Працую і заадно слухаю Трусава на «Свабодзе». Як заўсёды, пачынае складвацца ўражанне, што яшчэ пару дзён – і ўся краіна абеларусіцца.

Галоўнае – агітаваць рускамоўных бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы. А вось навошта, скажыце, калі ласка? У беларускамоўнай групцы, куды ходзіць мая дачка, з 24 дзяцей толькі двое – беларускамоўныя. Таму выхавацелькі з імі размаўляюць па-руску, напэўна, каб не парушаць канстытуцыйныя правы дзяцей. У выніку, «Я сёння ела катлетку і картошку» і г.д.

Самае для мяне незразумелае – некаторых дзяцей аднекуль прывозяць, у сэнсе, яны не пайшлі ў самы бліжэйшы садок, а выбралі менавіта гэты. І – ніякага намагання з боку бацькоў. Ну, адна бабуля, праўда, заўсёды кажа сваёй унучцы: «Іді говорі дапабаченья і пойдем домой».

Вы не падумайце, што я тут толькі скарджуся. Пра гэта і на бацькоўскім сходзе размаўлялі, і асобна з выхавацелькамі. Усе пагаджаюцца са мной, але нічога не змяняецца. І я не ведаю, як гэта магчыма змяніць.

Іншая справа, калі б усе беларускамоўныя сем’і аддавалі сваіх дзяцей у гэты садок. Аднак гэта немагчыма.