“Выданні “ARCHE” едуць па краіне” – nn.by

Артыкул з такім кідкім загалоўкам я прачытаў на сайце “НН” і вырашыў — з “Архэ” сустрэцца неабходна!.. Адпрасіўся з працы і адправіўся праз увесь горад на Усход, шукаць кафэ “Вектар”. Там, калі верыць аб’яве, і павінна была адбыцца “прэзэнтацыя навінак менскага беларускага кнігадруку”. Але, як вядома, “восток – дело тонкое”. Аб гэтым нас яшчэ таварыш Сухаў папярэджваў. Блукаць доўга ў пошуках “знакамітага кафэ” не давялося. Як выявілася, “Вектарам” цяпер называўся, больш-менш даведзены да ладу, вядомы ў раёне “булдыр” – зборышча мясцовых “аматараў пахмяліцца” і адпетых “квашыстаў”. Апошнім часам тут ладзілі вяселлі. На гэты раз “Вектар” таксама сустрэў мяне гасцінна расчыненай брамай, гукамі гармоніка і п’ным вэрхалам. Я патаптаўся некалькі хвілін у нерашучасці. Да запланаванай сустрэчы заставалася хвілін дваццаць. Счакаўшы, усё ж наважыўся запытацца пра сустрэчу ў адміністратаркі. Тая адарыла мяне пагардлівым позіркам і выдала на-гара наступнае: “На сустрэчу з партыяй?.. Дык я і ёсць партыя!..” Сумявацца не выпадала. Вырашыў не звязвацца з “партыяй” і, угнуўшы шыю, накіраваўся да выхаду. “З чорнага ходу заходзь!..” – крыкнула наўздагон адміністратарка і зарагатала. Я абыйшоў па перыметры будынак і, заўважыўшы адчыненыя дзверы з тыльнага боку, увайшоў у памяшканне. Лесвіца прывяла мяне на другі паверх. Па выяве Мілінкевіча на адным з плакатаў зразумеў, што трапіў нарэшце па адрасу. Пяць хвілін на сёмую ў пакой зайшоў малады хлопец і папрасіў за ганаровых гасцей прабачэння, маўляў, затрымліваюцца і будуць не раней чым праз сорак хвілін. Шэсць чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу, сумна ўздыхнулі і моўчкі рушылі да выхаду. Некалькі з іх засталіся чакаць, астатнія накіраваліся па вузкаму праходу ўздоўж сцяны на вуліцу. Я паплёўся следам. Па дарозе ўляпаўся ў свежа спечаную сабачую “купку”. Вылаяўся і падумаў: “Так табе і трэба! Гаварыла табе мама, не бадзяйся, хлопча, па прытонах!..”