Сёння літаратурны твор варта разглядаць не як тэкст, а як ідэю, якая даносіцца да карыстальніка нейкім са спосабаў: у тэкставым фармаце, інтэрактыўным фармаце, аўдыё фармаце, відэа фармаце, фармаце фотапрэзентацыі.
Сучасныя тэхналогіі ствараюць новыя, да гэтага невядомыя магчымасці. Інтэрнэт, відэа прылажэнні, прэзентацыі, аўдыё файлы, электронныя кнігі, інтэрактыўныя кнігі пабудаваныя па прынцыпу гіпертэксту і г.д. – сродкі якія даступны сёння практычна кожнаму. Усё гэта прыводзіць да зменаў у разуменні літаратурнага твору як спосабу перадачы зместу пры пасярэдніцтве словаў.

Змены ў разуменні літаратурнага тэксту вынікаюць не толькі з ўзнікшых новых тэхнічных магчымасцей працы з тэкстам і трансфармацыі тэкста, але і з пашырэння арсеналу “працоўных прылад” для самога літаратара.

Раней магчымасці агучвання твора, здымкаў відэа па твору – былі звязаны са спецыяльнай тэхнікай, складанай тэхналогіяй апрацоўкі і падрыхтоўкі твора і як вынік – патрабавала прыцягнення значных матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў для рэалізацыі.

Прафесіяналы, якія браліся за агучванне ці нейкі спосаб візуалізацыі літаратурнага твора па свойму маглі бачыць твор і тую ідэю якую варта данесці да слухачоў, гледачоў, наведвальнікаў… У выніку на аснове літаратурнага твора як тэкста, як правіла паўставаў новы твор. Існавала простая магчымасць выкарыстаць літаратурны твор у якасці асновы для ўзнікнення новага твора.

Сёння магчымасці для стварэння новага на базе існуючага тэкста таксама існуюць, але існуе значна больш магчымасцей для “ажыўлення” літаратурнага твора, як тэкста ў іншых формах самім аўтарам. У форме інтэрактыўнай ці электроннай кнігі, аўдыё, відэа матэрыяла, мультыплікацыі, флэш-анімацыі, фотапрэзентацыі свой твор можа падаваць сам аўтар. Гэта стварае магчымасць выбара для самога аўтара рабіць версію таго самага твора, але ў іншай форме, ці ствараць на аснове існуючага твора – новы. Прычым паслядоўнасць стварэння твора не абавязкова павінна пачынацца з напісання тэксту. Тэкставы фармат можа стварацца, а можа і зусім не быць створаным.

Сёння літаратурны твор варта разглядаць не як тэкст, а як ідэю, якая даносіцца да карыстальніка нейкім са спосабаў: у тэкставым фармаце, інтэрактыўным фармаце, аўдыё фармаце, відэа фармаце, фармаце фотапрэзентацыі.

Больш за тое, сёння значна прасцей ствараць той самы літаратурны твор адначасова ў некалькіх розных фарматах, што паспрыяе здабычы новых аўдыторый для літаратара.