«Правда» нашага часу, газета з імём, якое яскрава характэрызуе сённяшні грамадска-палітычны лад – Советская Белоруссія – ў сваім нумары ад 20.03 узялася адбіваць нападкі прымроіўшыхся ў трызненні тысяч нацыяналістаў-русафобаў. Артыкул пад назвай «Лінгвістіческій зігзаг» стаў чаканым адказам абуранай грамадскасці наконт нядаўна ўсплыўшага фармуляра пра недапушчэнне беларусіфікацыі дзяржапарата.

Каб больш пераканаўча абгрунтаваць сваю лухту, аўтар напушчвае на сябе выгляд вялікага знаўцы Беларускай гісторыі і пачынае спекуляваць паняццямі «Русь», «рускі», даводзячы што рускія – гэта ўсе усходнія славяне. Дагаворваецца нават да таго, што беларуская мова – таксама руская, паколькі ў яе назве прысутнічае корань «-рус-». Аднак аўтар наўмысна, ці па няведанню змоўчвае, што тыя, хто называў сябе рускім ў Вялікім княстве Літоўскім ну ніякім чынам не атаясамлялі сябе з продкамі сучасных расейцаў. Апошніх жыхары ВКЛ, як вядома, называлі «маскавітамі», ці крыўдным для сучасных жыхароў і аматараў эРэФіі словам «маскалі». Гэтак жа, калі выводзіць ледзь не тысячагадовыя карані беларускай рускасці, дацэнт Шумаў не звяртае ўвагу на тое, што этнонім «беларусы» распаўсюдзіўся толькі ў другой палове ХІХ ст., паколькі дагэтуль тутэйшае насельніцтва збольшага называла сябе літвінамі, а тут ужо корань «-рус-» можа знайсці хіба што дацэнт кафедры паліталогіі.

Яшчэ больш забаўны аргумент аўтар, катораму, пэўна, ніхто не сказаў, што савецкі саюз разваліўся, а гісторыя, як і іншыя грамадскія навукі, ужо збольшага адышла ад савецкіх пастулатаў, прыводзіць са сваёй школьнай лавы. То бок калісці існавала, толькі гучна не смейцеся, старажытнаруская народнасць (!!!), так, і гэта ў часы калі толькі фармаваліся саюзы плямён, якая пасля распалася на непаўнавартасныя рускі, беларускі і ўкраінскі этнасы, якім толькі і не хапае як наноў аб’яднацца. Дык давайце, спадар Шумаў, адновім адразу індаеўрапейскі суперэтнас! Ён, хаця б, у адрозненні ад нейкай старажытнарускай народнасці, сапраўды існаваў.

Дзеля большай аб’ектыўнасці, варта дадаць, што аўтар, палітолаг з галоўнай ВНУ нашай краіны, пэўна ніколі не чуў пра хвалі русіфікацыі, якія час ад часу накрывалі Беларусь, а ўпэўнены ў непаўнавартаснасці нашага народу, які, па яго меркаванню, сам адмаўляўся ад сваёй мовы на працягу ўсёй гісторыі сваяго існавання.

А выснова, да якой прыходзіць прапагандыст-пачынальнік, яскрава сведчыць пра адэкватнасць і ўцямнасць: галоўныя ворагі беларускай мовы – гэта, спадарства, беларускія нацыяналісты, якія адпужваюць надта ўжо запалоханых беларусаў ад мовы. Як кажуць, без каментароў.