У любога замежніка Беларусь, хутчэй за ўсё, асацыюецца з дзвюма адметнасцямі, акрамя ўжо штампавай пра апошнюю дыктатуру Еўропы. У святле пашыранага змагання за правы чалавека мусіць прыходзіць на памяць, што тут існуе смяротнае пакаранне. А ў кантэксце глабалізацыі адукацыі – што мы дагэтуль не ўступілі ў Балонскі працэс.

Праўда, калі за смяротнае пакаранне мы  ўпарта трымаемся, то супраць “балоньі” нібыта не маем нічога. Кансалідавацца з еўрапейскімі, а цяпер ужо і азіяцкімі ўніверсітэтамі ды чэрпаць ад гэтага выгаду мы гатовыя. Але нас пакуль у Балонскі працэс не бяруць па вядомай прычыне: Беларусь не робіць нічога, каб даказаць, што яна гатовая следаваць  фундаментальным прынцыпам еўрапейскай вышэйшай адукацыі, сярод якіх найважнейшым з’яўляецца наяўнасць акадэмічных свабод у ВНУ.

Чарговы раз пытанне аб’яднання нашай адукацыйнай сістэмы з Балонскай будзе вырашацца ў 2015 годзе. Аднак многія маладыя беларусы не чакаюць ля мора надвор’я і едуць ужо цяпер у “балонскія” ўніверсітэты, нягледзячы на тое, што дыпломы і самых прэстыжных ВНУ ў нас не прызнаюцца.

Як ацэньваюць студэнты і магістры падрыхтоўку ў абраных установах? Якія плюсы і мінусы бачаць у Балонскай сістэме? Як збіраюцца рэалізоўваць атрыманыя веды? Пра гэта нам  распавядуць розныя маладыя людзі.

 У Тарту вучыліся Радзівілы

Нашымі героямі будуць пераважна берасцейцы, якія, паверце, рассеяліся на еўразійскім кантыненце вельмі густа. Аднак першым да размовы мы запрашаем гамельчука Ігара Случака, з імем якога слушна звязваюць “Справаводства па-беларуску!”. Пра дасягненні гэтай персанальнай кампаніі час ад часу мы пішам у “Беларускім лістку”, таму Ігар не выглядае на Берасцейшчыне чужым элементам. Тым больш што і нашых чыноўнікаў ён закідвае лістамі-прапановамі пра пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы.

Аднак мы не казалі, што сваю актыўную грамадскую дзейнасць Ігар Случак сумяшчае з паспяховай вучобай у Тартускім універсітэце. Эстонія ж у Балонскую сістэму ўваходзіць ад самага пачатку, з 1999 года, і фактычна з’яўляецца адной з яе заснавальніц. З гэтага можна меркаваць, што архітэктура і змест вышэйшай адукацыі тут мае тыповыя для Еўропы абрысы.

У Тартускім універсітэце навучанне вядзецца на эстонскай мове, і выбар Ігара з першага погляду падаецца дзіўным. Але ўстанову для вывучэння права за мяжой ён, адвучыўшыся да гэтага тры з паловай гады ў родным Гомельскім дзяржуніверсітэце, выбіраў свядома. Як для беларуса, нават нязвычна свядома: “Выбраў Тартускі ўніверсітэт з-за таго, што гэта найстарэйшая навучальная ўстанова нашага рэгіёну – быў заснаваны ў 1632 годзе. Папярэднічаў яму Іезуіцкі Калегіўм, заснаваны ў 1582 годзе, калі Тарту быў у складзе Рэчы Паспалітай і выкладалі ў ім беларусы і палякі. Тут вучыліся Антон Луцкевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Радзівілы – гэта таксама паўплывала на выбар ВНУ”. Ужо падчас навучання Ігар працягнуў аналізаваць беларускую прысутнасць у Тарту і прыйшоў да высновы, што з 1632 па 1918 гады ў ім вучылася каля 2300 нашых суайчыннікаў.

Што ж тычыцца матываў выбару самой краіны для навучання, то тут усё прасцей. Эстонская праграма для замежнікаў, якая прапаноўвала бясплатнае навучанне і выплату стыпендыі, аказалася першай, на якую наткнуўся гамяльчук. За гэта ён і ўхапіўся, заадно прыпомніўшы, што яго бабуля – удмуртка, а гэта тая ж этнічная група, што і ў эстонцаў, – фіна-ўгорская.

Чытаць болей