Сёння амаль усе ведаюць, што першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага быў Наваградак, ну па крайняй меры так лічыцца. Ёсць версіі, што сталіца была недзе каля Наваградка, ці на тэрыторыі сучасная Летувы (як правіла гэту версію падтрымліваюць летувіскія гісторыкі). Але не ўсе ведаюць, што ёсць версія аб тым, што першая сталіца ВКЛ размяшчалась каля мястэчка Гарадзішча (Баранавіцкі раён).

Каля 800 метраў на захад ад мястэчка на правым беразе рэчкі Сэрвач, знаходзіцца старыжытнае гарадзішча, якое і дало назову цяперашняму паселішчу. Сучасныя жыхары Гарадзішча называюць гэту гару “Гарадок”. Гара з`яўляецца архелагічным помнікам культуры штрыхаванай керамікі. Гэта культура балцкіх плямёнаў, якія з 8 стаг. да н.э па 5 стаг. н.э насялялі тэрыторыю сярэдняй і паўночна-заходняй Беларусі. Па археалагічным звесткам гару “Гарадок” насялялі людзі ў 2 — 4 стаг. н.э, потым некуды зніклі, і з`явіліся зноў у 11 – 13 стагоддзі. На гары бачны рэшкі земляных валаў і роў дзе раней магла быць вада.

Ёсць версія пра першую сталіцу ВКЛ, акрамя вышэйзгаданых, яшчэ такая – што змяшчалася яна ў некая Варуце.. Некаторыя называюць гэтую Варуту другой сталіцай ВКЛ, ці рэзідэнцыяй Міндоўга. Мікола Ермаловіч у сваёй кнізе “Старажытная Беларусь” піша, што слова “Варута” магло утварыцца ў выніку памылкі перапісчыка, які злучыў прыназоўнік з назоўнікам у адзінае цэлае. Гэта значыць, у першапачатковым запісе храніста было так: “во град именем во Руту”, што адпавядае кніжнай традыцыі даўніны. Пазнейшы летапісец, устаўляючы Наваградскі летапіс (Наваградскі летапіс паведамляе, што ў 1252 г. Міндоўг бараніўся ад сваіх ворагаў у горадзе Варута) у Галіцка-Валынcкі, мог, не разабраўшыся, “во Руту” прыняць за адно слова. Яшчэ Ермаловіч сцвярджае, што між рэкамі Сэрвеччу і Валоўкай ёсць невялікая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такой назвай. Магчыма, на месцы аднаго з іх знаходзілася Варута. Далей ён выказвае меркаванне, што Варута знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаны на р. Руце і дзе ёсць гарадзішча.

Раён паміж рэчкамі Рута і Сэрвач

З гэтага нарадзілася версія, што гаворка таксамі можа ісці пра сучасную вёску Рутка, якая каля Наваградка. Таксама вылучаліся здагадкі, што гэтая Варута магла знаходзіцца ў Жмудзі — у вярхоўі Дубісты пад Расены альбо ў нізоўі яе пад Эйраголу, то ідэнтыфікавалі ці з Варанянамі (на сучасным беларуска-летувіскім памежжы), ці з Лішкавам (недалёка ад Друскенікаў).

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, у сваім артыкуле “Варута — першы летапісны населены пункт Баранавіцкай зямлі”, піша – “Мяркую, што Варута не магла быць у Лішках, Эйраголе, Варанянах ці Руце, бо яны былі дробнымі замачкамі, няздольнымі абараніцца ад вялікага войска. У Літве 13 ст. буйных замкаў наогул не існавала, яны ўзніклі стагоддзем пазней. Найбольш старажытным і ўмацаваным паселішчам каля Наваградка было Гарадзішча, якое стала другой “сталіцай” Міндоўга.

Вернемся да гары “Гарадок”. Беларускі гісторык другой паловы 19 – пачатку 20 стаг. Аляксандр Ельскі выказаў думку, што гэтая таямнічая Варута знаходзілася менавіта каля сучаснага Гарадзішча на Баранавіччыне, на гары “Гарадок”, і каранацыя першага і апошняга караля прайшла таксама менавіта тут; у сучаснай вёсцы Канюшоўшчына былі стайні, а ў вёсцы Вялікае Сяло быў двор Міндоўга. Таксама ў свой час такую здагадку выказваў гісторык, археолаг і інжынер 19 стаг. Тэадор Нарбут. Яшчэ такую думку выказалі і маскоўскія археолагі, якія праводзілі раскопкі на гары. Дарэчы, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, шмат чаго знайшлі, але ўсё вывезлі ў Маскву, пакінуўшы толькі крэмневыя скрабкі.


Крыніцы:

М.Ермаловіч «Старыжытная Беларусь» Мінск “Мастацкая Літаратура” 1990 г.

Артыкул Віктара Сырыца “Варута — першы летапісны населены пункт Баранавіцкай зямлі”

Тэлепраграма “Новыя падарожжы дылетанта” выпуск пра Гарадзішча.

Фота:

У. Багданаў globus.tut.by

К. Шастоўскі radzima.org

© Арцём Аблажэй