Едучы з сястрой Валяй і яе мужам Віцем у Крапіўнікі на пахаванне цёткі Манькі, успамінаў сябе малога і маладых цётак і дзядзек, якіх у мяне было шмат.

Першым памёр дзядзька Ваня (1926—1996), потым памерла цётка Надзя (1922—2002), следам— дзядзька Пашка (1928—2003), а цяпер— цётка Манька (19.08.1918—9.11.2011). Цётка Шурка (1924) жыве ў Татарах, там жа— цётка Аля (1939), а ў Лягезах— дзядзька Віця (1933)…

Каля Салаўёў павярнулі на дарогу, якая вядзе ў Крапіўнікі. Праехалі метраў трыста і дарога скончылася. Наперадзе поле парослае быльнягом… 

У Яршэвічах каля дарогі царква, як сірата…

Ля хаты цёткі Манькі сваякі і аднавяскоўцы. Не адразу ўсіх пазнаю…

Дочкі цёткі Манькі Аня і Валя ў слязах і ў клопатах…

Усе пытаюцца, як там наша мама, як бацька…

У хаце поўна людзей. Кветкі, вянкі. Цётка Манька ў труне, як у чаўне, у якога ўжо ніколі не будзе вёслаў…

Пеўчыя спяваюць. Гарыць свечка і плача…

На пахаванне прыйшоў старшыня Яршэвіцкага сельсавета Уладзімір Пашкевіч. Я з ім знаёмы з таго часу, калі ён у 80-тыя гады працаваў у раёнцы. Валодзя прынёс пасведчанне аб смерці і, гледзячы на крыж, на якім напісана “Ліхтаровіч Марыя Міхайлаўна (19.08.1918—9.11.2011)”, сказаў: “Па пашпарце цётцы Марыі 103 гады…” 

З Ракава прыехаў святар. І ўсе за ім пайшлі ў хату, як за Ноем у каўчэг…

Кіламетры паўтары па вёсцы да крыжа неслі цётку Маньку і вянкі. Я ішоў з цёткай Лёдзяй. Яна нядаўна адзначыла 75. Пасля смерці дзядзькі Вані ўжо амаль 16 гадоў жыве адна…

Спыніліся каля крыжа. І засвяціла сонца…

Яршэвіцкія могілкі параслі лесам. А мне яны помняцца адкрытымі вятрам і небу…

Далакопы грэліся каля вогнішча, як інквізітары…

Пахавалі цётку Маньку каля мужа Уладзіміра, які пражыў 51 год і памёр у 1961 годзе…

“Смерць бярэ паравых, а не гадавых…” — сказала старая другой старой, якая, пасля таго, як пахавалі цётку Маньку, выдыхнула: “Я тут самая старая і наступнай памру я…”

За памінальны стол па наказу цёткі Манькі паклікалі ўсіх аднавяскоўцаў. У Крапіўніках засталося 17 жыхароў…

За 10 месяцаў гэтага года ў Яршэвіцкім сельсавеце памерла 43 чалавекі, а нарадзілася 5…

Цётка Манька за дзядзьку Валодзю выйшла замуж на самым пачатку вайны. Вяселле разагналі немцы з паліцаямі…

Дзядзька Валодзя хораша іграў на цымбалах. “У яго была добрая банда! Ні воднае вяселле ва ўсім наваколлі не абыходзілася без іх музыкі!” — паведаміў мне стары, што сядзеў за памінальным сталом насупраць мяне…

“А я вашу маму ў юнацтве часта праводзіў дамоў з танцаў!” — гледзячы з усмешкай на мяне і на маю сястру Валю, сказаў разчырванелы стары, выпіўшы пару чарак гарэлкі…

У хаце цёткі Манькі ў 60-тыя гады была бібліятэка…

На вуліцы да мяне падыйшоў сівы мужчына: ”Ці пазнаеш мяне?” “Не…” — адказаў я. “Я ж Сашка Буры! Ты вучыўся ў чацвёртым класе, а я дзесяты закончыў і з Пугачоў пераехаў з бацькамі ў Крапіўнікі…” — абдымаючы мяне, сказаў былы аднавясковец…

“Калі будзеш у Лягезах у дзядзькі Віці, ты ж і да мяне заходзься!” — цалуючы мяне, прашаптала цётка Лёдзя…

Развітваючыся са сваякамі, праслязіўся: ”Якія яны ў мяне цудоўныя! І старыя…”

“Пішы вершы, а мы будзем чытаць!” — на развітанне выгукнуў незнаёмы мужык, што стаяў каля Сашкі Бурага, і памахаў мне рукой…

Толькі выязджаючы з Крапіўнікаў, заўважыў, што каля вуліцы, дзе раней былі соткі, стаіць быльнёг, як малады ссохлы лес…