Хамства ў адносінах да людзей становіцца неад’емнай прыкметай улады.


Працаваў у Салігорску дырэктарам аўтапарка Віктар Алешка. Відаць, добра працаваў, бо прадпрыемства афіцыйна называлі адным з лепшых у краіне, а кіраўніку ў студзені, зусім нядаўна, уручылі прылюдна нейкую крышталёвую фіговіну, як лепшаму ў галіне.

Не прайшло двух месяцаў, як Алешку па тэлефоне звоніць сакратарка з аўтапарка і кажа, што прыйшоў загад аб яго звальненні. Ад такіх навін можа не толькі язык колам стаць, але і сэрца спыніцца. Як?! За што?! Мо жарт?! Не можа быць?!

Ніякіх жартаў!

Абласны начальнік тлумачыў нешта няўцямнае пра аўтобусы, якія ў Салігорску прынялі некамплектнымі…

Тым часам у калектыве навіну сустрэлі, як горкую і несправядлівую. Стыхійна пачалі збіраць подпісы, дарэчы, пад зваротам падпісаліся больш 350 чалавек, увесь калектыў. Узнікла пытанне, каму яго адрасаваць, куды везці? Раённыя ўлады тут нічым не дапамогуць, ды і старшыня мясцовага выканкамі Рымашэўскі чамусьці не пярэчыў супраць звальнення добра вядомага яму Алешкі. Паплыла чутка, што нібыта Рымашэўскі хоча перакінуць свайго швагра пад сваяцкае крылца… Гэта акалічнасць, нікім не правераная, паддала імпэту.
Вырашылі адвезці пісьмо-пратэст у аблвыканкам і трапіць на прыём да старшыні.

Але адразу знайшліся скептыкі, абласныя начальнікі паразумеюцца адзін з адным, абароны мы там не знойдзем… У дадатак людзі накіравалі тэлеграму на адрас кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі, папрасілі ўмяшацца і ўзнавіць справядлівасць. Гісторыя чакае свайго завяршэння. Падзея свежая.

Калі нехта і хацеў уладкаваць свайго швагра, то той не даехаў. Вырашылі пакуль што не дражніць раззлаваных шафёраў. Адны ўжо ў Мікашэвічах нарабілі шуму на ўсю Беларусь!

Неафіцыйна вядома, што кантралёры аператыўна высветлілі, што ў некамплектнасці аўтобусаў вінаваты персанальна абласны начальнік, і з ім па гэтаму ганебнаму факту трэба моцна разбірацца, магчыма, у межах крымінальнай справы. Тады выходзіць, што салігорскаму дырэктару адвялі ролю цеплавой ракеты, якая адвяла ўдар па абласному начальніку ў бок.

Аптымізм у такіх выпадках недарэчны. Чыноўнікі навучыліся выкручвацца. Ці ўдасца ім падманіць салігорскіх шафёраў, пакажуць бліжэйшыя дні…