Ці варта “цугляць мызу” кожнаму, хто звернецца да тэкста Чарняўскага? – Мне падаецца, што варта задумацца: дзе знайсці Біблію на беларускай мове, якую б можна было літаральна ўзяць у рукі, была б даступнай для семантычнага і лексічнага ўспрымання сучаснікам і адначасова так прібліжана да арыгінальнага тэксту, каб яе чытаць.

Поўная Біблія (Стары і Новы Запавет) на сучаснай беларускай мове была выдадзена ў эміграцыі ў 1973 годзе (Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону | З мовы габрэйскае а грэцкае. – Нью Ёрк, 1973. – 840 + 260 с. (Пераклад Я. Станкевіча і М.Гітліна)). Нажаль, гэты пераклад у папяровым варыянце сустрэць можна вельмі рэдка. Пераклад быў здзейснены з арыгінальных моў: Стары Запавет з гэбрайскай мовы, Новы Запавет з грэцкай. Акрамя таго, што гэтае выданне рэдкае, яго лексіка дастаткова складаная для ўспрымання сучаснікамі, напрыклад радавод Лукі 3, 21-38:

23 А Самому Ісусу, як пачынаў, было год трыццаць веку, будучы, як думалі, сынам Язэпа Гілянка, 24 Матфацёнка, Левянка, Мельшанка, Янянка, Язэпенка, 25 Маттафёнка, Амасёнка, Нагумёнка, Есьлянка, Наґґаёнка, 26 Маафёнка, Матгафёнка, Сэмеёнка, Язэпенка, Юдзянка, 27 Яанёнка, Рысаёнка, Зэрувавеленка, Шэалфіеленка, Ніранка, 28 Мельшанка, Адзьдзянка, Косамёнка, Елмодамёнка, Іранка, 29 Ёсянка, Елезэранка, Ёрыменка, Матфацёнка, Левянка, 30 Сыманёнка, Юдзянка, Язэпенка, Ёнанёнка, Елякімёнка, 31 Малеаёнка, Менанёнка, Маттафёнка, Нафанёнка, Давідзёнка, 32 Есянка, Овідзёнка, Воозёнка, Салмонёнка, Наасонёнка, 33 Амінадавенка, Арамёнка, Есромёнка, Фарэсёнка, Юдзянка, 34 Якавёнка, Ісачонка, Абрагаменка, Фаранка, Нахаронка, 35 Сэрушонка, Раґавёнка, Фалечонка, Еверонка, Салянка, 36 Каінанёнка, Арфаксадзенка, Сэмянка, Ноянка, Ламёшанка, 37 Мефусаленка, Енашонка, Ярэдзёнка, Малелееленка, Каінанёнка, 38 Еносёнка, Сыфянка, Адамёнка, каторы быў Божы.

Паступова гэты пераклад размяшчаецца ў электронным выглядзе на сайце Часасловец: http://chasaslovec.info/index.php?do=cat&category=stankevich

Другі пераклад, выдадзены ў 2002 годзе поўнай Бібліі выйшаў тыражом у 10000 экзэмпляраў… Ён стаў больш даступным і мова больш зразумелай. Пераклад здзейсніў Васіль Сёмуха (тэксты ў электронным выглядзе: http://old.knihi.com/biblija/). Нажаль пераклад быў здзейснены не з арыгінальных моваў. Ёсць меркаванне, што ён паўстаў на аснове рускай Сінадальнай Бібліі, так як паўтарае тыя ж самыя ўжо апісаныя і даследаваныя ў навуковых працах памылкі, як тэкстуальнага так і багаслоўскага характару. Напрыклад (адзін са шматлікіх прыкладаў) Мц 22,34:

Сінадальнае:  А фарисеи, услышав, что Он привел саддукеев в молчание, собрались вместе.

Сёмуха: А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.

Прывёў ў маўчанне – так перакладзена грэцкае “efimwsen” – даслоўна адзяваць наморднік, затыкаць рот. Менавіта гэтае слова выкарыстоўвае і апостал Павел ў 1Цм 5,18:

Сінадальнае: Ибо Писание говорит: не заграждай рта у вола молотящего

Сёмуха: ня цугляй мызу валу, які малоціць

Варта адзначыць, што мова Сёмухі вельмі багатая, ён творча выпашае пошук новых словаў і тэрмінаў. Але, як мы басым Сёмуха, следуючы рускаму Сінадальнаму перакладу, папаўняе і тыя самыя памылкі, якімі яно характарызуецца.

Пераклад айца Чарняўскага – намнога больш просты і прыбліжаны да сучаснай гутарковай мовы. Чарняўскі перакладаў з лацінскай Вульгаты ( гэта пераклад з арыгінальных моваў, аўтарытэтны і шырока выкарыстоўваемы ў Каталіцкай Царкве). Можна шмат спрачацца што да адпаведнасці арыгіналу, ставіць пад пытанне польскі пераклад (Біблія Тысячагоддзя), якім таксама карыстаўся Чарняўскі і яго месца і ўплыў у канчатковай працы, але тым ня менш тэксты перакладу Чарняўскага найбольш зразумелыя (“Апрача таго, тэкст айца Чарняўскага мае і наступныя дадатныя рысы. У ім захоўваецца сьвежасьць беларускай мовы, характэрнай, калі можна так сказаць, для 20-х гадоў. Мне асабліва імпануе сынтаксычная беларускасьць гэтага тэксту. Сёньняшняя беларуская мова больш кульгае якраз на сынтаксыс, на словазлучэньне. У гэтым пляне пераклад айца Чарняўскага больш беларускі ў параўнаньні зь іншымі тэкстамі. Апрача таго, там шмат моўных знаходак самога перакладчыка. Мне вельмі падабаецца, што там захаваны клічны склон – напрыклад, “сыне”, “гаспадару”. ” (А. Жлутка))

Вядома, што выдадзены тэкст перацярпеў многія рэдактарскія змены. Лепшыя яны ці горшыя, патрэбныя ці згубныя да аўтарскага тэксту судзіць тым, хто распачне чытанне Бібліі, але і тут рэдактары падыйшлі да тэкста перакладчыка вельмі шанавальна – пазначаныя курсівам іх умяшальніцтвы і дапаўненні. Для мяне асабіста стае зразумелым – мэта рэдакцыйнай камісіі – зрабіць больш даступным Божае Слова сучаснаму беларусу, а бяручы пад увагу, што тэкст звяраўся дадаткова з лацінскай (Новай) Вульгатай (і такая праца была выкананая), рэдакцыя звярнулся за дапамогай экспертаў у галіне біблістыкі і герменэўтыкі – гэты тэкст можна лічыць і найбольш адпавядаючым лацінскаму арыгіналу.

Ці варта “цугляць мызу” кожнаму, хто звернецца да тэкста Чарняўскага? – Мне падаецца, што варта задумацца: дзе знайсці Біблію на беларускай мове, якую б можна было літаральна ўзяць у рукі, была б даступнай для семантычнага і лексічнага ўспрымання сучаснікам і адначасова так прібліжана да арыгінальнага тэксту, каб яе чытаць.