За год забруджаную тэрыторыю наведвае каля 50 тысяч турыстаў. Для жадаючых — экскурсія па Прыпяці і Чарнобылі, абед на АЭС і начоўка ў закінутым горадзе.

 

“Ва Украіне гэта дастаткова проста. Прыехаць у зону можа грамадзянін любой краіны свету. Іншая справа, што трэба загадзя падаць дакументы адміністрацыі зоны. За два тыдні”, — расказвае Сяргей Мірны.

У 1986 годзе Сяргей працаваў на ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС — камандаваў узводам радыеактыўнай разведкі. Гэта па яго рашэнні адсялялі той альбо іншы населены пункт. Тады ж мой суразмоўца апошні раз быў у беларускай частцы зоны. Цяпер Сяргей Мірны працуе своеасаблівым “правадніком” — возіць экскурсіі ў Чарнобыль і Прыпяць ад фірмы “Чарнобыль-тур”. Гаворыць, што папулярнасць такіх падарожжаў толькі павялічваецца.

“Гады тры таму зону наведвала ў год каля 10 тысяч чалавек. У мінулым годзе быў чэмпіянат Еўропы па футболе, гэты турызм афіцыйна прапагандаваўся і па маіх падліках каля 50 тысяч чалавек прыехала”.

Каштуе задавальненне нятанна. Асабліва для замежнікаў — 140 долараў за аднадзённы тур, каля 250 за два дні. У праграме — наведванне горада Прыпяць, Чарнобыля, агляд саркафага над аварыйным рэактарам. Пры жаданні — абед у сталоўцы станцыі. Арганізатары запэўніваюць, што кароткія вандроўкі ў зону пад прафесійным наглядам абсалютна бяспечныя. Доза радыяцыі не будзе перавышаць тую, якую чалавек атрымлівае падчас пералёту на самалёце.

Папулярнасць зоны ў турыстаў Сяргей Мірны тлумачыць па-філасофску і параўноўвае яе з Асвенцымам альбо Калізеем. Маўляў, Чарнобыль — такое ж гістарычнае для чалавецтва месца.

“Гэта трэба для таго, каб дакрануцца да гісторыі, адчуць сваё месца ў гэтым свеце. Чарнобыль у гэтым плане выдзяляецца толькі тым, што там яшчэ ёсць месцы з павышанай радыяцыяй. Гэта месца падзеі, якая паўплывала на развіццё чалавецтва”.Сярод людзей, якія прыязджаюць у зону, пераважна — украінцы. Але ёсць і замежнікі — навукоўцы і аматары пабываць у незвычайных месцах. Значную частку складаюць аматары камп’ютарнай гульні “Сталкер”. Гэтыя часта ведаюць Прыпяць не горш за праваднікоў. Мой суразмоўца такім чынам апісвае партрэт сярэднестатыстычнага турыста ў зоне:

“Сярэдні партрэт нашага турыста — гэта ўзрост ад 25 да 38 гадоў, гэта паспяховыя прафесіяналы, гэта людзі, якія маюць IQ вышэй сярэдняга, якія маюць павышаныя інфармацыйныя запыты”.

Акрамя легальных наведвальнікаў, вядома, ёсць і нелегальныя. Марадзёры, самасёлы і проста аматары яскравых эмоцый. Іх колькасць складана падлічыць, але затрымліваюць парушальнікаў рэгулярна.

Беларуская частка зоны амаль цалкам належыць да Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Але трапіць туды пасля прыняцця ў траўні 2012 года новага закона аб “Прававым рэжыме тэрыторый, якія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджвання ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС” стала немагчыма. У размове з Еўрарадыё гэта пацвердзіў дырэктар запаведніка Пётр Кудан.

Спробы нелегальна наведаць зону могуць дорага каштаваць. Артыкул 16.3 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях абяцае штраф памерам ад мільёна рублёў да трох. Для юрыдычных асоб — ажно да 20 мільёнаў. Свабодна праехаць у беларускую частку зоны звычайнаму чалавеку можна толькі раз на год — на Радаўніцу.