У жыцці кожнай сям’і наступае момант, калі дзіця пачынае цікавіцца ўключаным тэлевізарам ці камп’ютарам, які ў гэты час працуе. Мільгаценне малюнкаў на экране або маніторы прыцягвае ўвагу, захапляе, а перад бацькамі ставіць сур’ёзную праблему: як, у якім выглядзе і колькі дазваляць дзіцяці бавіцца з гэтымі сучаснымі прыладамі і ці дазваляць наогул?

Пра шкодны ўплыў тэлевізара і камп’ютара на дзяцей і падлеткаў сказана і напісана вельмі шмат. На мой погляд, увесь аб’ём гэтай інфармацыі можа быць падзелены на дзве катэгорыі: колькасны і якасны.

Колькасны аспект шкоднага ўплыву сучаснай тэхнікі вымяраецца тым часам, які дзеці праводзяць ля тэлевізара ці камп’ютара. Тут мы можам пачуць пра шкоду для вачэй, мускулатуры і коснай сістэмы дзіцяці (напрыклад, рызыка развіцця скаліёзу, блізарукасці і г.д.).

Якасны аспект – гэта тое, што менавіта бачыць дзіця ці падлетак у фільмах (мультфільмах), перадачах, на інтэрнэт-сайтах, у камп’ютарных гульнях і г.д. У першую чаргу, тут паўстаюць праблемы прапаганды гвалту, разбэшчанасці, разбурэння каштоўнасцяў. Можна казаць пра нівеляванне ролі сям’і і іншыя шкодныя ўплывы.

У такой сітуацыі перад бацькамі паўстае няпростае пытанне: як абараніць сваё дзіця перад негатыўным уплывам тэлебачання ці камп’ютара?

Насамрэч, пытанне амаль тупіковае. Нават калі вы наважыцеся пазбавіцца ад тэлевізара і паставіць пароль на камп’ютар, ваша дзіця зможа паглядзець тыя самыя фільмы ці сайты і пагуляць у тыя самыя гульні ў сяброў ці суседзяў.
Паспрабуем, аднак, зірнуць на сітуацыю пад іншым вуглом.

Мы часта кажам, што тэлевізар (камп’ютар) сталіся ў сучасным свеце сродкамі выхавання. Аднак ці гэта сапраўды так? Насамрэч, сітуацыя складваецца такім чынам, што сучасныя прылады становяцца не сродкам, а альтэрнатывай выхаванню. І альтэрнатывай адмоўнай. Калі і навошта бацькі дазваляюць сваім дзецям (маленькім альбо падлеткам) увесь дзень глядзець тэлевізар альбо “завісаць” у камп’ютары? Тады, калі самім бацькам не хапае часу, магчымасцяў, сілаў ці жадання праводзіць гэты час з дзецьмі. Відавочна, што прасцей пасадзіць малое глядзець мульцікі, чым соты раз чытаць з ім казку пра “Курачку Рабу”. І прасцей дазволіць падлетку гуляць ці камунікаваць у сеціве, чым разбірацца ў чарговых хітраспляценнях кшталту “Вася любіць Маню, а Маня любіць Пецю”.

Больш за тое, бацькам вельмі часта трэба прыкладаць вялікія намаганні, каб застацца цікавымі і аўтарытэтнымі суразмоўцамі для сваіх дзяцей. Калі дзіцяці тры гадкі, гэта яшчэ не так актуальна. А вось бацькам падлеткаў часам складана нават зразумець, аб чым разважае сын ці дачка. Інтарэсы пакаленняў разыходзяцца ўсё далей, і прасцей пусціць усё “на самацёк”, чым спрабаваць пераадолець гэтую адлегласць.

Што ж можна прапанаваць бацькам у адносінах да сучаснай медыйнай тэхнікі?

Перш за ўсё я б заклікала быць рэалістамі. Сапраўды, выхаванне дзяцей з’яўляецца вельмі цяжкай і складай справай, якая патрабуе шмат сілы і энергіі. Бацькі таксама жывыя людзі, і таму няма нічога дрэннага ў тым, што ім патрэбны час “для сябе”: каб аднавіць сілы, адпачнуць ці зрабіць нейкія справы па гаспадарцы, якія не звязаны непасрэдна з дзіцём, – прыбраць, прыгатаваць ежу і г.д. Той час, які дзіця праводзіць, гледзячы мульцікі, можа быць выкарыстаны менавіта такім чынам.

Што ж рабіць са шкодным уплывам мас-медыя на дзяцей і падлеткаў?

Я б прапанавала наступны крок: тэлевізар і камп’ютар могуць стаць сапраўднымі сродкамі выхавання, а не альтэрнатывай яму.

Што гэта значыць?

Перш за ўсё трэба звярнуць увагу на тыя два аспекты ўздзеяння сучасных прыладаў, пра якія мы казалі раней (колькасны і якасны), і ўзяць іх пад свой кантроль.

Колькасны падыход.

Існуе вельмі шмат парадаў псіхолагаў і лекараў адносна таго, колькі часу дзеці рознага ўзросту могуць праводзіць перад тэлевізарам і камп’ютарам без шкоды для сябе. Гэтыя нормы бацькам надзвычай важна ведаць і вытрымліваць, гэтаксама як і санітарна-гігіенічныя правілы наконт адлегласці экрана ад вачэй дзіцяці, асвятлення пакоя і г.д.

Якасны аспект.

1. У абавязковым парадку бацькі павінны дакладна ведаць, што ў канкрэтны момант глядзіць іх дзіця ці ў якую гульню яно гуляе. Таму першае правіла ўсіх бацькоў: перш чым паказаць фільм ці нават мульцік дзіцяці – праглядзіце яго самі! Таксама не дазваляйце дзецям гуляць у камп’ютарныя гульні, у якія вы самі не гулялі (калі вы наогул не гуляеце ў іх, то не прапаноўвайце і дзецям).

2. Знайдзіце час, каб абмеркаваць з дзіцём прагледжанае. Нават з самымі маленькімі дзеткамі можна шукаць адказы на пытанні: хто з персанажаў табе спадабаўся, хто не, хто быў добрым, а хто дрэнным? З больш дарослымі дзецьмі і падлеткамі можна разважаць, чаму, на тваю думку, герой зрабіў так, а не інакш? Як бы ты сябе паводзіў на яго месцы? Ці можна было зрабіць па-іншаму?

Такія дыскусіі будуць яшчэ больш цікавымі, калі на прагляд фільма ці мульціка зможа сабрацца ўся сям’я. Тады гэта можа стаць тым часам, які і бацькі і дзеці правядуць разам, змогуць абмеркаваць нешта цікавае, больш даведацца пра тое, што важна для іншых членаў сям’і. Гэта зробіць сучасную тэхніку карысным памочнікам у выхаванні вашых дзяцей.