25-га і 26-га верасня ў палацы культуры “Полацк-шкловалакно” адбывалася тэатральная пастаноўка “Рагнеда”. Прадставіў яе гледачам тэатр аматарскі калектыў “Пілігрым”, на чале з рэжысёрам Верай Кісялёвай.

На вячэнюю “Рагнеду” 26 верасня сабраўся поўны зал людзей. Незапоўненным застаўся толькі верхні рад, і гэта дзіўна, бо многім не хапіла квіткоў: ужо а палове сёмай жанчына на касе з сумным выглядам тлумачыла прыходзячым што “квіткоў больш няма”, а пасля і ўвогуле паставіла за шкло паперку з аналагічным надпісам. Давялося назіраць шмат расчараваных твараў, якія адыходзілі ад касы.Дзіўна працуе наша сістэма. Ля ўвахода ў тэатр можна было пабачыць групкі моладзі ды й дарослых, якія з запалам абмяркоўвалі розныя-розныя пытанні. Перыядычна ля якой-небудзь групы з’яўлялался адказная асоба з спісам імён на паперцы і квіткамі ў руцэ. То бок, як называюць у народзе “абязалаўка”. Дарэчы, асабіста мне дастаўся квітокза 10 хвілін да пачатку з “распрадажы” – дзяўчына на ўваходзе проста прадавала квіткі, якія засталіся ад тых, хто не прыйшоў на п’есу.

Зала полацкага палаца культуры немаленькая і даволі ўтульная. Безумоўна, агромным мінусам з’яўляецца асветлены пульт музычнага кіравання, пасярод залы гледачоў. У кантрасце з чорнымі адценнямі сцэны ён непрыемна рэжа вочы. Але сама п’еса зачаравала з першых хвілінаў — народныя нацыянальныя строі, шыкоўнае, ідэальна падабранае, музычнае аздабленне зачаравала ўсіх прысутных, нават тых школьнікаў, што па-прывычцы залезлі “ўкантакцік”. Амаль 2 гадзіны п’есы праляцелі імгненна. Гісторыя Рагнеды вывучаецца ўжо ў школе, і напэўна таму, две дзяўчыны, што сядзелі ля мяне, амаль увесь час “прадказвалі” далейшы ход падзей, і вельмі скептычна, чамусьці, аднесліся да словаў галоўнай гераіні аб страчаным гонары, годнасці, свабодзе.

Акцёры ігралі выдатна. Столькі імпэту, полымянасці, натхнення! Падавалася, што насамрэч перад вачамі горды, непакорны Рагвалод, ваяўнічая і гарэзная Рагнеда, далёкае 862-е стагоддзе… Пасля заканчэння спектаклю заля доўга апладыравала акторам. Апладыравалі стоячы, многія прынеслі кветкі. Наўрад ці хто пашкадаваў патрачанага часу і грошаў. Асабіста мне падалося, што большасці прысутных спадабалася. І, мабыць, добра, што ў нас існуе такая “абязалаўка”. Для многіх гэта рэальны шанец далучыцца да сапраўднай культуры, у віры гэта нястомнага мітуслівага свету.