9 кастрычніка ў 18.00 у галерэі сучаснага мастацтва “Ў” у Мінску (пр-т Незалежнасці, д. 37а) адбудзецца прэзентацыя спецыяльнага нумара “ARCHE” пад назвай “Польшча ў Другой сусветнай вайне”. Прэзентацыя арганізуецца па ініцыятыве і пры ўдзеле Пасольства Польшчы ў Беларусі.

Arche 5_2015_1Нумар, выдадзены з нагоды 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны, утрымлівае артыкулы польскіх і беларускіх гісторыкаў і ахоплівае сваім зместам асноўныя вехі з гісторыі польскага ўзброенага чыну падчас Другой сусветнай вайны.

Чытач знойдзе ў ім артыкулы, прысвечаныя чыста вайсковай праблематыцы (гісторыя стварэння і баявога шляху паасобных вайсковых фармаванняў), а таксама даследаванні, якія тычацца ваенна-палітычнай сітуацыі ў Польшчы напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны. Разгледжана як гісторыя рэгулярных вайсковых фармаванняў, якія дзейнічалі на розных франтах вайны, так і гісторыя незалежніцкага партызанскага руху.

Сярод іншага, у нумары змешчаны тэматычныя карты, шматлікія фотаздымкі і ілюстрацыі.

У рамках прэзентацыі будзе таксама прадстаўлена кніга аднаго з аўтараў спецыяльнага выпуску часопіса „ARCHE”, гісторыка Ігара Мельнікава “Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.”.

Сардэчна запрашаем да ўдзелу ў прэзентацыі, уваход вольны.