Вось тут, на старонках спрыязнёных блогаў прайшла невялікая дыскусія з нагоды польскага адказу на «Дзеда Талаша». Мяне зачапіла некалькі рэчаў:

1. Па спасылцы з перакладам ёсць нямала каментаў. Пры гэтым яны практычна ўсе негатыўныя. Як звычайна ў такіх выпадках рэчаіснасць падганяецца пад уяўленне. Калі факты супярэчаць стэрэатыпным вобразам, тым горш для фактаў. І чым больш польскі бок будзе прыводзіць аргументаваныя довады, тым больш будуць азлабляцца палонафобы.

2. З другога боку ўзровень польскага адказу, за аўтарствам, відаць, нейкага журналіста, таксама не ўражвае. Чаго вартая толькі спасылка на Сяргея Пясецкага, як на гсітарычную крыніцу.

3. Ну і трэцяе, самае галоўнае. Ва ўсіх падобных спрэчках і развагах, дзе фігуруюць падзеі 1917-21 гадоў, асабіста мяне хвалюе адно вельмі важнае пытанне. Усе аперуюць паняткам «Беларусь» як нейкай аб’ектыўнай рэальнасцю. Адсюль вынікаюць і такія вытворныя паняткі як «захоп Беларусі», «вызваленне Беларусі» і «падзел Беларусі». Але ж ці існавала ў той час нешта большае, чым «беларуская ідэя»? Іншымі словамі, я лічу, што тагачасная «Беларусь» — гэта суб’ектыўная з’ява — вобраз, ідэя, якая ня мела рэальнага напаўнення, каб стаць аб’ектыўнай рэальнасцю. Прыблізна як Палессе. Хто стане адмаўляць цэласнасць Палескага рэгіёну, асаблівасці этнаграфічнай культуры і мясцовай гаворкі? Знойдзецца і пэўная колькасць людзей, якія захочуць прэзентавць самабытную краіну Палессе на міжнародным узроўні з адпаведнымі патрабаваннямі і заявамі, у тым ліку пра драпежны падзел роднага краю паміж хцівымі суседзямі: Беларуссю і Украінай. Але за ўсім гэтым няма той напаўняльнай сілы, якая ператварае гістарычную альбо этнаграфічную вобласць у дзяржаву. Адсюль лагічна вынікае неабходнасць даць вызначэнне дзяржаўнасці. Нажаль, як ва ўсіх выпадках, якія датычацца складаных сацыяльных з’яваў, зрабіць гэта амаль немагчыма. Аднак можна сфармуляваць некаторыя прыкметы дзяржаватворчых працэсаў. Сярод іх гэта ўсведамленне пэўнай супольнасцю сваёй еднасці і агульнасці, вызначэнне ёй сваіх асаблівых інтарэсаў, жаданне і памкненне іх адстойваць і барніць. А для рэалізаціі ўсяго гэтага неабходна вылучэнне з такой супольнасці пэўнай групы людзей, якая валодае і распараджаецца ўсімі грамадскімі рэсурсамі. Гаворка пра эліту. Яна фармулюе задачы і мэты дзяржаўнасці, а таксама кантралюе эканамічныя, вайсковыя і іншыя рэсурсы. Безумоўна, такая эліта не можа існаваць без значнай падтрымкі самой супольнасці. Калі такой падтрымкі няма, тады старая эліта замяняецца на новую (у выпадку склаўшайся супольнасці), альбо сама супольнасць можа распасца, калі эліта была галоўных злучальным чыннікам. Прыблізна так.

Паспрабуем падысці з гэтымі меркамі да Беларусі ўзору 1921 году. Ні самі беларусы як супольнасць ня мелі самаўсведамлення, ні якіх іншых унутраных пабуджальных фактараў (акрамя энтузіазму невялікай групы людзей) для існавання беларускай дзяржаўнасці тады не было. Была этнаграфічная аснова, але гэта толькі глеба, на якой нешта можа вырасці, а можа і не. Тады што і як «дзялілі» у Рызе. Зямлю, тэрыторыю — так. Але Беларусь — не, хіба што толькі «вобраз беларускай ідэі» ў галовах прыгаданых энтузіастаў. Якія ўвогуле прэтэнзіі да палякаў і саветаў?

Шчыра кажучы, з таго часу мала што змянілася. Сама дзяржаўнасць РБ, хоць бы існуючая дэ-юрэ, дагэтуль не падмацавана ўнутранымі  фактарамі. Фармальна існуючае беларускае грамадства нічога не аб’ядноўвае, акрамя грамадзянства. Сэнс існавання дзяржавы не зразумелы ня толькі шырокім слаям насельніцтва, але і кіруючай эліце, а іншай дагэтуль няма. Можна сказаць, што беларуская дзяржаўнасць ня столькі абапіраецца на ўнутраны стрыжань, колькі падтрымліваецца знешнімі, выбудаванымі суседзямі, сценамі. Варта каму-небудзь разабраць сваю сцяну і ўся беларуская дзяржаўнасць праваліцца ў гэты праём.