Я ўспамінаю дзяцінства. Памятаю сябе прыкладна з таго часу, як у нас па горадзе сталі хадзіць БНФ-аўцы са сцягамі. Тады чыстая беларуская мова была чымсьці надзвычайным, а вось трасянка ўспрымалася зусім натуральна. Многія рэчы ўжо ў падлеткавым узросце даведаўся, як называюцца «правільна». Уяўляеце, толькі сёння я даведаўся, што «карапкоўкі» па-расійску — «ранет» (такога слова я ніколі не чуў). Гэта чыста наша, Віцебскае, слова — карапкоўка. Яго не разумеюць нават іншыя т. зв. беларускамоўныя (і я не ўпэўнены, што яго зразумеюць «новыя» віцьбічы). Знайсці гэта слова мне ўдалося толькі ў Віцебскім краёвым слоўніку. А вось у інтэрнеце няма ніводнай найменшай згадкі. Так паміраюць словы. Так паміраюць мовы.

Мне ўсё больш здаецца, што мова памерла дзесьці там, на рубяжы 90-х. Тыя словы, якія ў дзяцінстве выляталі самі, і нават не ведаў, як яны па-іншаму завуцца, цяпер іх даводзіцца ўспамінаць. З кожным годам рабіць гэта ўсё складаней. Забываюцца самі мадэлі маўлення. Калі раней я ведаў, што «парэчкі» — гэта «парэчкі» (таму што так усе казалі), цяпер у галаву спярша лезе «правільнае» слова.

Праблема ў адсутнасці асяроддзя, у тым, што ўсе мы, прайшоўшы цераз русіфікацыйную школу, навучыліся гаварыць «правільна», і тым самым ацураліся свайго, роднага. Тыя мальцы, якія раней гаварылі «парэчкамі» і «буракамі», цяпер ездзяць на сур’ёзных аўтамабілях і «разговаривают чисто и правильно». «С большего», але ў цэлым…

І я ўсё больш і больш задумваюся. Я абсалютна не чытаю нічога па-расійску. А адкуль у мяне ў галаве бяруцца гэтыя расійскія мадэлі? Яны паўзуць да нас з беларускіх-жа выданняў, пісаных малаграматнымі журналістамі. І яны ўсё менш і менш саромяцца сваёй няграматнасці. Сёння ў адной з беларускамоўных газет я прачытаў, што хтосьці там «лёгка аддзелаўся». Людзі, скажыце мне, што гэта? Па-мойму, русіфікацыя зайшла занадта далёка. І калі хтосьці спадзяецца, што кнігі і інтэрнет уратуюць беларускую мову, у мяне для яго кепская навіна.

Самі словы не значаць нічога, забываецца сам лад мовы. І ўздзейнічае на маўленчыя здольнасці мова асяроддзя. Для мяне гэта галандская, англійская мовы. Я надоечы ўсю дарогу дадому думаў, як выразіць it discourages me па-беларуску. Так і не прыдумаў, пакуль не даехаў да «пашкевіч», што бязвылазна ляжыць у мяне на працоўным стале. Для журналістаў у Беларусі, відавочна, гэткі-ж затык становіць мова расійская, калі апрача «аддзелацца» ужо нічога не можаш прыдумаць.

Дык можа мы перастанем хлусіць сабе, што мы адраджаем мову? Можа, варта ўрэшце прызнаць, што мы забываем мову?

Я яшчэ чуў натуральную трасянку, сапраўдны беларускі акцэнт, чуў мову вельмі набліжаную да літаратурнай беларускай ад жывых носьбітаў. Я ўсё яшчэ магу аднавіць своеасаблівую танальнасць, пабудову сказаў. А што адновяць сённяшнія школьнікі, хай сабе і беларускамоўных гімназій? Да іх беларуская мова ўжо не дайшла жыўцом, яна дайшла як эрзац, пародыя, накінутая ім часта малапісьменнымі нібыта беларускамоўнымі бацькамі, у якіх за аўтарытэтаў ходзяць Арлоў і Гло(ё)бус. І я не ўпэўнены, што я хачу, каб гэта пудзіла множылася.