14 верасня ў Гародні (вул. Будзёнага 48а, 18.30) адбудзецца прэзентацыя новай гістарычнай літаратуры з удзелам яе аўтараў і выдаўцоў. Запрашаем усіх зацікаўленых.

Для ўдзелу ў сустрэчы з Варшавы спецыяльна прыедзе гісторык Ян Шумскі, аўтар контраверсійнай манаграфіі “Саветызацыя Заходняй Беларусі (1944—1953 г.). Прапаганда і адукацыя на службе ідэалогіі” якая нядаўна выйшла ў перакладзе на беларускую мову. Кніга расказвае пра беларускі, польскі і ўкраінскі супраціў у Заходняй Беларусі 1944-1953, а таксама раскрывае механізмы русіфікацыі і саветызацыі яе карэннага насельніцтва.

Будзе прадстаўлены свежы нумар часопіс “ARCHE” – “Вайсковая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага”, які ўзняў буру зацікаўлення, пашыранае і дапоўненае перавыданне даследавання Алега Латышонка “Нацыянальнасць — беларус”, пераклад на беларускую мову даследавання прафесара Гарвардскага ўніверсітэта Сяргея Плахія “Рускі Вавілон. Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі”.

Гаворка пойдзе таксама пра багата ілюстраваную кнігу “Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006)” (1228 старонак), якая нядаўна пабачыла свет.

Наталля Сліж прадставіць папулярныя нумары “ARCHE” “Гісторыя беларускай штодзённасці”, «Жанчыны ў беларускай гісторыі».

Апрача гэтага, размова зойдзе пра кнігі, якія выйшлі ў апошнія месяцы:

Міраслаў Янковяк. Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі.

Дарыюш Купіш. Полацак 1579.

Уладзімір Ляхоўскі.  Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у другой палове ХІХ — першай трэці ХХ ст.

Станіслаў Ліс-Блонскі. Балахоўцы.

Эдмундас Гімжаўскас. Беларускі фактар у аднаўленні літоўскай дзяржавы (1915–1923).

Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года (з вялікай мапай Полацкага ваяводства сярэдзіны ХVI стагоддзя).

Кніга Полацкага Магістрату 1727.

На вечарыне са зніжкамі можна будзе набыць “Віцебскі краёвы слоўнік” Міколы Каспяровіча, “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” Міколы Шатэрніка, “Расійска-беларускі слоўнік”  Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова, а таксама дзясяткі іншых публікацый выдавецтва “ARCHE”.

___________________________

Фота Алеся Пілецкага