У гэтым артыкуле мной будзе зроблена спроба зафіксаваць свой досвед выкладання літаратуры на 3 курсе факультэта журналістыкі БДУ.

На курс беларускай літаратуры ІІ паловы ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. выдзяляецца 7 лекцый і 6 семінараў. Для сістэматызацыі і – як ні дзіўна гучыць – мнеманізацыі звестак па беларускай літаратуры, верагодна, мэтазгодна выкладаць яе ў дыяхранічным аспекце: паказваць эвалюцыю тэм, вобразаў, эстэтычных кірункаў на прыкладзе твораў некалькіх аўтараў, што рэпрэзентуюць розныя перыяды ў развіцці літаратурнага працэсу.

 

Так, вывучэнне твораў пісьменнікаў, што складаюць корпус тэкстаў гарадской прозы, можна пачынаць са згадкі пра вясковую прозу і вясковае жыццё, якое па пэўных параметрах кантрастуе з жыццём гарадскім. Жыццё ў вёсцы сярэдзіны ХХ ст. характарызавалася вызначанасцю, размеранасцю, прадказальнасцю і адкрытасцю: сельскагаспадарчы расклад вядомы на тыдзень, месяц і нават год, і аднавяскоўцы ведаюць радавод сваіх суседзяў на некалькі пакаленняў углыб. Жыццё ў горадзе, пазбаўленае цяжкай фізічнай працы і звышувагі з боку суседзяў, не спарадзіла ва ўчарашняга вяскоўца адчування свабоды і палёгкі. Герой гарадской прозы, нікому не патрэбны і заўсёды на ростанях, мусіў сам вырашаць свой лёс. У сучасным сацыяльным кантэксце такая незалежнасць выглядае прывабна, нават па-трэндаваму. Але што сталася насамрэч?

 

Вызваліўшыся ад фармальнага ўціску традыцый наогул і маральна-этычнага кодэксу ў прыватнасці, герой гарадской прозы спрабуе жыць “самастойна”. Героі Міхася Стральцова, гараджане ў першым пакаленні, яшчэ жыва памятаюць правілы гульні: яны жывуць як жывецца, але ў кожным моманце разумеюць, дзе схібіў. Абрыдлае “што людзі падумаюць” яны носяць у сабе, як эталон, нават калі не прагаворваюць уголас (“Смаленне вепрука” і іншыя). Адмовіўшыся ад народзіннага запрашэння каханай, герой апавядання “Свет Іванавіч, былы донжуан”пакутліва разважае пра значную розніцу ва ўзросце: «І горш за ўсё тое, што я нічога не мог зрабіць. Я адчуваў сябе бездапаможным, як сляпое кацяня. Можа, нават жабраком ля чужога парога. Мае трыццаць год адцягвалі мне плечы. Жабрацкая торба – лішнія дзесяць год. Я мог бы сядзець разам з усімі, але вось чамусьці павінен званіць» [5, с. 117]. Герой рэфлексуе, ацэньвае сябе, параўноўвае з іншымі, каб зразумець «Я не ведаў, ці часта бывае з чалавекам, калі ён у трыццаць год заходзіць у тупік. Асабліва тады, калі вельмі старанна выхоўваў сябе ў юнацтве. Калі стараўся ўсё зразумець. І вельмі мала дзейнічаў. І таму не дасягнуў у жыцці нічога. Зрэшты, гэта глупства – дасягнуць. Мяне гэта, здаецца, ніколі і не вабіла. Я хацеў другога. <…> Я нічога не разумеў. Пасля ўжо, калі зразумеў, я зразумеў не так і мала. Я зразумеў, што гадоўнае не ў тым, каб дасягнуць, не ў выніку, які ўяўляецца проста як вынік, адасоблены ад усяго, а ў адпаведнасці гэтаму выніку нас саміх. <…> Удачы не было – была ўзнагарода за цярплівасць» [5, с. 120-121].

 

Старэйшае пакаленне герояў М. Стральцова (“Сена на асфальце”) урбанізаваўшыся, камунікуе а ля вёска, і моладзь, якая нядаўна была вясковай, яшчэ разумее гэтую звычку: «Дзядзька Ігнат стаяў ля нізкай агароджкі перад домам, глядзеў, як нейкі таўставаты чалавек у піжаме паліваў са шланга газон з кветкамі.

 

– Пастой, Віктар, раскажы, дзе быў, што бачыў, – не паварочваючы галавы, лагодным і роўным голасам сказаў да мяне дзядзька Ігнат» [6, с. 76].

 

Але ў літаратуру прыходзяць новыя героі, якія не мелі такога стрыжня і загартоўкі, а таксама досведу нязмушанай камунікацыі: у горадзе для размовы павінна быць нагода і прычына. І герой 80-х гг. ХХ ст., ідучы запоўненымі людзьмі вуліцамі, адчуваў татальную адзіноту і пакутваў ад няўмення выразіць свае перажыванні адэкватным чынам.

 

Інфантыльны герой Адама Глобуса прагне ўвагі: раздражнёнай ці прыхільнай (“Капялюш пажарнага колеру”) – неістотна. Ды хаця б увагі дворніка (“Слон”). Герой усведамляе, што найбольшую порцыю ўвагі можна атрымаць занадта лёгка, не прыкладаючы вялікіх намаганняў, і гэта ўражвае яго. Так, герой, проста ідучы па пляжы ў капелюшы пажарнага колеру, быў уганараваны наступнымі фразамі-ацэнкамі: «— А здымiце яму капялюш, i хто ён? Нiхто!», «— Не скажыце, зараз ён якраз лiдэр i кумiр», «— Шкоды ён не робiць. — Яшчэ як робiць. Ён парушае звычкi i ка… (далей не пачуў)». «— Нашто вытыркацца?», «— Ён ёсць, згодны. А як жа астатнiя, iх на пляжы тысячы?» [3, с. 132-133].

 

Герой разважае пра сваё месца ў грамадстве і самапачуванне ў ім: «Запланаваны рост сучаснага мастака адбываўся даволi нармальна, калi не лiчыць канфлiктаў памiж мной як чалавекам i мастаком, якi жыў ува мне. Прычыну я бачыў перш за ўсё ў тым, што “мой мастак” не прымаў замацаваных iншымi канонаў i будаваў свае законы i правiлы» [3, с. 129].

 

Насамрэч жа ягоныя мастацкія канструкцыі, як і ўчынкі герояў іншых апавяданняў А. Глобуса, выглядаюць дробнымі і бяскрыўднымі правакацыямі (па-дзіцячаму нязмушанымі спробамі парушыць правілы грамадскага існавання), але герой атрымлівае жаданую порцыю ўвагі, як ін’екцыю. А, зрэшты, яго жыццёвую стратэгію мы ведаем і разумеем мала: ён спыняецца за крок ад тлумачэння: «Вы можаце спытаць: з якой прычыны? Але я не раблю анатамiравання з’явы. Я толькi пераказваю факты» [3, с. 134].

 

Героі Анатоля Казлова – з гэтага ж пакалення, самотныя, недаацэненыя, але з выразным жаданнем вярнуць сабе жыццёвую пэўнасць. Герой у сацыяльным жыцці адчувае сябе маргіналам (ці ім і з’яўляецца – да прыкладу, бамжом). І вось ён на раздарожжы – на вакзале («Дзеці ночы» [4]), у метро («Горад у нябёсах» [4]), каля піўнухі («Распяцце, альбо Ці ж баліць галава ў вароны» [4]). Самотны ў натоўпе, ён вінаваціць ва ўсім адасобленасць людзей, іх індывідуалізацыю і не мае мэты ў жыцці, не мае сілы для вырашэння сваіх праблем і, самае важнае, не бачыць шляхоў вырашэння той сітуацыі, у якую трапіў. А значыць, не бачыць будучыні…

 

Але ён жыве, і нехта іншы вырашае за яго. У творах А. Казлова гэтая адказная функцыя ўскладаецца на звышнатуральных істот. Герою аповесці “Горад у нябёсах” духі продкаў дапамагаюць на шляху станаўлення нацыянальнай самасвядомасці. А ў тым свеце, дзе пануюць злачынныя “адбяры, украдзі, здрадзь”, Антаку жыць некамфортна.

 

Іншае пытанне, што не могучы адабраць і здрадзіць, герой А. Казлова і да добрых спраў мала здатны. Ён плыве па цячэнні. Так Вілен Падкідны з аповесці «Дзеці ночы» гвалтоўна вырваны з бамжацкага асяроддзя ў раскошнае жыццё, падпарадкоўваючыся ўсім намовам паслугача Гаспадара Максіма Гурона і не спрабуючы калі не адмаўляцца ад прапанаванага, то хаця б ацэньваць свае ўчынкі з пункту гледжання маралі і хрысціянства: ён проста плацдарм для сіл уплыву: Добры дух, Злы дух, каханая Нінка, і перамога кагосьці з іх у барацьбе за ягоную душу на ягоныя асабістыя памкненні абапірацца не будзе.

 

У тым, што адбываецца з героямі А. Казлова, яны самі нібыта не вінаватыя. Галюцынацыі, галасы, уласны алкагалізм… Узнікае натуральнае пытанне: ці варта варушыцца, прыкладаць нейкія намаганні чалавеку, які пачуваецца лялькай у руках больш моцных і ўладарных істот? Уласцівае многім героям сучаснай прозы адчуванне разгубленасці не змушае герояў А. Казлова да дзеянняў, бо адказнасць за ўсе падзеі ўскладзена на прадстаўнікоў патойбочных сіл.

 

У 2000-я гг. герой гарадской прозы (возьмем да прыкладу “Прыватны пляж на ўзбярэжжы Леты” А. Бахарэвіча) – скрайні інтраверт, які ніякай увагі і камунікацыі ад людзей ужо не патрабуе, ветліва-нейтральны вонкава, ён засяроджаны на з’едлівых ўнутраных маналогах, ды і сацыялізуецца пераважна праз сваё каханне-залежнасць. Ён прызнаўся, што ён слабы, і цяпер немагчыма нешта патрабаваць ад яго. Ён не змагаецца ні за што, а тое, што атрымлівае – атрымлівае гатовым, як напрыклад, выкладчыцкую працу (бо памёр яго былы выкладчык). Ён не можа змагацца за каханне: «як файна было б, калі б ты страціла руку альбо нагу ў выніку страшнай аўтакатастрофы, і ўся чарга, што стаіць па цябе, адразу б самаліквідавалася» [2, с. 61]. І кватэру ён спадзяецца атрымаць у спадчыну.

 

Ён там, у глыбіні сваёй бяздоннай душы, усё сказаў, усё зрабіў і ўсіх перамог на словах (“Дзве тысячы слоў пра Завалюхіна”[1]). Навошта і каму нешта даказваць? Кажаце, ёсць правілы існавання грамадства? Ён пляваў на іх.

 

З пэўнай доляй умоўнасці для кожнага пакалення герояў можна сфармуляваць своеасаблівыя крэда. Герой М. Стральцова: «Я ведаю правілы і спрабую жыць па іх». Герой А. Глобуса: «Я ведаю правілы і шукаю мяжу дазволенага». Герой А. Казлова: «Я ведаю правілы, але не людзі іх усталёўваюць, і таму нічога не магу і не буду рабіць». Герой А. Бахарэвіча: «Я не хачу нічога ведаць пра вашыя правілы».

 

Такі падыход дазваляе сістэматызаваць аўтараў, тэксты і ідэі такім чынам, што студэнт, які прачытаў зададзеныя творы, здатны самастойна «вынайсці», вывесці гэтую інфармацыю на іспыце. А з другога боку, такі падыход дазваляе пэўную варыятыўнасць калі не высноў, то шляхоў да гэтых высноў, бо пералік аўтараў, твораў і акрэсленне прадмета аналізу залежыць ад выбару выкладчыка. Такі падыход зручна выкарыстоўваць пры тэматычным выкладанні (напрыклад, ваенная, гістарычная, вясковая, гарадская проза) і ва ўмовах абмежаванай колькасці гадзін, выдаткаванай на лекцыйны курс.

 

ЛІТАРАТУРА:


1. Бахарэвіч, А. Дзьве тысячы словаў пра Завалюхіна / А. Бахарэвіч // Ніякай літасьці Валянціне Г. / А. Бахарэвіч – Мінск: Логвінаў, 2006. – С. 261-267.

 

2. Бахарэвіч, А. Прыватны пляж на ўзбярэжжы Леты // Ніякай літасьці Валянціне Г. / А. Бахарэвіч – Мінск: Логвінаў, 2006. – С. 5-100.

 

3. Глобус, А. Капялюш пажарнага колеру // Тэксты / А. Глобус. – М.: АСТ, 2000. – С. 129-135.

 

4. Казлоў, А. Горад у нябёсах : аповесці, апавяданні / А. Казлоў. – Мінск: Литература и искусство, 2009. – 224 с. – (Серыя “Лімаўскі фальварак”).

 

5. Стральцоў, М. Свет Іванавіч, былы донжуан // Ад маладзіка да поўні / М. Стральцоў. – Мінск: Маст.літ., 2005. – С.116-14

 

6. Стральцоў, М. Сена на асфальце // Ад маладзіка да поўні / М. Стральцоў. – Мінск: Маст.літ., 2005. – С.73-88.

 

euga.livejournal.com