Адзін з найвялікшых памылковых мітаў пра Менск гэта тое, што ягонае аблічча й дух нібы перадвызначылі вяскоўцы, якія «панаехалі» ў горад. Гэта абсалютна ня так! Гэта адна з найвялікшых аблудаў, што дзесяцігодзьдзямі прышчаплялася ў нашую сьвядомасьць. 

Каб вяскоўцы і насамрэч апанавалі бы Менскам, то тут жылі бы іхныя звычаі, мова, песьні, кухня, традыцыі бясспрэчнай павагі да старэйшых і глыбокай шчырай пашаны перад адукацыяй. Я сам яшчэ памятаю, як гадоў 30-35 таму ў вёсцы здымалі брылі перад настаўнікамі ды бібліятэкарамі. Былі бы й кветкі пад вокнамі дамоў, рыхтык як вясковых палісадніках — салюты пярэстых зорак з вяргіняў ды астраў. Вёска апанавала па вайне Вільню, Прагу, Тбілісі ды многі іншыя сталіцы, зрабіўшы іх цэнтрамі сваёй нацыянальнай мадэрнай культуры. У Менску гэтага не адбылося!Вобраз і мэнталітэт Менска таксама не перадвызначыў пралетарыят, са сваімі традыцыямі калектывізму ды салідарнасьці, не інтэлігенцыя, творчая багема ці навукоўцы), натуральна, не духавнства, як у Рыме ці Ерусаліме)))…

Менскі дух вызначае, як і сто гадоў таму, начальства, пэнсійнага або перадпэнсійнага веку. Яшчэ з канца 1930-х гадоў у Менск яно пачало сьцякацца з розных канцоў СССР. А па вайне адстаўныя вайскоўцы і энкэвэдысты, савецкая і камуністычная намэнклятура інтэнсіўна пачала засвойваць гэтую тэрыторыю.

Прыкладна да 1970 году, калі ўжо Менск амаль на траціну складаўся з прыбышоў зь іншых рэспублікаў, панаваньне рознакалібернага начальства стала тут непадзельным. Яны атрымалі поўную манаполію на ідэалёгію. Гэта пад іх густы і ўяўленьні фармавалася сталіца БССР і зацьвікоўваліся многія штучныя міты, выціралася гістарычная праўда і ствараўся ненатуральны ідэйны фон. І дасёньня жывуць хлусьлівыя стэрэатыпы пра «захалуснасьць» Менска да 1917, пра «поўнае зьнішчэньне» гораду да 1944, трывае табу на тэмы падзеяў Першай сусьветнай вайны, масавых камуністычных рэпрэсіяў і іх маштабаў, пра Галакост у Менску, пра зьнішчэньне па вайне тузіна могілак, на якіх цяпер стаяць дамы і двары…

Пасьля, з 1980-х, Менск стаў ідэальным месцам ужо для самой рэспубліканскай намэклятуры, вабласной і раённай, іх Ерусалімам. Пасьля начальства пачало ўжо рэпрадукаваць само сябе, расьці ў гэамэтрычнай прагрэсіі, стварыўшы магутны пляст насельніцтва Менска, што вызначаецца сваёй безаблічнасьцю, ананімнасьцю і скрайнім кансэрватызмам, нецярпімасьцю і агрэсіўнасьцю. Выкрыцьцё савецкіх мітаў і рэканструкцыя тутэйшае ідэнтычнасьці, прывядзе да эрозіі ўсёй іх ідэалёгіі, запачаткаванай у 1930-50-я гады, пазбавіць сэнсу іхныя біяграфіі… Напрыклад, біяграфіі прапагандыстаў-атэістаў ці гісторыкаў КПСС. А хто пагадзіцца назваць сваё жыцьцё безсэнсоўным? А непрымірымасьць тут менавіта й вынікае з падсьвядомага разуменьня таго, што так яно і ёсьць…