Цікавую версію, чаму Уладзіслава Кавалёва асудзілі на смяротнае пакаранне надрукаваў «Ежедневнік». Так, паводле «ЕЖ» прычынай гэтаму сталася змена паказанняў Кавалёвым падчас следства.

Именно после смены показаний и попыток выгородить Коновалова, у Ковалева появился удиный умысел с главным обвиняемым, что позволило следствию, а в последствии и суду квалифицировать его действия как соучастие (пособничество) в совершении теракта.

Артыкулы ў «ЕЖ» фактычна напісаныя па матэр’ялах крымінальнай справы – таму гэтае сцвярджэнне вартае ўвагі. Калі б не адзін момант – ну ня можа з’явіцца супольны намер на здзейсненне тэракта толькі падчас раследавання!

Наяўнасць альбо адсутнасць супольнага намеру на здзейсненне тэракта не залежыць ад таго, якія паказанні дае абвінавачанны на следстве. Дарэчы, даваць альбо не даваць паказанні – гэта права абвінавачаннага. І рэалізацыя яго ня можа стацца прычынай абвінавачання ў саўдзеле.

Разам з тым, відавочна, што калі б на судзе Кавалёў паслухмяна выканаў ролю, якую яму навязалі «лялькаводы» з ГБ, то смяротны прысуд яму не абвесцілі. Таму, ня гледзячы на відавочны юрыдычны ляпсус у сваёй публікацыі, у гэтым канкрэтны выпадку «ЕЖ» мае рацыю.

Смяротныя кара – помста за змену паказанняў і актыўную абарону Кавалёва ягонай сям’ёй, што ў выніку прывяло да канфуза спецслужбаў. Таму, што пераканаўча давесці віну Канавалава і асабліва Кавалёва ў следства не атрымалася.