Беларускі калегіум, ЕГУ, Лятучы універсітэт — установы, як я яе называю, нефармальнай адукацыі, то бок адукацыйныя ініцыятывы, якія не маюць афіцыйнага і легальнага статусу ў  Беларусі. То бок, фактычна, адукацыйныя суполкі па інтарэсах. Мэта іх існавання відавочная — стварыць нейкую альтэрнатыву існай дзяржаўнай сістэме адукацыі, прывабіць маладых людзей, якія шукаюць іншых ведаў і, урэшце рэшт, стварыць з іх нейкі сацыяльны авангард, які стаў бы на чале і актыўна ўдзельнічаў у палітычных ператварэнняў у нашай краіне. Альбо, кажучы паводле Грамшы, гэта адзін з ядравых элементаў культурнага змагання.

З многімі людзьмі, заангажаванымі ў гэтыя структуры я знаёмы, шчыра ім сімпатызую, дый сам у той ці іншай ступені быў да некаторых з іх спрычынены, але пры гэтым маю вялікі скепсіс што да рэалізацыі іх канцаваой мэты — здабыцця супольнасцю, якая ініцыявала гэтыя праекты, культурнай і палітычнай улады. Чаму я гэтак мяркую?

1. Хоць яўна ці неяўна дэкларуецца, што гэтыя ўстановы ёсць месцам падрыхтоўкі будучай нацыянальнай эліты, рэальных ведаў як для здабыцця культурнай і палітычнай ўлады, гэтак і для канструявання новага соцыуму не праглядаецца.

2. Гэтыя структуры, прынамсі, звонку выглядаюць менавіта гурткамі па інтарэсах хоць, часам, і вельмі цікавых людзей, але без якой-кольвек адзінай мэты, стратэгіі, каштоўнасцяў. Абрысы «генеральнай лініі», якая часам праяўляецца, выклікае сумневы ў кампетэнтнасці яе праваднікоў.

3. Сам нефармальны статус установаў, які культывуецца і забяспечвае ў тым ліку папулярнасць сярод пэўнай публікі азначае, што гэты кантынгент рэальна не прыстасаваны для дзяржаўнага кіравання, бо веды і навыкі, для гэтага неабходныя, у праграмах не праглядаюцца.

4. Нефармальны, альтэрнатыўны, а часам непрыхавана апазіцыйны «прысмак» гэтых установаў практычна цалкам перакрывае магчымасць уплыву на існую сістэму адукацыі, удзелу ў рэльных працэсах, якія там адбываюцца, стварае непатрэбны антаганізм і зноў жа, на маё меркаванне, зніжае шанцы на якую-кольвек істотную іх ролю ў агляднай перспектыве.

У гэтым сэнсе неверагодная траекторыя кар’еры гісторыка Ігара Марзалюка, які мае быць прызначаны чальцом Савету Рэспублікі, пры ўсім маім неадназначным стаўленні да яго поглядаў выглядае нашмат больш удалым прыкладам удзелу ў трансфармацыі беларускай дзяржавы.