Я вось пачынаю думаць, што такая рэч, як крытыка перакладаў, у нашай сітуацыі абсалютна бессэнсоўная.

Бо калі паглядзець на першапачатковую мэту крытыкі перакладу, якой я яе бачу, то яна палягае не толькі ў тым, каб адрэфлексаваць узровень мастацкага перакладу і асэнсаваць пэўныя дасягненні/праблемы, але і яшчэ, у самым сваім грубым вызначэнні, заахвоціць чытача да знаёмства з якаснай працай ці папярэдзіць яго ж пра халтуру — гэта ўжо як атрымаецца. Чыста тэарэтычна негатыўная крытыка можа знізіць продажы кнігі, а калі некалькі працаў аднаго і таго ж перакладчыка не будуць прадавацца, чыста тэарэтычна выдаўцы ў далейшым не захочуць друкаваць яго. То бок у зусім ідэальным варыянце крытыка працуе супраць халтуры.

Калі зноў жа чыста тэарэтычна ўявіць, што гэтая заканамернасць дзейнічае, то ў краіне з малымі перакладчыцкімі рэсурсамі колькасць перакладаў у такім выпадку пачне паступова скарачацца. Можна радасна ўявіць сабе, што перакладчыкі пачнуць працаваць над сабой, і кожная кніга будзе лепшай за папярэднюю, але ўявіць такое не атрымліваецца нават чыста тэарэтычна. Напрошваецца толькі адна выснова: крытык перакладу — рэдкаснае сцуко, таму што.

Але гэта ўсё тэорыя. На практыцы ўсё яшчэ прасцей: хто разумее, пра што ідзе гаворка, застаецца пры сваім меркаванні (бо сам цудоўна разумее, хто напраўду дурань: перакладчык ці крытык), хто не разумее, кіруецца статусам: калі крытык статуснейшы за перакладчыка, то пераклад нафіг, калі наадварот, то нафіг артыкул. Я яшчэ не да канца ўпэўненая, што гэта даказвае ў маіх вачах думку першага сказа, але ўжо амаль.

***

Усё гэта да таго, што купіла я нядаўна свежае кнігазбораўскае выданне Сыракомлі. І вось што рабіць з перакладамі, дзе сустракаецца такое: “Не ходзіць тут аб нейкае загане!”, ці “Яго геаграфічнае становішча такое, што ён знаходзіцца…”, ці “Не кажучы ўжо пра вясковы люд, у тутэйшай ваколіцы ёсць сядзібы і вельмі добра забудаваныя сядзібы, а ў іх ёсць людзі, і як тыя людзі могуць жыць, ніколі не атрымліваючы газет…”? А перакладчыкі — страшна паважаныя людзі.

Усё гэта паказвае іншы бок праблемы, паднятай Антонам Францішкам Брылём у гэтым артыкуле. Шкада, канечне, што многія перакладчыкі бяруцца перакладаць нязначныя з мастацкага гледзішча творы, звязаныя з Беларуссю, замест таго, каб перакладаць значныя, але з Беларуссю не звязаныя. Але часам нельга не парадавацца, што ўсё ёсць так, як ёсць: дзякуй Богу, што не чапаюць напраўду добрыя творы. Альбо чапаюць, але не так часта, як маглі б.