Вельмі асабістая прадмова да «наваградскага» нумара.

Мае асабістыя спатканні з Наваградкам былі вельмі рэдкімі. Апрача школьных і студэнцкіх вандровак ды агульнай цікавасці да мінулага, горад Міндоўга і Міцкевіча неяк не трапляў у спіс пастаянных накірункаў маіх падарожжаў. Першыя ўражанні былі яшчэ ў школьныя гады. Замкавая гара, спавітая туманам ці нават з рэшткамі снегу ў раннім красавіку, была бадай што самым вялікім першапачатковым уражаннем.

Мінулае горада было больш прыцягальнае. Пачыналася заўсёды ўсё з цяжкасцяў падарожжа. Цяпер у Наваградак можна даехаць толькі аўтобусам ці аўтамабілем. Гэта не заўсёды зручна, асабліва калі ты больш прызвычаіўся да цягніка. Толькі пасля сканчэння гістарычнага факультэта я даведаўся пра колішнае існаванне вузкалейкі да Наваградка і пра чыгуначны вакзал, які цяпер выконвае зусім іншую функцыю.

На ўніверсітэцкіх лекцыях па гісторыі ХІХ ст. Наваградак быў адным з найбольш выдатных прыкладаў рэзкай правінцыяналізацыі даўняга адміністрацыйнага і культурнага цэнтра, пазбаўленага воляй лёсу чыгуначнага спалучэння. Збудаваная падчас нямецкай акупацыі ў 1916 г. вузкакалейка існавала да сярэдзіны 60-х гг. ХХ ст. і стала важным транспартным сродкам для жыхароў горада і ваколіц. Міжваенныя польскія ўлады зрабілі Наваградак ваяводскім цэнтрам, падкрэсліваючы ягоную ролю ў канструяванай новай свядомасці адроджанай дзяржавы. Адам Міцкевіч стаў адным з вызначальных сімвалаў горада.

Гэты нумар «ARCHE» не прэтэндуе на ўсёахопнасць і энцыклапедычны абсяг у паказе мінулага Наваградка. Тут пад адной вокладкай сабраныя чатыры вялікія працы, напісаныя ў розныя эпохі. Кожная з іх — прыклад даследчыцкай апантанасці і саліднасці, а таксама выдатны ўклад у вывучэнне мінулага.

Савецкая ўлада, у сваю чаргу, вырашыла не падкрэсліваць нейкага асаблівага статуса Наваградка і ён стаў шараговым раённым цэнтрам спачатку Баранавіцкай, а пазней Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на просьбы мясцовых уладаў збудаваць «шырокія» рэйкі з Наваельні да Наваградка, у рэшце рэшт нават наяўная вузкакалейка была зліквідаваная і горад, здавалася, павінен быў непазбежна стаць «проста правінцыяй».

Цікавасць да мінулага, якая выбухнула дзякуючы беларускім «шасцідзясятнікам», аднак, мусіла вывесці Наваградак з ценю. Даследаванні Вялікага Княства Літоўскага стварылі своеасаблівы рамантычны вобраз Наваградка як першай сталіцы гэтай дзяржавы. Нягледзячы на значную крытыку гэтай канцэпцыі і скептыцызм з розных бакоў, цікавасць да мінулага горада вакол Замкавай гары пачала ўзрастаць. Шматлікія помнікі старасвеччыны прыцягваюць вандроўнікаў не толькі з Беларусі. Святкаванні, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча ў 1998 годзе, ці рыцарскія фэсты сталі сапраўднымі штуршкамі, якія прывабліваюць турыстаў. Горад паступова займае сваё месца ў масавай свядомасці і беларускім гістарычным міфе.

Гэты нумар «ARCHE» не прэтэндуе на ўсёахопнасць і энцыклапедычны абсяг у паказе мінулага Наваградка. Тут пад адной вокладкай сабраныя чатыры вялікія працы, напісаныя ў розныя эпохі. Кожная з іх — прыклад даследчыцкай апантанасці і саліднасці, а таксама выдатны ўклад у вывучэнне мінулага.

Праца Ежы Ахманскага «Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да XVI стагоддзя» выйшла па-польску ў 1981 годзе. Даследаванне выдатнага познаньскага гісторыка сканцэнтравана вакол праблемы распаўсюджання літоўскага этнасу ў Сярэднявеччы і закранае разнастайныя праблемы гісторыі Беларусі, у тым ліку Наваградскай зямлі. Аўтар выкарыстаў не толькі звычайныя для гісторыка крыніцы, але таксама дадзеныя тапанімікі, гістарычнай анамастыкі і картаграфіі.

Адмыслова для гэтага нумара Ганна Паўлоўская пераклала з лаціны, пракаментавала і апрацавала кнігу святара, езуіта, гісторыка і прэфекта езуіцкай калегіі ў Наваградку Юзафа Пажоўскага «Новагородак, некалі каралеўскі горад князёў новагародскіх…», якая выйшла ў 1759 годзе ў Львове. Важнасць гэтай працы для даследавання мінулага цяжка пераацаніць. Ю. Пажоўскі выступіў не толькі ў якасці гісторыка езуіцкай калегіі, але таксама паказаў шырокую панараму мінулага Наваградка. Вучоны XVIII ст. не толькі ўзгадаў пра параўнанне Наваградка з Рымам, але крытычна падышоў да розных летапісных звестак і ранейшых гістарыяграфічных даследаванняў. Сучасны чытач таксама з цікавасцю звернецца да гэтай кнігі.

Даследаванне знакамітага беларусіста з Санкт-Пецярбурга, даследчыка беларускай кніжнай спадчыны і ганаровага грамадзяніна Наваградскага раёна прафесара Мікалая Нікалаева «Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі XVII стагоддзя» распавядае пра падзеі наваградскага мінулага праз прызму выдадзенай у 1673 годзе ў Вільні кнігі «Новая абарона, дадзеная змучанай Айчыне з неба ад Бога…». М. Нікалаеў не толькі заглыбляецца ў такія пытанні, як тэксталогія помніка, іканаграфія ці рэлігійны змест, але таксама падкрэслівае, што гэтая кніга — адна з першых гісторый горада, напісаных у езуіцкім асяродку. Тэкст помніка ў перакладзе на беларускую мову дазваляе даведацца не толькі пра ўласна цуды, але таксама пра розныя дэталі штодзённага жыцця Наваградка ў XVII ст., між іншым пра школьны тэатр і аптэку. Доктарская праца Гражыны Харытанюк-Міхей «Абрад Дзядоў у дакументах іцыкле Міцкевіча» выйшла ў 2011 г. у Варшаве. Тэматычны абсяг даследавання не можа не ўражваць: «Дзяды» Адама Міцкевіча — адзін з найбольш складаных і адкрытых да розных інтэрпрэтацый твораў паэта. Значэнне гэтага твора для польскай саматоеснасці таксама цяжка пераацаніць. Аднак аўтарка не толькі звяртае ўвагу на беларускія карані вобразаў гэтага твора, але адназначна падкрэслівае беларускі радавод самога абраду Дзядоў, ягонае захаванне і ўплыў на польскую свядомасць. Цікава, што для большасці сучаснага польскага грамадства беларускія карані твора наваградскага генія проста схаваныя і неўсвядомленыя. Гражына Харытанюк-Міхей даследуе «Дзяды» ў самых розных аспектах — літаратуразнаўчым, антрапалагічным і гістарычным. Гэтая выдатная праца павінна зацікавіць не толькі літаратуразнаўцаў, але таксама вялікае кола гуманітарыяў.

У нумары таксама змешчаныя пяць артыкулаў сучасных літоўскіх даследчыкаў. Дарус Вілімас у артыкуле «Службоўцы павятовых земскіх судоў ВКЛ у 1566—1588 гг. (першае пакаленне павятовых земскіх юрыстаў)» звярнуў увагу на працэс фарміравання корпусу юрыстаў на павятовым узроўні Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. У сваім другім артыкуле «Тастамент наваградскага земскага суддзі Яраша Еўлашоўскага (1578—1619)» ён прааналізаваў і падрыхтаваў да друку тастамент сына вядомага аўтара «Дыярыюша» Фёдара Еўлашоўскага. У нумары таксама змешчаны іншы крыніцазнаўчы артыкул — «“Натыфікацыя пра Лаўрышаўскі манастыр, выпісаная са старой рускай хронікі” Дзяметрыя Занкевіча (даследаванне і публікацыя крыніцы)» гісторыкаў Кястуціса Гудмантаса і Андрэя Рычкова. Аўтары звяртаюць увагу на крыніцу 1701 г., якая тлумачыць узнікненне знакамітага Лаўрышаўскага манастыра пад Наваградкам. Невялікі тэкст Віялеты Радвілене «Выданні Нясвіжскай друкарні ў літуаністычным фондзе аддзела рэдкіх друкаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх у Вільні» будзе цікавы перадусім даследчыкам кніжнай спадчыны XVIII ст. і нясвіжскай лініі Радзівілаў.

Нарэшце, Відмантас Янкаўскас у цікавым даследаванні пад назвай «Іканаграфічныя крыніцы Наваградскага замка», выкананым у рэчышчы «візуальнай нарацыі», звяртае ўвагу на змены ў прадстаўленні гэтага аб’екта на працягу стагоддзяў.

Вышэйзгаданы Мікалай Нікалаеў дадаткова выступае ў гэтым нумары і ў якасці мемуарыста. «Наваградак не быў Вавілонам…» — гэта не толькі асабістыя ўспаміны даследчыка, але цікавыя і дасціпныя назіранні пра жыццё пасляваеннага горада і наваколля, археалагічныя раскопкі, моўныя зацемкі.

Напрыканцы нумара змешчаныя рэцэнзіі Наталлі Ружыцкай і Андрэя Ціхамірава на прысвечаныя наваградскай гісторыі кнігі, што выйшлі ў апошні час у Беларусі і Польшчы.

Наваградак працягвае інтрыгаваць. Спавітыя туманам узвышшы і Замкавая гара цікавяць даследчыкаў да сённяшняга дня. Хацелася б, каб чытачы таксама змаглі адчуць подых мінулага ў прапанаваных даследаваннях і атрымалі натхненне ў пазнаванні мінуўшчыны.