Еўрасаюз гатовы дзяліцца з Беларуссю адукацыйнымі праектамі, але пакуль беларусы не дэманстурюць вялікай зацікаўленасці.

На сённяшні момант удзел беларусі ў адукацыйных праектах Еўрасаюзу абмежаваны чатырма праграмамі : «Тэмпус», «Эразмус Мундус», «Жан Манэ» і «Моладзь у дзеянні». Аднак і гэтыя сціплыя магчымасці пакуль што не выкарыстоўваюцца напоўніцу. Каб выправіць сітуацыю, у межах 4й Платформы «Усходняга партнёрства» («Кантакты між людзьмі») было прынятае рашэнне скіраваць частку сродкаў на правядзенне мерапрыемстваў, якія б больш актыўна і шырока інфармавалі пра магчымасці ўдзелу нашай краіны ў агульнаеўрапейскіх адукацыйных ініцыятывах.

 

 Амаль паднятая цаліна

 

Найбольш актыўна засвоенай у нас праграмай застаецца «Тэмпус». Праект быў распачаты ў 1990 годзе (пасля падзення Берлінскага муру) з мэтай падтрымкі мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў краінах, якія суседнічаюць з ЕС, у тым ліку беручы пад увагу патэнцыйнае ўзбуйненне Еўрасаюзу. З моманту заснавання ў схему «Тэмпусу» ўвайшлі 27 краін з чатырох геаграфічных рэгіёнаў: Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі, Заходніх Балканаў і Міжземнамор’я. Беларусь удзельнічае ў «Тэмпусе» з 1993 г. і ўжо паспела стацца часткай 104 праектаў, адужаных з удзелам БДУ, ЕГУ, БДЭУ, а таксама Гродзенскага і Полацкага дзяржаўных універсітэтаў. Трэба адзначыць, што «Тэмпус» фінансуе два тыпы праектаў:

 

папершае — супольныя праекты, што грунтуюцца на шматбаковым партнёрстве паміж універсітэтамі ЕС і трэціх краін, якія рэалізуюцца на інстытуцыйным узроўні і скіраваныя на мадэрнізацыю раскладаў, метадаў выкладання і паляпшэнне сістэмы кіравання навучальнымі ўстановамі;

 

падругое — структурныя захады, якія мусяць ажыццяўляцца на дзяржаўным узроўні для рэфармавання структуры і сістэмы вышэйшай адукацыі. У практычным сэнсе ў Беларусі гэта вылілася, да прыкладу, у з’яўленне ў раскладах новых дысцыплін, метадаў выкладання замежных моваў і інфарматыкі, а таксама змяшчэнне акадэмічнай нагрузкі ў бок большай колькасці практычных заняткаў.

 

На сённяшні момант ідзе ажыццяўленне этапу «Тэмпус ІV». Удзельнічаць у праграме могуць беларускія ўніверсітэты, грамадскія арганізацыі, асацыяцыі студэнтаў, саветы рэктараў. Памер гранту можа складаць ад 500 тыс. да 1,5 млн еўра. Мінімальная доля фінансавага ўдзелу беларускага боку — 10% ад кошту праекту.

 

Праграма «Тэмпус» — адзіная з вышэй узгаданых чатырох мае нацыянальны інфапункт у Беларусі. Трэба адзначыць, што большая частка праектных дзеянняў па праграме ажыццяўляецца ў самой краіне, уключаючы і пакуль што нешматлікія структурныя праекты, таму «Тэмпус» мае важную ролю ў пераадоленні ізаляцыі беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі.

 

Нягледзячы на адносную адкрытасць беларускага боку да «Тэмпусу» ў параўнанні зіншымі праграмамі, на практыцы навучальныя ўстановы сутыкаюцца з адміністратыўнымі перашкодамі. Напрыклад, усе праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі патрабуюць ухвалення з боку Савета Міністраў. Некаторыя універсітэты такія пагадненні маюць, для астатніх гэта застаецца праблемай, якая адкладае рэалізацыю праекту.

 

Матывацыя да вяртання 

 

Другой важнай праграмай Еўрасаюзу, даступнай для беларускіх студэнтаў, з’яўляецца «Эразмус Мундус». Праект мае на мэце спрыянне мабільнасці выкладчыкаў, студэнтаў, аспірантаў і дактарантаў. Галоўная яго задача — перадача ведаў і тэхналогій ЕС краінам-партнёрам, знаёмства з найлепшымі адукацыйнымі практыкамі ды спрыянне міжкультурнаму дыялогу.

 

Удзел у праграме «Эразмус Мундус» абмяжоўваецца квотамі, размеркаванне якіх — пытанне палітычнае і наўпрост залежыць ад таго, наколькі зацікаўлены ЕС у той ці іншай краіне стратэгічна. З далучэннем Беларусі да «Усходняга партнёрства» колькасць месцаў мусіць павялічыцца. Раней, мяркуючы па квотах у 1—3 месцы на год, асаблівых перспектыў у нас не заўважалі.

 

Праграма дае магчымасць беларускім бакалаўрам, магістрам і аспірантам атрымаць стыпендыю на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў. Індывідуальныя стыпендыі пакрываюць таксама выдаткі на праезд, консульскі збор за візы, страхоўку і пражыванне ў краінах ЕС. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Выканаўчага агенцтва па аўдыёвізуальных даследаваннях і пытаннях культуры еўракамісіі.

 

Не сакрэт, што часта беларускія студэнты, якія навучаюцца па «Эразмусе», не спяшаюцца вяртацца на радзіму. Таму, па словах еўрапейскіх чыноўнікаў, сёння ў перамовах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам уздымаецца таксама і пытанне пра магчымую кантрактацыю для ўдзельнікаў праграм павышэння мабільнасці.

 

Верагодна, дзеля атрымання дазволу Мінадукацы на выезд, студэнт будзе падпісваць кантракт пра абавязковую адпрацоўку пэўнага часу пасля навучання ў Беларусі. З іншага боку, калі адносіны з ЕС будуць развівацца інтэнсіўна, матывацыя да вяртання ўзрасце разам ззапатрабаванасцю такіх спецыялістаў.

 

«Нецікавыя» гранты 

 

Студэнты, якія ўжо маюць досвед навучання па праграме «Эразмус Мундус», адзначаюць, што беларусам прасцей атрымаць адукацыю ў краінах паўночнай Еўропы або Нідэрландах. З аднаго боку, такія дзяржавы, як Швецыя, традыцыйна спрыяюць выхадцам з «сінявокай». З іншага — у Францыі або Італіі, напрыклад, колькасць універсітэцкіх курсаў, даступных на англійскай мове, або адпаведных еўрапейскіх даследаванняў, на якія распаўсюджваюцца гранты Еўракамісіі, абмежаваная. Яшчэ адной праграмай, скіраванай на развіццё даследаванняў еўрапейскай інтэграцыі і папулярызацыі ідэй аб’яднанай Еўропы, з’яўляецца «Жан Манэ». Яна арыентаваная найперш на выкладчыкаў і навукоўцаў. У межах праекту можна атрымаць фінансаванне на стварэнне адпаведных кафедраў, навучанне і правядзенне даследаванняў.

 

Праграма «Моладзь у дзеянні» разлічана на юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 13 да 26 гадоў. Яна падтрымлівае моладзевую ініцыятыву і міжнародныя праекты ў галіне грамадзянскай адукацыі. У Польшчы знаходзіцца рэсурсны цэнтр «Моладзі ў дзеянні» ва Усходняй Еўропе і Каўказе (SALTO EASTERN EUROPE & CAUCASUS RESOURSE CENTRE). Больш падрабязна даведацца пра магчымасці супрацоўніцтва можна, наведаўшы іх сайт.

 

Як бачна, праграмы ЕС, у якія дапушчана Беларусь, ахопліваюць сферу вышэйшай адукацыі ды акадэмічную дзейнасць. Адзінай новай магчымасцю ў межах «Усходняга партнёрства» стане праграма электроннага пабрацімства (eTwinning) для вучняў сярэдніх школ. Пашырэнне дзеяння астатніх праграм з агульнага парасону «Адукацыі цягам жыцця» на краіны УП пакуль не прадугледжана, бо на гэта спатрэбілася б вылучэнне дадатковага фінансавання. Так што Беларусі і яе партнёрам давядзецца пачакаць прынамсі да 2013 года.

 

Еўрапейскія спецыялісты-куратары чацвёртай платформы «Усходняга партнёрства» адзначаюць даволі нізкую актыўнасць краін-партнёраў. Пэўна, гэта часткова можна патлумачыць недахопам інфармацыі пра магчымасці ўдзелу, і застаецца спадзявацца, што мерапрыемствы, запланаваныя Еўракамісіяй, дадуць свой плён, і вылучаныя для Беларусі грошы не трапяць да большых рупліўцаў.

 

pdf.by