Паглядзіце на гэты вядомы здымак. Ён зроблены быў у Менску ў 1929 годзе. Якія прыгожыя, маладыя і таленавітыя беларускія хлопцы на ім сфатаграфаваны!

Гэта яны стварылі ў 1926 годзе беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» – аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў, якое праіснавала да снежня 1931 года. Аб’яднанне выдавала літаратурны часопіс «Узвышша» (1927–1930), зборнікі творчасці сваіх сяброў.

На здымку (злева направа сядзяць): Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва. Стаяць (злева направа) Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Антон Адамовіч, Тодар Кляшторны, Змітрок Бябуля (сядзіць), Уладзімір Жылка, Васіль Шашалевіч і Пятро Глебка. Старшынёй „Узвышша” быў Кузьма Чорны, намеснікам – Кандрат Крапіва, сакратаром – Адам Бабарэка.

Самы старэйшы сярод гэтых хлопцаў – Змітрок Бядуля, яму тады споўнілася 36 гадоў, а самымі маладымі былі Сяргей Дарожны, Максім Лужанін і Антон Адамовіч – яны мелі толькі па 20 гадоў.

Да 1929 года гэтыя хлопцы ўжо павыдавалі свае цудоўныя і арыгінальныя кнігі, якія да сённяшніх дзён застаюцца ўзорам сапраўднай беларускай літаратуры. Хороша і таленавіта ішоў у літаратуру Язэп Пушча. У 1925 годзе ён выдае першы зборнік паэзіі пад выдатным загалоўкам „Раніца рыкае”, потым выходзяць кнігі вершаў „Vita” (1926), „Дні вясны” (1927), „Песні на руінах „ (1929). Даўно я не чытаў радкоў падобных да гэтых Язэпа Пушчы:

Раніцу шчэбет пільнуе
У лісці жоўта-зялёным.
Туліцца жнівень пад пуняй
З ношкай аўсянай саломы…

Была падрыхтаваная да выдання кніга «Мой маніфест» (схаваная ў вуллі, а затым, пасля арышту брата, спаленая сястрой Лёдзяй). Быў падрыхтаваны да друку, але таксама не выйшаў і зборнік лірыкі «Грэшная кніга». Але ў канцы 1920-х ўскладніліся пошукі паэта, у некаторых яго творах прагучалі песімістычныя ноты.

Летам 1930 года Язэп Пушча быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджаны пазасудовым органам НКУС 10 красавіка 1931 года, як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Летам 1935 года яго вызвалілі. У 1937–1941 гадах жыў у Мурамскім раёне Уладзімірскай вобласці (Расія), настаўнічаў. У гады Другой сусветнай вайны змагаўся на фронце. Пасля зноў жыў у Мурамскім раёне. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30 студзеня 1956 года. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь у 1958 годзе. Да апошніх дзён жыў у Мінску. Памёр у 1964 годзе.

Адам Бабарэка пісаў вершы, апавяданні, распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс. У 1925 годзе ён выдаў зборнік „Апавяданні”, рыхтаваў новыя кнігі. Але 25 ліпеня 1930 года яго арыштоўваюць у Мінску па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджваюць да 5 гадоў ссылкі. Год прабыў у мінскай турме, а потым ссылку Адам Бабарэка адбываў у г. п. Слабадское Кіраўскай вобласці, з канца 1934 г. у Кіраве (Вятка), працаваў бухгалтарам. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны на 2 гады ў адміністрацыйным парадку. Паўторна арыштаваны 24 ліпеня 1937 у рамках сфабрыкаванай маштабнай акцыі па рэпрэсаванні беларусаў, сасланых АДПУ у пачатку 1930-х гадоў. Паводле пастановы «тройкі» па Кіраўскай вобласці ад 15 лютага 1938 атрымаў 10 гадоў зняволення ў лагерах. Пакаранне адбываў у пасёлку Княж-Пагост Комі АССР у Паўночным чыгуначным лагеры НКУС, дзе памёр у лагернай бальніцы…

Уладзімір Дубоўка – адзін з таленавітых „узвышаўцаў”. Да 1929 года з друку выйшлі ягоныя зборнікі вершаў «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Сгеdо» (1926), «Наля» (Масква, 1927). Паэта арыштавалі летам 1930 года ў Крамлі па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і асудзілі на 5 гадоў высылкі ў Яранск. У ліпені 1935 года тэрмін высылкі быў падоўжаны на 2 гады. У лістападзе 1937 года Уладзіміра Дубоўку асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У зняволенні літаратурнай працай не займаўся. У 1949 годзе яго зноў арыштоўваюць у Грузіі. Асобай нарадай МДБ СССР у красавіку 1949 года асуджваюць на 25 гадоў зняволення. Канчаткова быў рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года. Пасля рэабілітацыі жыў у Маскве.

Уладзімір Дубоўка яшчэ ў 1925 годзе напісаў класічны верш „О Беларусь, мая шыпшына”. Гэты верш сёння ведае кожны свядомы беларус. Ён пачынаецца так:

О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш…

Кажуць, што Уладзімір Дубоўка, калі жыў у Маскве, трымаў на балконе чамаданчык са сталярскім рыштункам, які дапамагаў паэту зарабляць на кавалак хлеба на Далёкім Усходзе і ў Краснаярскім краі. Не выкідваў і не забываў – думаў, што яшчэ спатрэбіцца…

Кузьма Чорны пражыў 44 гады. У 1920-х гадах ён выдаў кнігі апавяданняў «Апавяданні» (1925), «Срэбра жыцця» (1925), «Па дарозе» (1926), «Пачуцці» (1926), «Хвоі гавораць» (1926), «Вераснёвыя ночы» (1929). Яго арыштавалі 14 кастрычніка 1938 года. Прасядзеў у Мінскай турме 8 месяцаў, з іх 6 – у камеры-адзіночцы. Быў катаваны. Вызвалены летам 1939 года. Тры новыя раманы, аб’ёмнае літаратуразнаўчае даследаванне паэмы Я.Коласа «Новая зямля» згарэлі ў першыя дні вайны. У адным з лістоў да аўтара гэтага матэрыялу Сяргей Панізьнік напісаў: «Вунь нядаўна прачытаў: прыводзяць словы Кузьмы Чонага з допытаў, як ён на Купалу, Коласа бурчэў… Пасядзеў бы такі “даследчык” голай задніцай на ножцы стула… Не магу спраўдзіць словы падглядчыка выпадковага, быццам бачыў пакінуты Максімам Лужанінам на машынцы тэкст чарговага даносу сакратара на свайго падапечнага… Тэксты прызнанняў з інквізітарскіх камер – чорная энцыклапедыя, дзе тэксты прымушаныя можна прабачыць. А вось дабраахвотна-паслужныя даносы прачытаць бы. Чэшскія будзіцелі выхоўвалі анямечаны народ шпількамі пад рабро: „Народ мой! Я цябе люблю, таму маю права цябе ненавідзець”. Вычытаў, што на душу насельніцтва Беларусь займае першае месца па рэпрэсаваных”.

Найлепшы лёс з усіх „узвышаўцаў” „выпаў” на долю Кандрата Крапівы. Да 1929 года ён трымаў у руках свае кнігі сатыры і гумару «Асцё» (1925), «Крапіва» (1925), «Біблія» (1926), «Байкі» (1927). Кандрат Крапіва пражыў 95 гадоў, двойчы атрымліваў Сталінскую прэмію, Дзяржаўную прэмію СССР, стаў Народным пісьменнікам Беларусі, акадэмікам. Уважліва паглядзіце на гэты фотаздымак. Кандрат Крапіва сядзіць неяк убаку ад усіх сваіх сяброў, здаецца, што ён неяк ад іх аддаляецца, сароміцца. Гляджу на здымак і прыгадваецца верш Кандрата Крапівы, напісаны ў 1925 годзе. Ён называецца „Язычок”. Ці не пра сябе самога і свой язык паэт напісаў:

Вось дык ладзіць!
Вось дык гладзіць!
Вось дык ліжа!
Ніжай! Ніжай!
Яшчэ вазьмі
Вось тут лізні
Разоў ля ста,
Каля хваста.
Вось так! Вось так!
Дальбог мастак!
Што ні скажа –
Маслам маж а
З плеч да лытак.
Вось дык крытык!
Вось бы гэты язычок
Ў прыбіральню на цвічок!

Кандрат Крапіва выступаў супраць рэабілітацыі многіх беларускіх паэтаў, у тым ліку і „узвышаўцаў” – былых яго сяброў. Калі пасля 30-гадоў ростані Уладзімір Дубоўка прыехаў у Мінск і зайшоў у Саюз пісьменнікаў, дзе старшынёй быў Пятрусь Броўка, які патэлефанаваў Крапіве, што вярнуўся Дубоўка, Крапіва сказаў: „О, прыехаў… Ты ведаеш аніяк не магу з ім спаткацца цяпер. Нарада ў Акадэміі. Разумеш… Ды і юбілейныя клопаты даймаюць…”. Тады Пятрусь Броўка патэлефанаваў Максіму Лужаніну. Але той толькі сказаў: „Калі ласка, перадай маё вітанне. А пра сустрэчу… Папрасі на іншы раз. Цяпер аніяк не выпадае…”. Пра гэта „спатканне” добра сказаў Алесь Пашкевіч у сваёй кнізе „Круг” (Мінск, 2006)…

Максіма Лужаніна НКВД толькі трохі напалохаў. Ён быў арыштаваны ДПУ БССР 15 сакавіка 1933 года ў Мінску па справе «Беларускай народнай грамады» і, як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі», высланы да 2 гадоў ссылкі. Адпраўлены ў ссылку ў Марыінск Кемераўскай вобласць, але праз некалькі месяцаў быў вызвалены і вярнуўся дадому. Паўстае пытанне: чаму яго так хутка вызвалілі? Міхась Скобла ў сваёй кнізе „Краса і сіла” згадвае, што „некаторыя даследчыкі, спасылаючыся на архіўныя дакументы, сцвярджалі, што М.Лужанін у тыя гады ў адносінах да сваіх калег-пісьменнікаў паводзіў сябе не лепшым чынам. Але зусім бязгрэшных тады было вельмі мала…”.

Побач з Максімам Лужаніным стаіць мой зямляк са Слоніма паэт Сяргей Дарожны. Аднойчы ён прачытае свае паэтычныя радкі Кузьму Чорнаму. А пасля слоў: Беларусь больш не стане крыжам пры дарозе з Хрыстом распятым, Кузьма Чорны расчуліўся. Сяргей Дарожны быў арыштаваны ДПУ БССР 29 жніўня 1936 года і асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу, пра якога паэт збіраў матэрыялы для кнігі. Рэчыўным доказам нават быў кухонны нож, які чакісты пабачылі на яго кухонным стале. Юнака адправілі на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, дзе ён і загінуў у канцлагеры Ніжне-Амурскі ў 1943 годзе…

Калі б Антон Адамовіч пасля Другой сусветнай вайны не з’ехаў на Захад, праз пэўны час ён таксама апынуўся б у сталінскіх лагерах. Хаця іх зведаў яшчэ да вайны. 25 ліпеня 1930 года быў арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Глазаў, у 1934 годзе перавялі ў Вятку (Кіраў), дзе юнак працаваў у навучальных установах. Вызвалілі толькі праз сем гадоў. У 1938 годзе Антон Адамовіч вярнуўся ў Мінск.

У канцы 1943 года ён пераехаў у Германію. Працаваў у газеце «Раніца» (Берлін). У лагеры для перамешчаных асоб выдаваў газету «Ведамкі», «Бацькаўшчына», часопісы «Конадні» і «Сакавік”. З 1960 года Антон Адамовіч жыў у ЗША, дзе і памёр ва ўзросце 89 гадоў…

Паводле ўспамінаў Паўла Пруднікава, Тодара Кляшторнага называлі ў свой час «беларускім Ясеніным» праз падабенства стылю і настрою вершаў, хоць у той жа час у творчасці гэтых двух паэтаў мелася і нямала адрозненняў. Тодара Кляшторнага закатавалі ў мінскай турме НКВД, калі яму было толькі 34 гады. Беларускі эмігрант з Аўстраліі Сымон Шаўцоў згадваў, што Тодар Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён – паэт. З рыштаванняў забачаць яго й гавораць: «Вунь, ідзе пралетарскі паэт!» Пыталіся: «Як спявае канарэйка?» «Не спявае, а плачыць у клетцы канарэйка», – адказваў Тодар. Гэта ён у адным з вершаў сказаў: „Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ”…

Да 1929 года ў Змітрака Бядулі выйшлі з друку кнігі паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зборнікі апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Выбраныя апавяданні» (1926), «Танзілія» (1927), «Дэлегатка» (1928). Усе „узвышаўцы” вельмі любілі і паважалі Змітрака Бядулю – яўрэя па нацыянальнасці, але вялікага беларускага літаратара і сябра. Як згадвае Міхась Скобла, смерць у Змітрака Бядулі была трагічнай. У 1941 годзе эшалон з бежанцамі спыніўся на станцыі паблізу горада Уральска. Пісьменнік выбег па кіпень і не паспеў ускочыць на прыступку вагона адыходзячага цягніка. Кінуўся бегчы наўздагон і – не вытрымала сэрца, памёр проста на рэйках. Там яго ва Уральску і пахавалі. Родны брат Змітрака Бядулі Ізраіль Плаўнік разам з Сяргеем Дарожным у 1926 годзе выдаў кнігу вершаў „Звон вясны”. Пазней Ізраіля Плаўніка арыштуюць і будуць катаваць у турме ДПУ. Ад катаванняў ён звар’яцее і памрэ ў псіхіятрычнай бальніцы…

Летам 1930 года Уладзіміра Жылку арыштавала пад Мінскам ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пры вобыску на кватэры ў яго забралі 27 кніг, шмат пісьмаў і рукапісаў. А пастановай калегіі АДПУ ў 1931 годзе ён быў асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Уржуме Кіраўскай вобласці, дзе працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Памёр ад туберкулёзу лёгкіх.

Уладзімір Жылка пахаваны на мясцовых могілках Уржума. Ён вельмі хацеў быць пахаваным у Вільні, горадзе, які вельмі любіў:

О, Вільня, крывіцкая Мекка!
О, места, – ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнасць павекаў,
Узнята рашуча брыво!..

Месца пахавання Васіля Шашалевіча невядомае. Ён двойчы быў арыштаваны сталінскімі халуямі і знішчаны далёка ад Беларусі. Паэт Сяргей Грахоўскі прыгадваў: «З Васілём Шашалевічам часта апыналіся за адным сталом, разам выходзілі, гаварылі, непрыкметна спускаліся па Камсамольскай вуліцы на Нямігу і даходзілі аж да яго дома на вуліцы Вызваленьня ў Мінску. Гэтыя праходкі для мяне былі найлепшаю школаю: Васіль Антонавіч мне расказваў пра Шэкспіра і Ібсэна, Астроўскага, Сухава-Кабыліна, натхнёна чытаў вершы Генрыха Гейне і Баратынскага…”. Васіль Шашалевіч напісаў п’есы «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра», 1925), «Змрок» (1927), «Трэцяя сіла» (1926–1928, не захавалася), «Воўчыя ночы» (1927–1929) і шмат іншых.

Пятру Глебку пашанцавала ў жыцці амаль так як і Кандрату Крапіве. Ён таксама не быў рэпрэсаваны. Як член дэлегацыі Беларускай ССР Пятро Глебка неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Йорку, дзе некалі нават сустрэўся з Антонам Адамовічам, што нават не ведаў нават НКУС. Пра што яны размаўлялі, сёння проста можна здагадвацца. Паэт у свой час узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР (1957–1969), а затым усё аддзяленне грамадскіх навук. Ён заўсёды клапаціўся аб развіцці роднай мовы…

Вось такі няпросты і трагічны лёс былых „узвышаўцаў”. Многія з іх пражылі ўсяго 30-40 гадоў. Лёс іх раскінуў па былой вялікай савецкай краіне і многіх не вярнуў на Бацькаўшчыну. Яны шмат маглі зрабіць для Беларусі, для роднай літаратуры, культуры, але не змаглі. Толькі гэты стары здымак нам сёння нагадвае той час, калі беларускія хлопцы-літаратары былі разам і былі шчаслівымі.