Вацлаў Ластоўскі амаль ня сто гадоў таму дакараў нашых пісьменьнікаў за аднастайны перапеў адных і тых жа тэмаў і вобразаў. І што? Быццам ў ваду глядзеў — даперапяваліся.


Прычына пршая: Нудоцьце

Невясёлая старонка
Наша Беларусь:
Людзі — Янка ды Сымонка,
Птушкі — дрозд ды гусь.
Янка Купала («Зь песень аб сваёй старонцы»)

Вацлаў Ластоўскі амаль ня сто гадоў таму дакараў нашых пісьменьнікаў за аднастайны перапеў адных і тых жа тэмаў і вобразаў. І што? Быццам ў ваду глядзеў — даперапяваліся. Зараз, калі інфармацыі так шмат, глузды камбінуюць яе пэўнымі блёкамі, падобнае да падобнага, у адну скрыначку — і цэтлік зьверху. А ўсё рэдкае, незвычайнае, адзінкавае й негабарытнае, што ня лезе ў стандартны модуль, выкідаецца са сьвядомасьці. Вось, скажам, Янка ды Сымонка. Дзеля сваёй цікаўнай натуры павыпісвала імёны герояў «вясковай» прозы сярэдзіны мінулага стагодзьдзя: Фэлька, Стасюк, Юлік, Лявон, Андрэй, Рыгор, Зыгмусь, Юрась, Язэп, Мацьвей, Хведар (Тодар), Тарас, Астап, Віктар, Гаронім, Фабіян, Тамаш, Кузьма, Раман, Халімон, Міхал (з варыяцыямі), Барыс, Марцін, Улас, Мікіта, Яўхім, Якуб, Юзік, Антоні, Ксандар, Павал, Пятрусь, Габрусь, Кастусь, Зьмітракі самых розных разводаў… Гэта толькі пра «людзей», а ёсьць жа яшчэ кабеты.

Слабая дынаміка сюжэту, вядомыя калізіі, аднолькавыя імёны — як тут не пераблытаць, не зьляпіць усю літаратуру ў адзін камяк. Ну ці ў некалькі камякоў — паводле часавых пэрыядаў або тэматычных дамінантаў.

Тое, што адбываецца паміж героямі, таксама ўкладаецца ў кампактныя скрынкі. Спакойнае працоўнае жыцьцё вёскі, сямейна-амурныя турботы, потым катаклізм — калектывізацыя ці вайна, раскрыцьцё характараў. Слабая дынаміка сюжэту, вядомыя калізіі, аднолькавыя імёны — як тут не пераблытаць, не зьляпіць усю літаратуру ў адзін камяк. Ну ці ў некалькі камякоў — паводле часавых пэрыядаў або тэматычных дамінантаў. 

Возьмем, да прыкладу, майго ўлюбёнца Лукаша Калюгу. Вельмі самабытны празаік, калярытны — аж зямлёй ды здорам, здаецца, тхне. Самы буйны ягоны твор — аповесьць «Ні госьць ні гаспадар»: герой павучыўся ў мястэчку, вярнуўся на вёску, нудзіцца, ходзіць на маладзёвыя гулянкі, ладзіць суполку, хату-чытальню й тэатар. Шыкоўныя замалёўкі вясковага жыцьця, неацэнныя гастранамічныя ды этнаграфічныя зьвесткі — але дзе, елкі кашлатыя, інтрыга? Дзе, увогуле, дзеяньне? Якую гісторыю хоча распавесьці аўтар?

Ці яшчэ адна зацемка: ёсьць у раньняга Коласа твор «Нёманаў дар». Там два хлопцы ня могуць падзяліць лапік зямлі й дзеўку. Станоўчы герой — Васіль, дзеўка — Ганна. Нічога не нагадвае? 
Альбо вось: у «Соках цаліны» Цішкі Гартнага, першай спробе пралетарскага раману, Зося кахае галоту-Рыгора, а бацькі сілком выдаюць за багацея Васіля — Мележ дый годзе, толькі імёны зьмяніліся. Нават ня ўсе. Між іншым, гераіня «першай спробы беларускага раману» — «Золата» Ядвігіна Ш. — таксама Зося. Ну хто ж тут разьбярэ?

Сюжэтаў можа быць усяго чатыры, як налічыў Борхес. Матываў ды актантаў можа быць лічаная колькасьць, як давялі структуралісты. Нават імёны герояў могуць паўтарацца, прытым у межах аднаго твору, як у Маркеса. Але хоць ты дробным лістом перад чытачамі рассыпся — нудоцьце гэтая вашая беларуская літаратура, дый годзе. Літаратура неталенавітая? Ды быццам бы не зусім каб. Выкладаюць няправільна? Ну дык свае галовы быццам бы ёсьць, каб чытаць і разьбірацца…