьля сьмяротнага ўколу, тушу падымае коўш пагрузчыка і выкідае ў кузаў самасвала. І вязуць пасьля мёртвых жывёлаў ў свой сьвінячы Асьвенцым.

Зрэшты сьвіней можне і не параўноваць зь людзьмі, гэтыя жывёлы таксама цярпелі ў апошнюю вайну. На іх былі ласыя і немцы, і паліцаі, і партызаны. Памятаю мая бабуля расказвала, як зь дзедам хавалі двух парсюкоў у лесе, у адмыслова выкапанай яме недалёка ад хутара. Хавалі ад усіх. Бо са сьвінямі й ў той час доўга не чыкаліся – кулю ў галаву, на падводу і павезьлі – ці ў лес, ці ў камендатуру. Падобны сюжэт маецца і ў “Знаку бяды” Васіля Быкава. Памятаеце, як Сьцепаніда ратавала ў лесе парсючка? Хаця калі дапякло вымяняла на яго бомбу.

Тая, народная, методыка перахоўваньня дабра ды гаспадаркі ад бяды й вайны сёньня таксама да нас вяртаецца. На днях мой сябра расказаў, што пад час падарожжа па раёну знайшоў сярод леса былы хутар, ад якога застаўся больш-меньш ў нармальным стане толькі хлеў. Дык вось на дзьвярх той забудовы вісеў замок, а за сьценкаю рохкалі сьвіні. Ніводнай жывой душы побач ня было, але сябрук адчуў, як працяў яго аднекуль варожы позірк. Таму ён ледзь ня бегма сыйшоў падалей ад той адрыны.

Сваё бароняць рознымі сродкамі. Калі на Баранаўшчыне людзі быццам бы моўчкі падпарадкаваліся ўладам, спрабуючы проста прыхаваць сваіх парсюкоў, то суседні Бярозаўскі раён ўзьняўся і выбіў адтэрміноўку. У іх сьвінкі яшчэ пажывуць на легальным становішчы да канца году.

Зрэшты зьнішчэньне сьвіней, як клясы ня так і моцна адаб’ецца на нашых спажыўцах сьвініны.Шкварка будзе ў беларуса, а вось па эканоміцы краіны афрыканская чума ўваліць добра. Справа ў тым, што лепшае мяса ўжо даўно і трывала экспартуецца дзяржавай на ўсход. Нашы ж мясакамбінаты перапрацоўваюць выбракоўку ці тыя паўтушкі, што ня маюць эстэтычнага выгляду — тое, што “старэйшаму сябру” мытнага зьвязу ня трэба. (Выключэньнез гэтага правіла – свінакомплексы, якія трымаюць сваю перапрацоўку – рэзьніцкія і кілбасныя цэха).

Ужо шмат год нашая сьвінінка едзе на усход , а да нас вязуць больш танную польскую. Вось зь яе часьцей за ўсё і выраблена нашая кілбаса.

А вось смак свойскай пальцампханай кілбаскі мы на жаль мусім будзем забыцца.