У шляхецкіх засценках Ашмяншчыны многае нагадвае пра мінулае. Час адорваецца тут асаблівым гонарам і з’яўляецца бадай ці не самым каштоўным багаццем нашчадкаў рыцарскіх родаў, што пакрысе старэюць у забыцці. У старых пажоўклых паперах з гербамі захоўваюцца тут шматвяковыя рэліквіі пылу. У параскіданых выпадкова хацінах дрэмлюць сівыя легенды, а вусны іх жыхароў усцяж родзяць новыя гавэнды па традыцыі і наказу продкаў-сарматаў.

***
Спаткаліся дзве кабеты на вуліцы. “Што ў вас чуваць, даражэнькая?” – пытаецца адна. “Дзякуй, усё добра, — адказвае другая. – Толькі мужык мой страшна п’е”. На тое дае параду першая: “Трэба ахвяру ў касцёле даць у тнтэнцыі, каб мужык не піў”. — “Ды я давала, у скарбонку кідала, нічога не дапамагае,” – гаворыць жонка п’яніцы. — “А вы перад фігурай Марыі ці Езуса ў скарбонку кідалі?” – “Перад Езусам, а што?..” – “Ой, то трэба ж перад Марыяй, бо Езус, сам мужык і толькі за мужыка гарой стане…”

***
У адной шляхецкай сям’і было шмат дачок на выданні, але былі яны бедныя і па-польску гаварыць не ўмелі, то ніхто занадта на іх не квапіўся. Аднойчыы прыехаў да іх кавалер у госці, а шляхецкія дочкі, каб паказацца перад ім, уздумалі па-польску пагаманіць. “Сёстрындзя, — кажа адна, – гдзе падзяла грэбендзяло?” Другая адказвае: “А в коморындзі в рошчэпіндзі тырчы”. Гэтым толькі кавалера напалохалі.

***
Хадзіў ксёндз па калядзе. Прыйшоў пад хату старэнькай бабулькі, якая самотна жыла на ўскрайку вёскі. Пастукаўся далікатна, усё як належыць. Бабулька пытае праз дзверы: “Хто там?” Ксёндз адказвае ёй, вядома, па-польску, як ксяндзу ў шляхецкай мясціне прыстала: “Свуй”. Бабулька ж глухаватая была, нешта брыдкае на літару “х” пачула і як пачала крычаць: “Ах ты, паскуда, ліхадзей, боўдзіла! Што старой жанчыне кажаш! Ідзі адсюль, пакуль сабак не нацкавала”. Пазней пробашч на казанні гаварыў, што некаторыя яго надта ладна на калядзе віталі.

***
Да адной сям’і меўся прыйсці ксёндз у госці. А ксёндз той меў вельмі доўгі нос. Бацька так павучаў дачку перад візітам ксяндза: “Глядзі, дачушка, старайся не пазіраць на ксяндзоўскі нос і хаця не кажы слова “доўгі”. – “Добра, — згадзілася дачка. – Буду так, татка, рабіць”. Калі прыйшоў ксёндз у госці, то ўся сям’я пачала каля яго завіхацца, павесілі паліто, пасадзілі да стала, але ўсе стараліся глядзець у падлогу, каб, крый Божа, не абразіць даўганосага ксяндза. Таксама і дачка ўвесь час сабе паўтарала, каб не сказаць слова “доўгі”. І так гэтым перанялася, што запранавала святару: “Можа, хочаце, ойчанька, нос пад шубай?” А хацела запытаць пра селядзец.