Наведаў учора прэм’еру «Местачковага кабарэ» — новы спектакль Купалаўскага ў пастаноўцы Пінігіна.


Спектакль і сапраўды нагадваў кабарэ — з перавагай музычных нумароў, і напэўна таму гук перанакіравалі праз мікрафоны ў дынамікі. Я ж сядзеў у трэццім шэрагу ля правага праходу і ледзь не вар’яцеў ад гучнага і вельмі высокага гуку, ад якога пакутавалі тыя недарэкі, што былі на месцах бліжэй да сцэны. Толькі дзесяцігоддзі блэкметал стажу і выратоўвалі. Радуе толькі тое, што Ярмошына, якая сядзела непадалёку, таксама павінна была аглохнуць на правае вуха. Сама ж пастаноўка крыху палохае працягам тэндэнцыі адмаўлення Пінігіна ад традыцыйных доўгіх наратываў, калі дзеянне распадаецца на мікрасюжэты ці асобныя нумары. Гэта характэрна было і для «Выкрадання Еўропы» і для «Лістапад. Андэрсен» — калі працягваць у такім духу, то ад драматычнага тэатра мала што застанецца. Але ўласна «Местачковае кабарэ» можна лічыць поспехам — асабліва мяне найбольш пацешыла

спроба рэстаўрацыі гламурнай абстаноўкі міжваеннай польска-беларускай правінцыі, якая быццам злізана са старонак кніжак Пясецкага — з рэстарацыямі, кантрабандыстамі, бардэлямі, жыдоўскімі крамамі і атмасферай дэкадансу. Толькі паднаўралі, што гэты міжваенны час быў belle epoque — так называюць час да 1914 года. Сочная мова — беларуска-польская трасянка, якая ў адрозненне ад сучаснага варыянту трасянкі гучыць досць мілагучна. Музычныя ж нумары былі досыць файнымі — і добра ў параўнанні з «профі» Шалкевічам і Ганнай Хітрык глядзеліся таксама й артысты Купалаўскага, якія спяваюць не горш чым нашы зоркі эстрады. Дый старая гвардыя — Манаеў і Журавель — былі проста бліскучымі ў сваіх «гешэфтах». Вельмі добра, што гэты цалкам страчаны культурны пласт да нас пакручыста вяртаецца — і дапаўняе карціну з Бяроза-Картузскага канцлагеру, БХД і КПЗБ пекнымі кабетамі і выкшталцонымі панамі.