Новая палітычная сіла ў Беларусі — прарасійская апазіцыя — мае даволі моцныя зыходныя пазіцыі, бо абапіраецца на тэндэнцыю да эканамічнай і палітычнай інтэграцыі. Але ў той жа час трэба прызнаць і тое, што пазіцыя расійскага кіраўніцтва ў дачыненні да глабальнага крызісу з’яўляецца супярэчлівай, і гэтая супярэчлівасць робіць пазіцыю прарасійскай апазіцыі ў Беларусі вельмі кволай.

У 2011—2012 гадах расійскае кіраўніцтва, мабыць, упершыню за апошнія 20-25 гадоў пачало адыгрываць ролю лідара інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Распачаўшы працэс еўразійскай інтэграцыі, Масква здолела навязаць краінам-партнёрам той фармат інтэграцыі, які больш адпавядае яе інтарэсам (менавіта ў тым выглядзе, як іх разумее расійскі істэблішмент). Больш за тое, на працягу 1,5 года Крэмль здолеў захаваць ініцыятыву ў гэтым працэсе і не страціць дынаміку.

Тыя, хто разглядаў праект Еўразійскага саюза як нейкую спробу Масквы супрацьстаяць працэсу глабалізацыі і стварыць уласную цывілізацыйную супольнасць, відавочна, памыляліся. Еўразійскі саюз з’яўляецца працягам еўрапейскай інтэграцыі Расіі, формай набліжэння Расіі да Еўропы і ЗША. Зразумела, заходнія палітыкі хвалююцца, каб гэты інтэграцыйны працэс не пераўтварыўся ва ўзнаўленне СССР, але рэальных перадумоў для гэтага сёння няма. Як справядліва гаворыць вядомы беларускі аналітык Юрый Шаўцоў, Еўразійскі саюз — гэта форма забеспячэння адзінства Еўропы, а не яе раздзялення.

І вось тут узнікае сапраўды няпростае пытанне: а на якіх умовах будзе ажыццяўляцца гэтае набліжэнне Расіі (у фармаце Еўразійскага саюза) і Вялікай Еўропы?

З аднаго боку, відавочна, што за гэтай ініцыятывай Уладзіміра Пуціна ёсць сур’ёзныя дамоўленасці паміж расійскім і еўрапейскім (перш за ўсё, нямецкім) бакамі. І агульны змест гэтых дамоўленасцяў менавіта ў тым, што Расія будзе для Еўропы надзейным пастаўшчыком сыравіны і рынкам збыту, а Еўропа і ЗША дазволіць расійскаму капіталу ўдзельнічаць у сваіх эканоміках (набываць актывы), дадуць доступ да сваіх тэхналогій і ўключаць Расію ў агульнаеўрапейскую сістэму бяспекі.

З другога боку, таксама відавочна, што ў рэалізацыі такіх маштабных дамоўленасцяў спадзявацца на адны толькі дамоўленасці ніводны з бакоў не можа сабе дазволіць. І вось тут узнікае праблема: падпарадкоўваючы сваю ўнутраную і знешнюю палітыку задачы еўрапейска-еўразійскай інтэграцыі, расійскае кіраўніцтва, акрамя цэлага шэрагу даволі адчувальных выдаткаў, пачынае страчваць саму здольнасць да раўнапраўнага дыялогу з Еўропай і ЗША.

Напрыклад, адна справа — калі Расія захоўвае прыязны нейтралітэт у дачыненні да ваеннай аперацыі ЗША і НАТА ў Афганістане. І зусім іншая справа — калі Расія размяшчае на сваёй тэрыторыі транзітную базу НАТА, дазваляе транзіт праз сваю тэрыторыю ваенных грузаў, у тым ліку і пры дапамозе паветранага транспарту. Перамяшчэнне вайскоўцаў НАТА праз тэрыторыю Расіі на сваіх ваенных самалётах патрабуе інфармавання НАТА аб кодах доступу да паветранай прасторы і інфраструктуры кантролю і паветранай, і зямной прасторы Расіі. А гэта, на думку аднаго з вядучых расійскіх інтэлектуалаў Юрыя Грамыкі, ва ўмовах крытычнай ролі авіяцыйна-касмічных тэхналогій для арганізацыі баявых дзеянняў і ёсць фактычная капітуляцыя.

Аналагічная сітуацыя — у эканоміцы. Адна справа — у абмен на сыравіну імпартаваць тэхналогіі і ствараць суверэнную прамысловую сістэму. І іншая — адкрываць сваю эканоміку і далучацца да СГА, не маючы стратэгіі прамыслова-тэхналагічнага развіцця, моцнай перапрацоўчай прамысловасці і развітога ўнутранага рынку. Апошняе азначае, што вельмі хутка ў Расі не будзе не толькі моцнай перапрацоўчай прамысловасці, але і самой магчымасці такую прамысловасць стварыць.

Каб далучацца да заходніх інстытутаў на найбольш спрыяльных умовах, Расія павінна была б падыходзіць да адпаведных крокаў з найбольш моцнымі пазіцыямі (у ваеннай, эканамічнай, навукова-тэхналагічнай і іншых сферах). Калі ж гэта не адбываецца, то, па сутнасці, расійскае кіраўніцтва вымушана будзе спадзявацца на сумленнасць сваіх заходніх партнёраў. Нават у спрыяльных умовах стабільнай міжнароднай сітуацыі гэта было б занадта рызыкоўна. А ў перыяд пачатку другой хвалі глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, якая ўжо суправаджаецца ўзброенымі канфліктамі па ўсёй планеце, падобная стратэгія выглядае вельмі ненадзейнай.

Справа не ў тым, што Захад агрэсіўна ставіцца да Расіі. Так гэта ці не — прадмет асобнай размовы. З пункту гледжання барацьбы інтарэсаў, справа ў тым, што ў перыяд крызісу тыя выдаткі, якія нясуць заходнія дзяржавы і карпарацыі на традыцыйных рынках, яны будуць імкнуцца кампенсаваць на іншых рынках альбо з дапамогай нярынкавых сродкаў — такіх, як ваенныя канфлікты.

Такім чынам, сёння Расія, з аднаго боку, будуе Еўразійскі саюз і імкнецца да таго, каб стварыць моцную рэгіянальную групоўку (як эканамічную, так і палітычную). З другога боку, па прычыне нізкай якасці кіраўніцкіх рашэнняў, адсутнасці стратэгіі прамыслова-тэхналагічнага развіцця, а таксама стратэгіі рэгіянальнага і сацыяльнага развіцця, развіцця ўнутранага рынку Расія страчвае здольнасць да эфектыўнага і паўнавартаснага дыялогу з заходнімі эканамічнымі і палітычнымі структурамі.

Гэтая супярэчлівасць пазіцыі Масквы адбіваецца на палітычнай пазіцыі ўсіх прарасійскіх сіл на постсавецкай прасторы і за яго межамі, у тым ліку ў Беларусі. «Прарасійская апазіцыя» ў нашай краіне не можа выпрацаваць паслядоўную лінію — ні ў кароткатэрміновай перспектыве, на час выбарчай кампаніі, ні ў доўгатэрміновай. Таму і слова «прарасійская апазіцыя» ў дачыненні да гэтых палітычных структур можна ўжываць даволі ўмоўна.

Але ж паколькі прамаскоўскія структуры імкнуцца заняць тую ж пазіцыю, на якой знаходзіцца беларускае кіраўніцтва (пазіцыю прыхільнікаў інтэграцыі), то тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца «прарасійскія» структуры ў Беларусі пры выпрацоўцы палітычнай стратэгіі, у той ці іншай ступені ўласцівыя і для самой беларускай улады.