Ёсць наступная каверза, якая можа перашкаджаць пісьменнаму напісанню тэкстаў у Word.

У Word (як 2003, гэтак і ў 2007, і ў 2010) часта сустракаўся з тым, што слова «свой» замянялася на «свій», а «Украіна» на «Україна» і яшчэ з пэўнымі украінскімі словамі. Пакапаўшыся, знайшоў, як выпраўляецца. Спачатку пра тое, як перайсці да параметраў аўтазамены ў розных версіях Word (для ўсіх версій трэба папярэдне пераключыць раскладку на беларускую мову).

2003: Меню Устаўка (Вставка) — Аўтатэкст (Автотекст) — Аўтатэкст (Автотекст), укладка Аўтазамена (Автозамена),

2007: Націснуць кнопку Word (круглая у верхнім левым куце). Адкрыецца панэль, у ёй унізе справа — Параметры Word. Выбіраем Правапіс (Правописание), раздзел Параметры аўтазамены (Параметры автозамены). Далей — укладка Аўтазамена (Автозамена).

2010: Пераключыць раскладку на беларускую мову. Потым адкрыць меню Файл. Адкрыецца бакавая панэль, у ёй унізе — Параметры. Выбіраем Правапіс (Правописание), раздзел Параметры аўтазамены (Параметры автозамены). Далей — укладка Аўтазамена (Автозамена).

Ва ўкладцы Аўтазамена (Автозамена) — унізе пункт Замяняць пры ўводзе (Заменять при вводе) і адпаведны спіс — што на што мяняць. А ў спісе — украінскія словы з памылкай і адпаведныя правільныя словы. Прычым праяўляецца гэта пры выбары беларускай раскладкі. Гэтая праблема рашаецца: прыбіраем птушку з Замяняць пры ўводзе (Заменять при вводе), і гэта нас больш не турбуе. Альбо, калі цікава, рэдагуем ці выдаляем асобныя словы.

Вось цікава было б яшчэ даведацца, чаму да беларускай мовы прычапілі спіс для ўкраінскай мовы. Мо, падумалі, што мовы настолькі падобныя?