Сярод алімпійскіх жарсцяў з іх бітвай за медалі і забароны экспарту карункавай ніжняй бялізны асаблівай тэмай нашай інфармацыйнай прасторы мінулага тыдня сталася эскапада амбасадара Ізраіля ў Беларусі Іосіфа Шагала.

У інтэрв’ю тэлеканалу RTVI, так папулярнаму сярод беларускай інтэлігенцыі (бо прыстойнаму чалавеку сярод агульнадаступных тэлеканалаў праз кабельную сетку і паглядзець няма чаго болей!) гэты суб’ект наўпрост ляпнуў, што ў Беларусі няма ніякіх палітычных зняволеных. Маўляў, тыя, хто зараз за кратамі і каго называюць у Беларусі палітычнымі вязьнямі, звычайныя крымінальнікі, больш таго – яны падобныя на палесцінскіх тэрарыстаў і гаварыць тут няма пра што. Сказанае слова за хвост не зловіш. Альбо амбасадар слаба ўяўляў аўдыторыю тэлеканалу альбо канчаткова запісаўся ў апалагеты “стабільна справядлівай сістэмы РБ”. Рэакцыя з боку беларускай грамадзянскай і палітычнай супольнасці не прымусіла доўга чакаць. Найперш натуральна абурыліся былыя палітвязні і сваякі тых, хто пакутуе за кратамі зараз. Некаторыя з іх наўпрост назвалі гэтага адыёзнага дыпламата “мудаком”, на што, безумоўна, мелі поўнае маральнае права. Інтэрнэтная супольнасць таксама выбухнула слоўнымі кулямётнымі чэргамі па афіцыйнай асобе “зямлі абяцанай” з рэдкай для беларусаў нянавісцю. Бурлівыя эмоцыі і зласлівыя каментары інтэрнаўтаў таксама зразумець можна – настолькі сапраўды агідным было выказванне гэтага Шагала.

Але далей іншых пайшлі ў прамым і пераносным сэнсе некалькі беларускіх палітыкаў. Людзі ўсё з імёнамі, пераважна з ліку былых кандыдатаў у прэзідэнты, выправіліся на сустрэчу з гэтым Шагалам. Не іначай паставіць яго на месца, падумалася адразу. Заўсёды ж хочацца верыць у лепшае.

Для тых, хто чуе пра гэтага другога Шагала ў нашай гісторыі ўпершыню, скажу спачатку пра яго асобу. Насамрэч ніякі ён не Шагал, а Восіп Шчогалеў. Пагадзіцеся нешта не зусім адэкватнае ёсць ужо ў гэтым – браць сваім псеўданімам знакамітае чужое імя. Нарадзіўся ў Азербайджане і паспяхова рабіў там савецкую журналісцкую кар’еру. Пакуль сахаравы і шчаранскія змагаліся з несправядлівасцю сістэмы, шчогалевы верна ёй служылі. Потым у 1990-ым Шагал выехаў у Ізраіль. З’яўляецца крэатурай бадай найбольш адыёзнага і скандальнага палітыка Ізраіля Авігдора Лібермана, таксама выхадца з былога СССР, якога цэлы час вінавацяць у карупцыі. Менавіта з чынным удзелам Шчогалева былі паспяхова аформлены азербайджанска-ізраільскія гешэфты. За гэта Шчогалеў-Шагал быў уганараваны азербайджанскім дынастычным узурпатарам Ільхамам Аліевым адмысловым ордэнам, а неўзабаве шэф Ліберман прасунуў яго на пасаду амбасадара ў Беларусі. Ужо першае інтэрв’ю Іосіфа Шагала выразна паказала, якой пазіцыі будзе трымацца новы амбасадар Ізраіля ў Беларусі. Вось бы нашым кіраўнікам апазіцыйных структур тады пайсці да яго і выкласці свае пазіцыі. Але ж прамаўчалі. Ну а зараз, калі ніхто з іх маўчаць ужо не меў ніякага права, скіраваліся ў будынак пад зоркай Давіда. Што ж у выніку – можа яны заклікалі амбасадара неадкладна падаць у адстаўку, можа прымусілі яго скласці свае афіцыйныя прабачэнні? Не туды тое. Фактычна хадакі выступілі ў ролі гэткіх “адбельвальнікаў” нашкодзіўшага Шагала, сталі ратаваць яго рэпутацыю, памагаць “захаваць твар”. Гэты ж Шчогалеў-Шагал сваімі выказваннямі, прычым неаднаразовымі, апусціўся на той ровень, куды прыстойны палітык не мусіць прыніжацца. Заява амбасадара да гэтага не дэзавуяваная, прабачэнні не складзеныя. З каментароў хадакоў мы пачулі дзіцячае лепятанне – маўляў амбасадар будзе “клапаціцца пра дэмакратызацыю Беларусі”.

Да гонару беларускіх апазіцыйных кіраўнікоў, не ўсе яны пайшлі з “чалабітнай”. Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, сам былы палітвязень, заняў прынцыповую пазіцыю. Адназначна цвёрда выказаліся Станіслаў Шушкевіч і палітычны эмігрант Андрэй Саннікаў. Пры ўмове адзінай паслядоўнай пазіцыі і звароту да кіраўніка ўраду Ізраіля Біньяміна Нетаньяху быў шанец дамагчыся нават адстаўкі прыспешніка, але звышталерантныя хадакі ўжо наладзілі з ім “канструктыўны дыялог”.