У нядзелю, 10 красавіка, у Маладзечне адбудзецца прэзентацыя “Мемуараў за 1795-1810 гады” Міхала Клеафаса Агінскага ў перакладзе заўчасна памерлай перакладчыцы Вольгі Рамановіч. Пра самі “Мемуары” і пра іх пераклад раскажа рэдактар публікацыі, вядомы менскі гісторык Алесь Пашкевіч.

На сустрэчы таксама можна будзе азнаёміцца са свежымі нумарамі часопіса “ARCHE” і кніжнымі выданнямі. У прыватнасці, на суд чытачоў будзе вынесены нядаўна апублікаваны пераклад вострасюжэтнага рамана Сяргея Пясецкага “Багам ночы роўныя”.

Раман быў напісаны і выдадзены ў наступны год пасля вызвалення аўтара з турмы (1938) і апавядае пра дзейнасць польскіх шпіёнаў і тутэйшых кантрабандыстаў у 1923 годзе на беларускім участку тагачаснай савецка-польскай мяжы. Менск з яго тапаграфічнымі дамінтантамі (губернатарскі сад, гатэль “Парыж”) і тагачаснымі прадмесцямі (Серабранка, Мядзведжына, Яркава, Старое Сяло) выступае асноўнай сцэнай, дзе адбываецца дзеянне.

Перыферыйнымі сцэнамі, на якіх разгортваецца дзеянне ў рамане, выступаюць Бабруйск, Ракаў, Вязьма, Лагойск і іншыя гарады і мястэчкі.

«Багам ночы роўныя» — гэта выдатны прыклад вострасюжэтнага шпіёнскага раману з яго неад’емнымі атрыбутамі — падступнасцю, каханнем і сэксам (уключна з такімі формамі сэксуальнай разрадкі, як мастурбацыя, заафілія і лесбійскія ласкі), індывідуальным і калектыўным ужываннем наркотыкаў (пераважна какаіну), пальбой з розных відаў зброі і нечаканай трагічнай канцоўкай.

Гаворка таксама пойдзе пра нядаўна выдадзены нумар “ARCHE” «Срэбны век». Нумар прысвечаны “забытаму” XVII стагоддзю ў беларускай гісторыі. У нумары між іншым друкуецца артыкул аднаго з вядучых спецыялістаў па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагоддзі Анджэя Рахубы «Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагоддзі», разглядаецца структура ўзброеных сілаў ВКЛ у гэты перыяд, усе роды войск і дапаможныя ваенныя фармаванні, якія існавалі на той час, а таксама армейскае камандаванне. У нумары таксама друкуецца артыкул Анджэя Адама Маеўскага “Узяцце Пінска войскам ВКЛ у лістападзе 1648 г.“, і іншыя цікавыя тэксты.

Сустрэча пачнецца ў нядзелю, 10 красавіка па адрасе Маладзечна, вул. Чыстая 26.

Пачатак а 17 гадзіне.

Даведкі па тэл. 29 5507969