Гэтыя радкі пішуцца тады, калі на Украіне ўсё больш разгараюцца палітычныя жарсці і сітуацыя становіцца яшчэ больш напружанай. Краіна гэтая стаіць на парозе сапраўднай грамадзянскай вайны альбо аднабаковай бойні, калі ўлада брутальнай сілай душыць народны пратэст і падаўляе ўсялякі супраціў. Да гэтага застаўся толькі адзін крок і невядома, што можа выступіць дэтанатарам, а што фактарам стрымання крывавай агрэсіі.

Тое, што адбываецца ў нашай суседняй з поўдня краіне зараз, можна было прадказваць яшчэ чатыры гады таму, калі ў 2010-ым Украіна абірала свайго новага прэзідэнта. У тым годзе гэтая краіна зрабіла страшную фатальную памылку – новым прэзідэнтам яшчэ ў дэмакратычных выбарах быў абраны Віктар Януковіч, маральнае аблічча і сутнасць якога былі відавочныя. У той выбарчай кампаніі мне давялося дастатковы час быць на Украіне, у Ровенскай вобласці, і назіраць за абодвума турамі выбарчага працэсу. У параўнанні з нашай Беларусcю мяне тады прыемна ўразіла нацыянальная сведамасць жыхароў Украіны, а з іншага боку непрыемна здзівіла, а месцамі нават шакавала, палітычная няспеласць мясцовага люду. Вылілася апошняя ў тое, што выбралі лідарам дзяржавы чалавека, паводзіны і палітыка якога былі відавочныя і зараз прывялі да такога крызісу і грамадзянскага расколу. Кроў забітых зараз у Кіеве і на руках тых, хто тады кідаў выбарчыя бюлетэні за Януковіча.

Украіна расплачваецца зараз за свой страшны грэх. За тое, што яна не скарысталася заваёвамі мірнай, аксамітнай “аранжавай” рэвалюцыі. Гэта быў унікальны шанец пазбавіцца савецкага мінулага, пакончыць з аўтарытарнай уладай, з заганнымі метастазамі карупцыі і хабарніцтва. Цярпення хапіла толькі на адну прэзідэнцкую кадэнцыю. Я разумею, што людзям маглі не падабацца Віктар Юшчанка ці Юлія Цімашэнка, дапускаю, што гэтыя кіраўнікі нарабілі шмат памылковага і нават кепскага, але я не мог ніяк зразумець і не разумею дагэтуль, як людзі маглі галасаваць за такую асобу як Януковіч! Ну не хацелі яны больш Юшчанку ці Цімашэнку, але ж была і процьма іншых кандыдатаў – Арсень Яцанюк, Алег Цягнібок, куча нейкіх левых сацыялістаў, цэнтрыстаў… Словам – выбар, каштоўнасць якога ўкраінцы ацаніць не змаглі. Нават у той жа Ровенскай вобласці, дзе мне давялося назіраць за галасаваннем, нягледзячы на вялікую перавагу Цімашэнкі, значная частка электарату аддала свае галасы за таго, хто ўзяў курс “назад у СССР”. У гэтым і выявілася палітычная няспеласць украінскага народу. Я ўпэўнены, што беларускае грамадства, дапусціўшы свой ракавы агульны выбар у 1994-ым годзе, такога ўжо б не зрабіла. Толькі ў беларусаў даўно ўжо няма права на выбар. Іх галасы ніхто не лічыць. Гісторыя не даруе народам фатальнага выбару зла. Непазбежна наступае пара жорсткай расплаты. Зараз чарга дайшла да Украіны.

Калі аналізаваць і прагназаваць сітуацыю, то цяжка прадбачыць пазітыўны сцэнар развіцця падзей. Найверагодней кліка Януковіча ўцягне раздробленую апазіцыю ў доўгі працэс перамоваў, якія наўрад ці дадуць шанцы і дывідэнды дэмакратычнай кааліцыі. Датэрміновыя прэзідэнцкія выбары правесці цяпер не ўдасца. Калі ж у грамадстве знойдуцца радыкальныя сілы супраціву, народнае паўстанне можа быць жорстка задушана, рэпрэсіўныя дзеянні паскорацца, можа быць шмат ахвяраў. Але найбольш верагодная паўзучая рэакцыя, за гады свайго кіравання Януковіч стварыў механізмы рэпрэсій і падаўлення іншадумства, для гэтага ён паслядоўна ўмацоўваў сілавыя структуры і падводзіў “пад сябе” заканадаўчую сістэму. Яго тактыка апошнія два месяцы была простай – браць Майдан на зморанасць, рыхтаваць падаўленне і афармляць гэта ў рамках створанай уладай нібыта законнасці. За плячыма ў яго таксама і паслядоўны ў сваёй імперскай палітыцы “рускі брат”. А вось Еўразвяз прадказальна ўмешвацца ў сітуацыю не будзе, абмежаваўшыся роляй пасіўнага назіральніка.

Цяжкі час прыйшоў для Украіны…