Напярэдадні выбараў экс-дэпутат ПП НС Вольга Абрамава раптам пачынае абвінавачваць улады ў «несумленнай гульні» падчас парламенцкіх выбараў 2008 года, а кандыдаты ў дэпутаты на выбарах 2012 года своечасова згадваюць пра лёс беларускіх палітвязьняў.

Выплыла Вольга Абрамава

Учора расказала ў СМІ “жахлівую” гісторыю пра тое, як у 2008 годзе яе не прапусцілі ў палатку. Як Наталля Пяткевіч прапаноўвала ёй бонус за згоду не вылучаць сваю кандыдатуру.

Вы верыце? Я не веру. Хутчэй за ўсё танальнасць размовы была іншая: вы адмаўляецеся, не падымаеце хвалю, захоўваеце поўны маўчок, а мы вам дамо магчымасць сыта жыць… Бо якраз у верасні 2008 года Абрамавай спаўнялася 55. Час афармляць пенсію. Улада зусім лагічна зрабіла выснову: пасядзела, папрацавала на рэжым – і досыць, больш твае паслугі не патрэбныя. Не будзеш высцёбвацца – атрымаеш поўны паёк.

Пенсію, трэба думаць, Абрамава атрымала не такую, як апазіцыйныя дэпутаты Вярхоўнага Савета ХІІ і ХІІІ скліканняў. 

Помніцца, што нехта з журналістаў (ці не Віталь Цыганкоў?) адразу пасля “выбараў” 2008 года хораша ўеў цётку Абрамаву: ну што? ты ж казала, што поспех на “выбарах” залежыць ад працы кандыдата з выбаршчыкам, ад удала наладжанай кампаніі…

Маючы кампрамат на ўладу, цётка Абрамава чатыры гады маўчала. Яна, бачыце, тады спадзявалася на “ўсходняе партнёрства”. Яна, чуеце, думала, што рэжым памяняе сваю прыроду і абдэмакраціцца, лібералізуецца і да т. п. І гэта кажа жанчына, якая лічыць сябе вучонаю, вялікаю докаю ў палітыцы…

Не трапіўшы ў палатку, цётка Абрамава нічога не страціла. Яна аналізавала і кансультавала. І гэтым зарабляла. Займела, так сказаць, прыварак да лукашэнкаўскай пенсіі.

Заходнія дабрадзеі (перш за ўсё тыя, што хочуць дамовіцца з лукашыстамі аб падзеле нашай нацыянальнай маёмасці) ведаюць, каго выбіраць сваімі дарадцамі і кансультантамі, ад каго можна пачуць тое, што ім хочацца пачуць.

У нас вырасла цэлая плеяда палітолагаў, аналітыкаў ды іншых спяцоў, якія працуюць паводле прынцыпу “чего изволите?”. Адны, як і пры камуністах, працуюць на ўладу напасрэдна, другія – праз пэўныя заходнія інстытуцыі. Такою працаўніцай, помніцца, была Святлана Навумава, якая  палохала сваіх заходніх грантадаўцаў беларускімі нацыяналістамі, магчымасцю ў нас югаслаўскага сцэнарыю. Такім быў Віталь Сіліцкі, які спрабаваў навязаць нам пазычаную думку, што рэжым у Беларусі можна дэмакратызаваць. Нешта такое, думаю, пісала і цётка Абрамава, якая надта спадзявалася на “ўсходняе партнёрства”.

Адно пытанне цікавіць мяне: з якое такое прычыны Абрамава загаварыла? На што тут разлік?

* * * * * * *

Учора на сайце “Нашай Нівы” (я праглядваю ў першую чаргу яго) апублікаваны зварот 114 кандыдатаў у палатку ў абарону Зміцера Дашкевіча ды іншых палітзняволеных.

Што за зварот, да каго зварот? Назвалі б гэты тэкст заяваю. Ды я не пра чысціню жанру. Адмыслова пералічыўшы подпісы пад тым зваротам, я высветліў, што падпісантаў не 114, а 110. Хоць у спісе значацца 111 кандыдатаў, іх усё роўна 110: Аляксандр Ірхо з Магілёва ўпісаны двойчы.

Тэкст як тэкст. На сайце Хартыі’97 яму далі кплівы і дасціпны загаловак-каментар: “Кандидаты вспомнили о политзаключенных”. Маглі і не ўспомніць. Многія з іх ужо забылі, як кляліся не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе датуль, пакуль на волю не выйдзе апошні палітвязень.   

Калі хто думае, што пад зваротам стаяць подпісы ўсіх кандыдатаў, якія належаць да апазіцыйных партыяў, той памыляецца. У тым доўгім спісе я не ўбачыў імёны-прозвішчы прынамсі 6 асабіста мне знаёмых кандыдатаў.

Не ведаеш, што думаць: ці то гэтым грамадзянам не прапанавалі паставіць свае подпісы, ці то яны адмовіліся падпісацца. З часам усё праясніцца.