Калі тонуць дзеці, дарослыя, як правіла, знаходзяцца побач і не здагадваюцца пра тое, што дзіця памірае.

 

Чалавек, які тоне, не выдае рэзкага і пранізлівага крыку аб дапамозе, як лічыць большасць людзей. Як распазнаваць тапельцаў, ратавальнікаў вучаць прафесіяналы і шматгадовы досвед. Бацькі ж чэрпаюць інфармацыю пра тое, як выглядае тапелец, з тэлевізійных праграм.

Калі вы бавіце час на вадзе альбо на беразе, вы павінны, яшчэ да таго, як увайсці ў ваду, пераканацца ў тым, што навакольныя людзі ведаюць, па якіх прыкметах можна вызначыць, што чалавек тоне. Калі чалавек тоне, гэта рэдка суправаджаецца якімі-небудзь гукамі. Размахванне рукамі, пырскі і крыкі, да якіх нас рыхтуе тэлебачанне, сустракаюцца ў рэальным жыцці вельмі рэдка.

«Інстынктыўная рэакцыя тапельца» (Instinctive Drowning Response), названая так доктарам навук Франчэска Піа (Francesco A. Pia), гэта тое, што людзі робяць, каб пазбегнуць фактычнага або меркаванага задушвання пры апусканні ў ваду. І выглядае яна зусім не так, як мяркуее большасць людзей. Ніякага размахвання рукамі, пырскаў і крыкаў аб дапамозе. Каб лепш уяўляць, як ціха і невідовішчна выглядае гэты працэс з берага, падумайце вось пра што: сярод дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў утапленне з’яўляецца другой па распаўсюджанасці прычынай смерці (адразу пасля дарожных аварый), а з прыблізна 750 дзяцей, якія патонуць у наступным годзе, кожны другі патоне на адлегласці не больш за 20 метраў ад сваіх бацькоў альбо іншых дарослых. У некаторых выпадках дарослы нават будзе непасрэдна назіраць за тым, як дзіця тоне, не падазраючы пра тое, што на адбываецца насамрэч. Тапельцы рэдка падобныя да тапельцаў, і ў сваім артыкуле ў часопісе On Scene доктар Піа падрабязна апісвае інстынктыўныя рэакцыі тапельца наступным чынам:

1. За выключэннем рэдкіх выпадкаў, людзі, якія тонуць, фізіялагічна няздольныя паклікаць на дапамогу. Дыхальная сістэма чалавека разлічана на дыханне. Мова – яе другасная функцыя. Перш чым мова стане магчымай, неабходна аднавіць функцыю дыхання.

2. Рот чалавека, які тоне, то знікае пад вадой, то з’яўляецца над яе паверхняй. Рот чалавека, які тоне, знаходзіцца над вадой недастаткова доўга для таго, каб чалавек мог выдыхнуць, удыхнуць і паклікаць на дапамогу. Калі чалавек, які тоне, вынырвае з вады, яму хапае часу толькі на тое, каб хутка выдыхнуць і ўдыхнуць, пасля чаго ён адразу ж сыходзіць пад ваду.

3. Людзі, якія тонуць, не могуць размахваць рукамі, каб прыцягнуць увагу. Яны інстынктыўна выцягваюць рукі ў бакі ў спробе адштурхнуцца ад вады. Такія рухі дазваляюць ім ўсплыць на паверхню, каб мець магчымасць дыхаць.

4. З-за інстынктыўных рэакцый людзі, якія тонуць, не могуць кантраляваць рух рукамі. Людзі, якія спрабуюць утрымацца на паверхні вады, фізіялагічна няздольныя перастаць тануць і здзяйсняць асэнсаваныя рухі – размахваць рукамі, паспрабаваць наблізіцца да ратавальнікаў альбо дабрацца да выратавальнага рыштунку.

5. Ад пачатку і да канца, пакуль дзейнічае інстынктыўная рэакцыя, цела чалавека, які тоне, застаецца ў вертыкальным палажэнні, без аніякіх прыкметаў падтрымліваючых рухаў нагамі. Калі падрыхтаваны выратавальнік не выцягне яго з вады, чалавек, які тоне, можа пратрымацца ў паверхні ад 20 да 60 секунд перад тым як цалкам сысці пад ваду.

Гэта зусім не азначае, што чалавек, які паклікаў на дапамогу і адчайна размахваў рукамі, вас падманвае – хутчэй за ўсё, у яго прыступ панікі ў вадзе. Такі прыступ далёка не заўсёды папярэднічае інстынктыўнай рэакцыі тапельца і часцяком доўжыцца зусім нядоўга, але ў адрозненне ад гэтага ўтаплення ахвяры такой панікі на вадзе здольныя дапамагчы сваім выратавальнікам – да прыкладу, ухапіцца за выратавальны круг.

10 прыкмет, якія трэба запомніць

Калі вы знаходзіцеся на беразе альбо ў вадзе, вам неабходна звяртаць пільную ўвагу на наступныя прыкметы, якія сведчаць пра тое, што чалавек тоне:

Галава ахвяры пагружаная ў ваду, а рот знаходзіцца каля самой яе паверхні;

Галава адкінутая назад, рот адкрыты;

Шкляныя, пустыя вочы, не факусуюцца;

Вочы ахвяры закрытыя;

Валасы закрываюць лоб або вочы;

Ахвяра трымаецца ў вадзе ў вертыкальна, не робячы рухаў нагамі;

Ахвяра дыхае часта і павярхоўна, хапае ротам паветра;

Спрабуе плыць у пэўным кірунку, але беспаспяхова;

Спрабуе перавярнуцца на спіну;

Можа здацца, што ахвяра караскаецца па вяровачнай лесвіцы.

Таму, калі чалавек падае за борт і ўсё выглядае нармальна, не варта супакойвацца раней часу. Часам самай галоўнай прыкметай таго, што чалавек тоне, з’яўляецца тое, што ён не падобны да тапельца. Можа здацца, што ён проста спрабуе ўтрымацца на вадзе і глядзіць на палубу. Як вызначыць, ці ўсё ў парадку? Задайце простае пытанне: «У вас усё ў парадку?» Калі чалавек вам хоць штосьці адказаў, тады, магчыма, яму нічога не пагражае. Калі ў адказ на сваё пытанне вы ўбачыце пусты погляд, у вас ёсць усяго паўхвіліны, каб выцягнуць ахвяру з вады.

І, бацькі, запомніце: дзеці, якія гуляюцца ў вадзе, шумяць. Калі яны перасталі шумець, выцягнеце іх з вады і даведайцеся, чаму.

Паводле Inosmi.ru