У гадавым плане дзяржаўных закупак на 2012 год Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Менска ёсць цікавы радок – «электронная кніга«: яе сістэма дзіцячых бібліятэк сталіцы плануе сёлета набыць за кошт пазабюджэтных сродкаў (за 1,5 млн. рублёў). От я сяжу і думаю – а што яны з гэтай «чыталкай» будуць рабіць?

Запампуюць туды ўвесь свой бібліятэчны фонд і будуць даваць дзецям па чарзе чытаць? Ці толькі VIP-наведвальнікам у чытальнай зале будуць выдаваць? Або ўпрыгожаць гэтай электроннай кнігай які-небудзь стэнд?..

Дарэчы, на набыццё літаратуры для дзіцячых бібліятэк Менска ў 2012 годзе прадугледжана каля 1,28 млрд. рублёў. Калі гэтыя грошы патраціць на «чыталкі», то замест папяровых кніжак можна набыць 850 электронных. Дзелім на 18 бібліятэк: у такім выпадку кожная дзіцячая біліятэка мусіць атрымаць па 47 «чыталак» (+ чатыры запасных). Канечне, гэтага мала, але затое колькі плошчаў можна было б вызваліць ад папяровых фондаў і здаць пад офісы… А потым за арэндныя грошы купіць яшчэ чыталак, а потым яшчэ…