З-за жорсткага кантролю з боку ўладаў гістарычныя факультэты нельга лічыць цэнтрамі вальнадумства ў беларускіх універсітэтах.

Такую думку ў размове са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” выказаў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.

Нагадаем, нядаўна стала вядома пра магчымае аб’яднанне гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта з факультэтам турызма. Ці можна лічыць гістарычныя факультэты сваеасаблівымі цэнтрамі вальнадумства ў беларускіх ВНУ, як ставяцца да гэтых факультэтаў улады?

На думку Алеся Краўцэвіча, казаць пра“цэнтр вальнадумства” ў дачыненні да гродзенскага гістарычнага факультэта будзе няправільным. “На гэтым факультэце дзесяцігоддзямі праводзілася селекцыя такімі кіраўнікамі, як Валер Чарапіца ці Іван Крэнь. Лепшыя людзі проста адсейваліся , а заставаліся толькі слепа адданыя ўладзе, а як навукоўцы – ніякія. На гэтым факультэце ёсьць добрыя выкладчкі, але яны страшэнна запалоханыя. І там няма аніякай праявы вальнадумства – задушана ўсё. І няма каму гэтую іскру вальнадумства там узбуджаць”, – сказаў гісторык.

І цяперашні факультэт – прафанацыя

Ён заўважыў, што гэта не першая рэарганізацыя для гістарычнага факультэта ГрДзУ. “Быў факультэт гісторыка-замежны, навучалі адначасова гісторыі і замежнай мове. Зараз афіцыйна зрабілі факультэт гісторыі і сацыялогіі. Прычым, гэта вялікая прафанацыя, бо на факультэце маецца толькі адзін кандыдат сацыялагічных навук. У суседняй Польшчы, каб адчыніць спецыяльнасць “сацыялогія”, трэба, каб як мінімум чатыры дактары навук выкладалі па гэтай спецыяльнасці”, – заўважыў Алесь Краўцэвіч.

На думку гісторыка, выпадак з Гродзенскім гістфакам – не ўнікальны, і можа паўтарыцца дзе заўгодна: “Усе дзяржаўныя структуры ў краіне маюць заданне зарабляць грошы. Яны імкнуцца прыцягнуць студэнтаў найперш на платную форму навучання. Таму могуць прыдумляць што заўгодна. У прыватнасці, калісці ў Гародні была кафедра беларускай культуры. Каб яе захаваць, зрабілі кафедру турызму і беларускай культуры. І будзе цяпер факультэт турызму і гісторыі. Гэта выклікана яшчэ і тым, што не хапае студэнтаў”.

Што тычыцца ранейшага звальнення выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта (найперш – выкладчыкаў гсітарычнага факультэта), то Алесь Краўцэвіч лічыць, што гэтая гісторыя была “высмактаная з пальца абласным кіраўніком Сямёнам Шапірам. “Яму галоўнае – даказаць, што ён тут пільнуе парадак і ідэалогію. Гэта, можа быць, яшчэ важней за эканамічныя паказчыкі – паказаць, што ён тут усіх трымае за пысу. Цікава, як сябе паводзіць міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, былы рэктар Гродзенскага ўніверсітэта. Ён сядзіць, падкорчыўшы хвосцік, калі абласны начальнік Шапіра выкідвае гром і маланкі”, – заўважыў гісторык.

Вальнадумства не залежыць ад спецыяльнасці

Але калі абстрагавацца ад выпадка ў Гродна, ці можна казаць, што гістарычныя факультэты беларускіх універсітэтаў неяк вылучаюцца асаблівым вольнадумствам?

“Думаю, што не, – сказаў Алесь Краўцэвіч. – Таму што існуе вельмі жорсткі кантроль улады над менавіта гэтымі факультэтамі. Бальшавіцкая і постбальшавіцкая ўлада выдатна разумее сілу гісторыі, як ідэалагічнага падмурка любой улады. Той жа Сямён Шапіра сказаў, што ён паіменна ведае усіх апазіцыйных гісторыкаў у Гародні. І дастаткова камусці заявіць сваю пазіцыю, напісаць кніжку, якая не згодная з афіцыйнымі тэзамі – і чалавеку пагражае звальненне з дзяржаўнай працы. Толькі некаторыя тэмы, якія сучасная ўлада не лічыць палітычна актуальнымі, гісторыкам можна распрацоўваць у рэчышчы патрыятычна-нацыянальнай гістарыяграфіі. Усё заціснута: універсітэты дзяржаўныя, яны не маюць свабоды, паўсюдна стукачы. І выкладчыкі баяцца. Казаць, што гістфакі – гэта цэнтры вальнадумства, азначае проста не ведаць сітуацыі”.

Студэнты гістарычных факультэтаў таксама мала чым адрозніваюцца ад тых, хто навучаецца на іншых спецыяльнасцях, лічыць Алесь Краўцэвіч. “Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Ці то ён матэматык, ці то ён гісторык, калі мае здольнасць да ўласнага свабоднага мыслення, пачуццё ўласнай годнасці, то ён будзе мець сваю думку”, – падкрэсліў гісторык.