Усё, што вы хацелі ведаць пра ўніверсітэт Лазарскага ў Варшаве, але не ведалі, у каго спытаць. Распавядае студэнтка Вольга Грынюк.

Універсітэт Лазарскага ў Варшаве – адна з найбольш прэстыжных прыватных ВНУ у Польшчы, якае мае сумесныя адукацыйныя праграмы з універсітэтам Кавентры (Вялікабрытанія). Навучэнцамі Лазарскага з’яўляюцца грамадзяне больш за трыццаці краін. Студэнты актыўна ўдзельнічаюць у агульнаеўрапейскіх адукацыйных праграмах “Erasmus” (студэнцкія абмены) і Leonardo da Vinci (прафесійныя стажыроўкі).

Навошта едуць?

Распавядае Серж Калееў, спецыяліст аддзела рэкрутацыі: “Універсітэт Лазарскага прапаноўвае два кірункі навучання: польскамоўныя і англамоўныя бакалаўрскія і магістарскія праграмы.

Бакалаўрскія праграмы разлічаны на тры гады, магістарскія праграмы на два. У выніку паспяховага заканчэння польскамоўнай праграмы студэнт атрымлівае дыплом універсітэта Лазарскага, які добра каціруецца ў Польшчы, а таксама дазваляе тут працаваць. Калі студэнт паспяхова заканчвае сумесную з універсітэтам Кавентры бакалаўрскую ці магістэрскую англамоўную праграму, то ён атрымлівае два дыпломы: польскі і брытанскі.

З’ехаць па Эразмусе

Многіх прываблівае магчымасць паўдзельнічаць у праграме “Эразмус” і паехаць на паўгады ў партнёрскі ўніверсітэт любой краіны Еўрасаюза, пачынаючы ад халодных Нарвегіі ці Швецыі, заканчваючы цёплай Грэцыяй ці Іспаніяй. На “Эразмус” можа трапіць любы жадаючы пры наяўнасці добрых адзнак і добрага валодання мовай выкладання ў партнёрскім універсітэце.

Што тычыцца якасці навучання ў Лазарскім, то яна сапраўды добрая і не саступае іншым еўрапейскім універсітэтам. Усе выкладчыкі маюць не толькі доктарскія навуковыя ступені, але, у першую чаргу, з’яўляюцца менавіта практыкамі сваёй справы. Так, на магістэрскай праграме па міжнародным бізнэсе выкладаюць намеснік дырэктара Нацыянальнага банка Польшчы, саветнік прэзідэнта Польшчы па фінансах, а таксама кіраўнікі буйных польскіх і міжнародных кампаній.

Патрабаванні да студэнтаў вельмі сур’ёзныя: рэгулярныя тэсты, квізы, мідтэрмы, семінары, экзамены; у выніку няздачы больш чым аднаго іспыта адлічваюць з брытанскай праграмы.

Хто едзе?

У асноўным, улічваючы кошты навучання, у Лазарскі едуць вучыцца прадстаўнікі адносна заможнай часткі насельніцтва ці сярэдняга класа. Ёсць шмат дзяцей рознага кшталту бізнесменаў і прадпрымальнікаў, ёсць сапраўдныя “мажоры”, ёсць тыя, хто працуе і самастойна аплачвае сабе навучанне, а таксама прысутнічае нават некалькі “каліноўцаў”.

Палітычныя погляды беларускіх студэнтаў у Лазарскім могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі. Так, адна дзяўчына з магістэрскай праграмы з гістэрычным надрывам абараняла рэжым Лукашэнкі на лекцыі, называла Беларусь “багатай краінай” і адыёзна спрачалася з тымі немцамі і ўкраінцамі, якія не ўспрымалі яе пазіцыю.

З другога боку, некаторыя студэнты вялі даволі актыўнае сацыяльнае жыццё і наведвалі розныя беларускія канцэрты і сходы. Аднак асноўная маса беларускіх студэнтаў у Лазарскім абсалютна індыферэнтная да ўсяго, акрамя ўласнага дабрабыту, адпачынку і далейшых перспектыў.

Распавядае Аліна з Кіева, студэнтка апошняга курса магістарскай англамоўнай праграмы: “Я ведаю даволі шмат беларусаў з Лазарскага, з некаторымі вучуся, з некаторымі проста перасякаюся на курсах ці ў спартовай зале. Беларусы мяне здзіўляюць тым, што зусім не ведаюць сваёй роднай мовы. Аднойчы да нас завіталі прадстаўнікі адміністрацыі універсітэта з нейкай апытанкай і раздалі анкеты на розных мовах, у тым ліку і на беларускай. Усе беларусы з маёй групы аддалі беларускія анкеты назад і папрасілі расейскія ўзамен, бо не зразумелі, што там было напісана. Хаця нават мне, украінамоўнай, было амаль усё там зразумела”.

А Беларушчына ўсё ж квітнее

Самае парадаксальнае заключаецца ў тым, што універсітэт Лазарскага прыкладае сур’ёзныя намаганні, каб заахвоціць беларускіх студэнтаў да супольнай дыскусіі аб сваёй краіне. Універсітэт выпускае прамацыйныя буклеты па-беларуску, як кірыліцай, так і лацініцай, а таксама робіць рэгулярныя рассылкі універсітэцкіх навінаў на беларускай мове. Пры універсітэце дзейнічае Інстытут грамадзянскай прасторы, які рэгулярна ладзіць сустрэчы з вядомымі беларускімі дзеячамі і арганізоўвае канферэнцыі ды публічныя дыскусіі. Так, у лістападзе ў Лазарскім адбылася сустрэча з Зянонам Пазняком, а ў сакавіку прайшла трохдзённая канферэнцыя “Бунт у імя свабоды”, дзе прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі беларускай асветы, інтэлігенцыі і грамадзянскай супольнасці. Нажаль, з трохсот беларускіх студэнтаў канферэнцыю наведалі толькі тры чалавекі, ці адзін адсотак ад агульнай колькасці навучэнцаў…

Такім чынам, беларускае студэнцтва ў Лазарскім з’яўляецца самай раз’яднанай нацыянальнай групай ва універсітэце. Магчыма, Лазарскі – гэта не самая ўдалая рэпрэзентатыўная выбарка замежнага ВНУ, дзе навучаюцца беларусы. Тым не менш, усе беларускія навучэнцы Лазарскага паступілі туды цалкам самастойна і мэтанакіравана, гэта значыць, што яны з’яўляюцца тыповымі прадстаўнікамі найбольш мабільнай і актыўнай часткі соцыума. Таму рысы паводзінаў студэнтаў Лазарскага маюць непасрэднае дачыненне да агульных трэндаў сучаснага беларускага грамадства: адсутнасць салідарнасці, абыякавасць, маскалізацыя, моцная арыентацыя на спажывецкія каштоўнасці.

Безумоўна, адной з галоўных прычын такой сумнай сітуацыі з’яўляецца антыбеларуская адукацыйная сістэма, якая не спрыяе вывучэнню роднай мовы і нацыянальнай гісторыі. У выніку такога выхавання ў маладых людзей не ўзнікае сапраўднага пачуцця Радзімы, і атрымліваецца, як спявае Вольскі, што “краіны няма”. У спалучэнні з дрэннай эканамічнай сітуацыяй, зусім не дзіўна тое, што больш за пяцьдзесят працэнтаў беларускай моладзі імкнецца эміграваць з краіны (згодна з нядаўнім апытаннем Белсату). Гэты працэс адбываўся, адбываецца і будзе адбывацца яшчэ вельмі доўга, прынамсі, да той пары, пакуль Беларус не адчуе сябе гаспадаром на сваёй зямлі.

Грашовае пытанне

Шмат каго прываблівае магчымасць атрымання двух еўрапейскіх дыпломаў па даступных коштах: адзін год навучання на бакалаўрыяце ці ў магістратуры каштуе каля 2200 еўра, хаця, безумоўна трэба яшчэ ўлічваць матэрыяльныя выдаткі на пражыванне ў Варшаве. Што тычыцца беларускіх студэнтаў, то іх колькасць стабільна расце, асабліва на бакалаўрыяце. У асноўным будучыя студэнты даведваюцца пра Лазарскі праз інтэрнет, агенцтвы, адукацыйныя выставы ці ад сваіх знаёмых”.

Як паступіць у Лазарскі?

Такім чынам, паступіць у Лазарскі зусім няцяжка, трэба мець толькі тры рэчы: закончаную адукацыю (вышэйшую ці сярэднюю), добрую ангельскую мову (пажадана, міжнародны сертыфікат – TOEFL, IELTS, і г.д.) і грошы. Што тычыцца стыпендый, то яны існуюць толькі ў форме зніжак на навучанне альбо невялікіх грашовых прэмій за выдатныя дасягненні ў вучобе і спорце. Яшчэ адным безумоўным плюсам універсітэта з’яўляецца працяглы тэрмін складання дакументаў: іх можна высылаць нават за два тыдні да пачатку навучання.

Беларусаў у Лазарскім сапраўды шмат, асабліва на бакалаўрыяце, як на англамоўных, так і на польскамоўных праграмах. Асноўныя прычыны, па якіх нашыя маладыя суайчыннікі і іх бацькі выбіраюць Лазарскі – гэта жаданне застацца жыць і працаваць у Польшчы, ці атрымаць брытанскі дыплом і з’ехаць яшчэ далей, ці проста атрымаць якасную адукацыю недалёка ад дома і павысіць свае кар’ерныя шанцы ў Беларусі.