Мы – чужынцы на сваёй бацькаўшчыне. Дыяспара беларусаў на Беларусі, вось хто мы, калі назваць рэчы сваімі імёнамі.


Ты не хочаш чуць, як маладыя бацькі вучаць сваіх маленькіх дзетак чужых табе расійскіх словаў. Ты разумееш, што твае заклікі да іх, да іншых, пойдуць намарна. 

І ты не ведаеш, куды ад гэтага схавацца, куды ўцячы.

Ты чуў гэту мову толькі ад сваіх бабуль, дзеці якіх, твае бацькі, яе занядбалі. Сістэма зламала іх, як ламае цябе цяпер.

Яшчэ ты чуў яе ў школе, але гэта было неяк ненатуральна, бы гульня: настаўнікі і дзеці бавіліся, спрабуючы размаўляць на чужой для іх мове.

А ты ўпарта вучыш яе з кніжак, з твораў беларускіх пісьменнікаў. І табе часам ніякавата ад таго, што твая мова — кніжная, ад таго, што пэўных слоў ты не знаеш, і ты мусіш сказаць гэта па-расійску.

Нашто? – пытаюцца ў цябе іншыя – Ніхто ж ужо не размаўляе.

Што маю на гэта адказаць? Што мне проста падабаецца беларуская мова, яе словы, яе гукі, яе мілагучнасць, яе цвёрдае «ч», дзеканне і г.д.?

— Добры дзень, мне патрэбна медычная страхоўка!

— Что? … А-а, вам нужна медицинская страховка? Вот, могу предложить …

— Гэта найтанейшы варыянт?

— Что?

Відавочна, што мой размоўца, працоўнік адной мінскай страхавой кампаніі Іван Іваноў, мяне не разумее. І я пераходжу на звыклы для яго язык.

— Не журыся, не крыўдуй на іх, ты ж паліглот, і знаеш дзве мовы, – суцяшаеш ты сябе. – Такой бяды, пагутарыў с гаспадзінам па-расійску. Добра, што я хоць магу думаць па-беларуску, размаўляць па-беларуску сам з сабою. 

«Беларуская мова – гэта смецце, – кажа мне дырэктар адной беларускай кампаніі, – яна толькі перашкаджае ў стасунках з іншымі краінамі, у прыцягненні інвестыцый з Расіі.» Я не даю гэтаму веры, я гэтага проста не чую.

«Беларуская мова не патрэбна, – кажа мне мой дзядзька, – усе ідуць да супольнай мовы, і гэта нармальна.» Я маўчу, бо няма сэнсу спірацца з ім. Кожын мае сваю праўду. 

І ты разумееш, што гэта вайна за мову, мабыць, беспаваротна намі прайграная. Што гадоў праз пяцьдзясят твой край будзе далучаны да Расіі, бо мы і расійцы, як вядома, «адзін народ». З адзінай, расійскай мовай, з адзінай, расійскай культурай.

Усё слушна. Моцны паглынае слабога. І тут, бадай, нічога не парадзіш, бо мы не народ, не нацыя, а так, людзі, якія проста засяляюць пэўную тэрыторыю, не ўсведамляючы сабе сваю супольнасць. Проста абшар з недарэчным назовам Белоруссія (Белараша), які прамаўляе сам за сябе: мы частка Русіі-Расіі. Прынамсі, так разумеюць наш назоў чужынцы.

Добра, што хоць украінцы, у адрозненні ад нас, здолелі пазбыцца накінутага ім Масквою назову – «Малороссія» – ды не зракліся сваёй мовы.     

І ты можаш суцяшаць сябе толькі тым, што, магчыма, не дажывеш да гэтага моманту. Не пабачыш гэтай ганьбы, гэтага свята «едзіненія народаў», а праўдізвей, «паядання адным народам другога народу».