Бадай у Беларусі толькі адзін філосаф, які аператыўна адгукаецца на ўсе асноўныя палітычныя і культурніцкія падзеі, што адбываюцца ў краіне. Гэта – Валянцін Акудовіч. Ведаючы пра такую ягоную мабільнасць, да Акудовіча любяць звяртацца журналісты па каментары і інтэрв’ю. І ён рэдка каму адмаўляе.

Гэтыя каментары-рэфлексіі на актуальныя падзеі сталі для творцы адмысловым жанрам філасофскага асэнсавання рэчаснасці. З пачатку 90-х іх сабралася ў філосафа вялікая колькасць. Увесь гэты матэрыял нагадваў сумбурныя дзённікавыя запісы якой-небудзь экстрымальнай экспедыцыі. Друкаваць іх у неапрацаванай форме не зусім выпадала, бо, па вялікаму рахунку, гэта былі журналісцкія, часам зусім не дасканалыя, матэрыялы розных людзей, але і цалкам адмовіцца ад сваіх думак і разважанняў – таксама было не разумна. І Валянцін Акудовіч знайшоў, у які спосаб можна апрацаваць гэты матэрыял. Ён абраў некалькі істотных тэмаў-раздзелаў і згрупаваў паводле іх свае выказанні, якія рабіў за апошнія 20 гадоў. І таму, калі ў адным інтэрв’ю або гутарцы былі пытанні пра літаратуру, пра філасофію, пра палітыку, пра Беларусь, пра штосьці яшчэ, дык у кнізе яны разнесеныя па розных раздзелах.

Кніга названая паводле метафары, якой у 90-х ахарактарызавалі беларускую культуніцкую прастору ў Беларусі, маўляў, яна як архіпелаг — складаецца з невялікіх выспаў – як рэгіянальных, так і з розных суполак і арганізацыяў. Дзеячы беларускага руху марылі, каб гэтыя выспы злучыліся і нарадзілася цэльная беларуская Беларусь. У прынцыпе, гэтая кніга Валянціна Акудовіча і прысвечана праблеме – як злучыць гэтыя выспы і ці былі шанцы гэта зрабіць раней.

Кніга “Архіпелаг Беларусь” напісана па-мастацку — з мастацкімі вобразамі, алюзіямі і часам з адмысловым акудовічаўскім гумарам. Аўтар не ўпадае ў нейкія завоблачныя разважанні. Думкі свае выкладае даступна, немудрагеліста, але ад гэтага яны не робяцца плыткімі і банальнымі.

Адзін з разделаў кнігі называе “Беларуская Атлантыда”, па аднайменнай назве перадачы Вячаслава Ракіцкага на Радыё Свабода.

Неаднойчы беручы ўдзел у гэтай перадачы, Валянцін Акудовіч шмат цікавага распавёў пра Беларусь і беларусаў. Напрыклад пра тэорыю беларускага акадэміка Васіля Купрэвіча, які ў 60-х стварыў “філасофію вечнага жыцця”. Згодна з гэтай філасофіяй смерць не заўсёды існавала ў свеце, яна стала патрэбнай дзеля эвалюцыі. Але, згодна Купрэвічу, эвалюцыя выканала сваю функцыю, а значыць, ад яе трэба пазбаўляцца, як ад анахранізму. І тут хочацца працягнуць думку пра эвалюцыю — вось і Беларусі трэба пазбаўляцца ад дэстуктыўнага, бо эвалюцыя завершылася – незалежная краіна паўстала і цяпер толькі павінны аб’яднацца беларускія выспы ў мацярык.