Аб пытанне беларускай сімволікі ўжо зламана шмат коп’яў. Зараз дзяржаўнымі з’яўляюцца практычна савецкія сімвалы БССР з нязначнымі зменамі ў іх. Ці могуць шалі лёсу зноў схіліцца на бок тых, што былі адменены рэферэндумам? Так, могуць. І на гэты раз – канчаткова.

Гэта рана ці позна адбудзецца, калі толькі Беларусь не страціць свае незалежнасці. Бо хочам мы цяпер гэтага ці не, а бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” назаўсёды застануцца нашымі нацыянальнымі, гістарычнымі сімваламі.

Наша “Пагоня” сягае сваімі каранямі глыбока ў стагоддзі. Увогуле, гэта – адзін з самых старых гербаў сучаснай Еўропы. Хронікі прыпісваюць увядзенне “Пагоні” розным вялікім князям – Віценю, Нарымунту і інш. Адпаведна называюцца і розныя даты. Але ўсе яны прыпадаюць на апошнюю трэць ХІІІ ст. Такім чынам, наш старажытны герб мае ўжо больш як семісотгадовую гісторыю.

Першапачаткова “Пагоня”, хутчэй за ўсё, была асабістым знакам вялікага князя, пазней – дынастычным сімвалам. Але яна не знікла, не згубілася ў стагоддзях, як многія сучасныя ёй знакі. І галоўным чынам таму, што выява збройнага вершніка з мячом напаўнялася для жыхароў Вялікага княства асаблівым сэнсам: яна асацыявалася з вобразам мужнага абаронцы Айчыны, са звычаем ваеннай Пагоні.

Звычай гэты нарадзіўся не ад добрага жыцця. Наша зямля з-за свайго надзвычай выгаднага геаграфічнага становішча адвеку была прыцягальнай для заваёўнікаў. Асабліва павялічылася пагроза ў ХІІІ ст., калі на нашых межах з’явіліся адразу два небяспечныя ворагі – тэўтоны і мангола-татары. Рэдкі год тады абыходзіўся без вайны. Рэдкі год – без крыві, без дыму пажараў, без плачу і енку мірных жыхароў, якіх ворагі тысячамі выводзілі ў палон.

Атрымаўшы вестку аб чарговым нападзе, вялікі князь абвяшчаў Пагоню. І ўсе дарослыя мужчыны, якія здатныя трымаць у руках зброю, мусілі ісці на вайну адбіваць нашэсце. Можа, нехта чуў “Баладу” ў выкананні І. Дарафеевай? Вось ён – звычай ваеннай Пагоні ва ўсёй яго трагічнай высакароднасці, самаахвярнасці.

Кожны чалавек бачыў ва ўзброеным вершніку на тарку (шчыце) ці сына, ці брата. І ў гэтым галоўная прычына надзвычай высокай папулярнасці “Пагоні” ў народзе. Яе выяву можна ўбачыць не толькі на старых актах, манетах, але і на пячной кафлі, у аздабленні будынкаў.

Нават пасля “далучэння” нашых тэрыторый да Расійскай імперыі, Пецярбург не насмеліўся адразу пазбавіць “Пагоню” яе правоў.

Даволі доўгі час яна працягвала фігураваць у беларускай геральдыцы, праўда, у падначаленым стане, і толькі пазней пачала паступова выцясняцца.

“Пагоня” – знак беларускі, сімвал славянскага паходжання. Таму цалкам натуральна, што ў 1918 г. “збройны муж на белым кані” зноў набыў статус дзяжаўнага герба Беларусі. Але, на жаль, Беларуская народная рэспубліка не здолела ўмацаваць свой суверэнітэт, і была проста змецена далейшай віхурай падзей.

Вызначыць час з’яўлення бел-чырвона-белага сцяга складаней, бо харугві, у адрозненне ад гербаў, не выразаюцца на пячатках, а значыць не фіксуюцца на шматлікіх гістарычных дакументах і могуць разлічваць толькі на апісанне ў крыніцах. Таму афіцыйна наш сцяг узнік напачатку ХХ ст., гэта значыць у той час, калі сур’ёзна паўстала пытанне аб узнаўленні беларускай дзяржаўнасці. Але ён, несумненна, існаваў задоўга да гэтага.

Напрыклад, ёсць звесткі, што паўстанцы К. Каліноўскага карысталіся трохкутнымі бел-чырвона-белымі сцяжкамі. З пэўнай доляй упэўненасці (па чорна-белых выявах) можна сцвярджаць аб наяўнасці на абмундзіраванні першых беларускіх узброеных адзінак расійскай арміі (напачатку Пецярбург “міласціва” дазваляў іх стварэнне) элементаў з бел-чырвона-белай афарбоўкай. Ды й наогул, гэтыя два колеры – белы і чырвоны – заўжды былі для беларусаў (ліцьвінаў) сваімі, роднымі. Гэта на іх раскладаецца “Пагоня”. Гэта яны луналі над нашым войскам пад Грунвальдам у 1410. Гэта з іх складаецца беларускі нацыянальны арнамент.

Напачатку існавання Савецкай Беларусі бел-чырвона-белая стужка магла нават стаць часткай дзяржаўнага герба БССР. Справа ў тым, што на разгляд былі прадстаўлены два варыянты праекта герба работы В. В. Воўкава: адзін з бел-чырвона-белай стужкай, другі – з чырвонай. Зразумела, абралі апошні.

Увогуле, савецкая сімволіка распрацоўвалася без уліку гістарычных традыцый саюзных рэспублік. У геральдыцы за аснову прымаўся ў асноўным герб РСФСР, у які ўносіліся змены адпаведна з асаблівасцямі прыроды кожнай рэспублікі.

Прыкладна такімі ж метадамі ствараліся і рэспубліканскія сцягі. Што ж датычыць чырвона-зялёнага дзяржаўнага сцяга БССР, дык ён з’явіўся толькі ў 1951 г. А значыць распаўсюджанае сцвярджэнне аб тым, што беларусы пад ім змагаліся з фашызмам, не адпавядае ісціне: у 1937-1951 гг. беларускім сцягам лічылася фактычна копія дзяржаўнага сцяга СССР з абрэвіятурай “БССР” пад сярпом і молатам.

Штучнасць савецкай сімволікі перадумовіла тое, што адразу пасля распаду Саюза ССР усе былыя рэспублікі вярнуліся да сваіх спрадвечных сімвалаў. Вярнуліся і мы. Але толькі на чатыры гады.

Гэта ганебна, калі з-за нейкіх палітычных меркаванняў асуджаюць на забыццё выдатных людзей, пачынаюць дзе толькі магчыма шальмаваць іх. Але калі бязвінна асуджаць і бэсціць людзей – непрыстойна, а то й проста подла, дык таптаць у бруд, называць буржуазнымі ці “кан’юктурнымі” нацыянальныя сімвалы, пад якімі столькі стагоддзяў існаваў уласны народ, – проста кашчунна. І ці доўга яшчэ будзе працягвацца гэтае блюзнерства – залежыць толькі ад нас саміх.

Паводле arkushy.narod.ru