Усё добра ў расейскай масавай літаратуры, за адным выняткам. Аніяк не даецца ў рукі жанр містыкі, ня пішуцца «horror»-кнігі. А гэтага так хочацца аўтарам і выдаўцам!

На мой погляд, рускага чалавека цяжка напужаць кнігаю, бо паўсядзеннасьць у гэтай краіне больш жахлівая, чым усялякія мастацкія прыдумкі. Сама хада думак тамтэйшага чалавека можа зьявіцца невычэрпным калодзезем ідэяў, тэмаў і сюжэтаў для рускай «horror»-літаратуры. «Бесы» Дастаеўскага найлепшае таму сьведчаньне, і гэтая кніга для мяне ёсьць  рускім містычным трылерам № 1, створаным на мясцовым матэрыяле. Пераўзыйсьці яго цяжка. Ну і іншыя, канешне, класікі тут пашчыравалі, прыкладам, Тодар Салагуб (кніга «Дробны бес»).

Але новыя рускія не здаюцца. У жаданьні хоць неяк узараць і засеяць гэтае поле, паядналіся крытыкі розных густаў і кірункаў. І нават тыя з іх, хто імкнецца прапагандаваць якасную літаратуру розных узроўняў, хоча бачыць у маленькай бязкрыўднай жабцы вялікую пачварную істоту. Так, выдавецтва «Иностранка» далучылася да піяр-акцыі ў падтрымку кнігі Наіля Ізмайлава «Ўбыр». Больш за тое, у сваім лісьлівым тэксьце «Иностранка» параўноўвае Ізмайлава са Стывенам Кінгам і Нілам Гейманам. Панове, ну гэта проста сьмешна! Выдаўцы таксама ідуць у бой: дзеля прасоўваньня гэтай кнігі быў зьняты першы ў Расеі прафесійны анімацыйны буктрэйлер (студыя «Муха»). Неа, таксама ня страшна зусім.

«Убыр» напісаны на паганскім татарскім фальклёры. З фрагментам тэксту можна пазнаёміцца тут. Чытачы, па маіх дакладных звестках, не ўспрынялі кнігу, назвалі яе кволай.

Усё-ткі, трэба расейцам перачытаць сваю класіку, лепш адчуць саміх сябе і сваю краіну.