Наша краіна прываблівае не толькі расіян, якія жадаюць параўнальна танна адпачыць у беларускіх санаторыях, але і іншых нашых суседзяў – літоўцаў, якія ўсё часцей ездзяць у беларускую сталіцу.

Заўсёды цікава паглядзець, як жывуць людзі ў іншай краіне, але 25 еўра за візу і 53 літы за білет у купэйным вагоне (альбо 35 літаў за праезд аўтобусам) у адзін бок літоўцы трацяць зусім не дзеля баўлення часу, а выключна ад жадання сэканоміць, і ў першую чаргу — на зубах і прыгажосці. Так, так, менавіта кошты на стаматалагічныя паслугі і пластычную хірургію прывабліваюць суседзяў. Ёсць попыт і на лазерную карэкцыю зроку. Вандроўкі ў Мінск за прыгажосцю і здароўем ўжо настолькі папулярныя, што не так даўно сталі тэмай нумара ў “Lietuvos rytas” — адной з вядучых газет краіны. Карэспандэнт газеты Раса Стунджэне адправілася ў Мінск у кампаніі суайчынніцы, якая ўжо ў чацвёрты раз накіроўвалася на прыём у адну са стаматалагічных клінік беларускай сталіцы. Вярнуўшыся дадому, літоўская журналістка падзялілася ўражаннямі з чытачамі. Урыўкі з матэрыялу мы прапаноўваем вашай увазе — гэта ж цудоўная магчымасць паглядзець на сябе збоку. Да таго ж заўсёды цікава “падслухаць”, што пра цябе гавораць суседзі.

 

“Вандроўка ў Мінск цягніком нестамляльная: 4 гадзіны — і вы ў сталіцы (гэта вам не на ўласным аўтамабілі 3 гадзіны на мяжы прастаяць у чарзе — Л.Ш.). За прапанаваныя правадніком каву, гарбату і пачак беларускага зефіру мы заплацілі 3,5 літа. І пакецікі з цукрам незвычайна вялікія — па 10 грамаў.

 

Таксі ў Мінску танней замаўляць па тэлефоне. Пры гэтым трэба быць гатовым назваць сваё прозвішча. Парушэнне канфідэнцыяльнасці звязана з клопатам пра спажыўца: прозвішча трэба ведаць кіроўцу, каб дачакацца менавіта вас. Праўда ўражанне, што ў Мінску ўсе і заўсёды прытрымліваюцца правілаў, хутка знікла: кіроўца, да якога мы селі ў таксі, без аніякага сумнення развярнуўся ў недазволеным месцы і закурыў…”.

 

Неабходнасць ездзіць у Мінск літоўцаў не пужае — прыемна часам зрабіць сабе невялікі адпачынак. Рэната, спадарожніца журналісткі з “Lietuvos rytas”, прыязджаючы ў Мінск, не спыняецца ў гатэлі, а здымае кватэру.

 

“За 60—70 долараў ЗША ў суткі можна знайсці чыстую кватэру. Зняць нумар у гатэлі ў цэнтры горада за такія грошы немагчыма.

 

Праўда, гаспадыня кватэры, 50-гадовая Таццяна, паскардзілася, што яе бізнес пад пагрозай: у Мінску зараз будуецца многа новых гатэляў да Сусветнага чэмпіянату па хакеі, які пройдзе ў Беларусі ў 2014 годзе. Таццяна хвалюецца, што гатэлі адаб’юць у яе кліентаў”.

 

Пакуль спадарожніца журналісткі займалася непасрэдна тым, дзеля чаго прыехала, то бок наведвала стаматолага, Раса Стунджэне размаўляла з супрацоўнікамі медыцынскага цэнтра. Уражанне ў яе склалася самае станоўчае.

 

“Медыцынскі цэнтр — гэта па-сучаснаму абсталяваны трохпавярховы будынак. Кошты на паслугі значна вышэйшыя за тыя, што прапаноўваюць у дзяржаўных паліклініках Мінска, аднак усё роўна ніжэйшыя, чым у Літве. Напрыклад, металакерамічная каронка ў клініцы каштуе 260—350 літаў, а эстэтычная пломба — 160—250 літаў, у той час як у Літве гэтыя паслугі будуць як мінімум удвая даражэйшымі.

 

Супрацоўнікі цэнтра рады бачыць сярод сваіх кліентаў замежных гасцей і заўсёды гатовы пайсці насустрач: дамаўляючыся па тэлефоне аб часе наведвання, замежнікі могуць быць упэўнены, што ім падбяруць зручны час і пакінуць яго столькі, каб можна было паспець зрабіць усё неабходнае.

 

Аднак не толькі стаматалагічныя паслугі ідуць “на экспарт”. Таксама папулярныя пластычная хірургія, нарошчванне і трансплантацыя валасоў, перманентны макіяж. Аперацыя па павелічэнні грудзяў у беларускім цэнтры каштуе 1—1,5 тысячы долараў ЗША, у той час як у Літве — каля 2 тысяч, а ў Маскве — 3,5 тысячы долараў. Паслугамі цэнтра карыстаюцца і беларусы. Кіраўніцтва цэнтра лічыць, што кошты для іх цалкам “пад’ёмныя”. Нават настаўнік можа заплаціць за аперацыю па падняцці павека 350 долараў”, — кажа прадстаўніца цэнтра. Ведаючы, што столькі ў Мінску каштуюць дзве пары добрых джынсаў, згодна ківаю”.

 

КРАІНА МІЛЬЯНЕРАЎ

Размяняўшы ў Беларусі 1000 літаў, становішся мільянерам. Праўда з такой колькасцю беларускіх рублёў цяжка спраўляцца, і, жадаючы што-небудзь набыць, даводзіцца звяртацца да прадаўцоў па дапамогу. Яны настроены добразычліва і ў разгубленага замежніка бяруць роўна столькі, колькі трэба.

 

Дарэчы, 1 мільён беларускіх рублёў — сярэдні заробак у Мінску. Аднак у правінцыі людзі часам зарабляюць толькі чвэрць ад гэтай сумы.

 

КАНТРАСТЫ МІНСКІХ ВУЛІЦ І МАГАЗІНАЎ (з нататніка — адным радком)

 

— Мінск — горад кантрастаў. Побач з дарагімі буцікамі можна знайсці магазін, у якім нічога не змянілася з савецкіх часоў.

 

— Кошты ў мінскіх магазінах не з нізкіх. Кілаграм самай таннай вэнджанай каўбасы каштуе ад 30 літаў. Прыкладна столькі ж каштуе кілаграм вэнджанай рыбы. Малочныя прадукты, хлеб, яйкі, прысмакі — прыкладна як у Літве.

 

— Пакупку ў магазіне часта абгортваюць у шэрую паперу. (Літоўцы паспелі ўжо забыць, што такое бывае — Л.Ш.)

 

— Французскае сталовае віно, якое ў Літве можна набыць за 10—20 літаў, у Мінску прапаноўваюць за 35—40 літаў.

 

— Тавары мясцовай вытворчасці каштуюць значна танней за імпартныя. Напрыклад, у аптэцы лекі беларускай вытворчасці прадаюць за 5 літаў, у той час як тыя ж самыя, але імпартныя каштуюць 20 літаў.

 

— Хоць у крамах часта сустракаюцца заклікі купляць мясцовыя тавары, складваецца ўражанне, што беларусы не вельмі іх цэняць.

 

— У ЦУМе жанчыны прымяралі перад люстэркам імпартныя шалікі за 70—80 літаў, а побач так і не дачакаліся сваіх пакупнікоў напаўшарсцяныя сукенкі мясцовага вытворцы, хоць і прадаваліся па той жа цане.

 

— Камплект хрустальных бакалаў беларускай вытворчасці (літоўцы дагэтуль цэняць беларускі хрусталь — Л.Ш.) каштуе 90—100 літаў. За тыя ж грошы можна купіць камплект кічавых імпартных шкляных бакалаў з рознакаляровымі ўпрыгажэннямі.

 

svabodaby.net