«Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы», складзены рускім навукоўцам Уладзімірам Далем, уяўляе цікавасць і пры вывучэнні мовы беларускай, у тым ліку яе распаўсюджанасці ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Тым не менш, у беларускім масавым друку пра гэта практычна нічога не гаворыцца.
Тэлеграф вырашыў паспрабаваць крыху выправіць сітуацыю.

Складанне слоўніка праходзіла ў часы, калі беларускі нацыянальны рух толькі пачынаў рабіць свае першыя крокі ў спробе зараджэння, таму папракнуць вучонага ў якой-небудзь палітычнай ангажаванасці ў дачыненні да беларускай мовы (Уладзімір Даль называў яе беларускай гаворкай) не выпадае. Ды і сам лексікограф ставіўся да мовы беларусаў з пэўнай непрыязнасцю. «Гэта заходняя беларуская агіда да гука «о» і прымусовы перавод яго ў «а», роўна як і адваротнае гэтаму, на ўсходзе, дзівіць вуха наша непрыемна, асабліва брыдка першае», — пісаў ён (Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Том I: А-З. – М.: Государственное издательство иностранных и национальных словарей, 1955, стр. 50).

Разам з тым дадзеная цытата дазваляе выказаць здагадку, што прыпіскамі на карысць беларускай мовы навуковец не займаўся.

Такім чынам, згодна з Уладзімірам Далем, гаворка «беларуская, або смаленская, ідзе ад Масквы на захад і незаўважна пераходзіць у чыстую беларускую, на якую ўжо значна намякае нават гаворка ў Валакаламску, Рузе, Мажайску (цяпер заходняя частка Маскоўскай вобласці РФ — Тэлеграф)» ( стар 74). «Без усялякай нацяжкі можна ўключыць сюды ўсе заходнія губерні нашы, і тады да гаворкі гэтай будуць належаць губерні: Смаленская, Віцебская, Магілёўская, Ковенская, Віленская, Гарадзенская, Мінская; адны толькі паны, шляхта, гавораць там па-польску (верагодна, у разлік не браліся неславянскія мовы — Тэлеграф)», — гаворыцца ў слоўніку (стр. 74-75).

«У суседніх губернях Ржэў, Зубцоў (Цвярская вобласць РФ — Тэлеграф), Валакаламск, Мажайск (Маскоўская вобласць — Тэлеграф), Мядынск, Масальск (Калужская вобласць — Тэлеграф) носяць на сабе болей або меней прыкмет беларускай або смаленскай гаворкі», — адзначыў вучоны (с. 76).

У якасці ўзору гэтай беларускага гаворкі, ён прыводзіць наступныя выразы: Яж табе казав, ня бяри больши ад яднаго воза; ну и увзяу ба адзин; Як хто хочиць, так па сваём бацьку и плачиць; Каб ня дзирка у роци, хадзиу ба у злоци; Абицанка, цацанка, дурняги радасць; Ды сягодни и у городи жидау нетуци, дык и торгу нема, і г.д.

Па словах Даля, беларуская мова «распаўсюджваецца на захад, да польскіх губерняў, на поўдзень да маларускіх гаворак, адрозніваючыся ў розных мясцовасцях некаторымі асаблівасцямі і прымаючы, па суседстве словы, звароты і гаворку польскую, маларускую або вялікарускую, апошняе перадусім адносіцца да губерні Смаленскай; а моцны ўдзел беларускай чуваць у Чарнігаўскай, Арлоўскай, Калужскай, Цвярской, і асабліва ў Пскоўскай» (с. 76).Чырвоным колерам указаны губерні, дзе, па У. Далю, сярод славянскіх моў панавала беларуская мова, ружовым — аказвала значны ўплыў

Больш за тое, піша Даль (с. 76), «можна сказаць, што яна (беларуская гаворка — Тэлеграф) чуецца і ў Маскве, таму што аканне, ці высокая гаворка наша, якая стала агульнай, вядома паходзіць ад сумесі наўгародскай са смаленскай». Такім чынам, згодна з навукоўцам, сучасная руская мова ў значнай ступені паўстала пад уплывам беларускай мовы. Гэта таксама абвяргае меркаванне шэрагу людзей аб тым, што беларуская мова з’яўляецца сумессю рускай з польскай, паколькі сама беларуская аказала істотны ўплыў на рускую.

Беларускі моўны ўплыў Уладзімір Даль адзначае і на наўгародскай мове, у якую, па яго словах (с. 51), «словы гэтыя зайшлі на поўнач… з Белай Русі, праз Цвер і Пскоў». Якія словы трапілі ў наўгародскія землі з беларускіх, відаць на прыкладах асаблівых слоў, якія прыводзіць вучоны. Так, для Наўгародскай губерні характэрныя наступныя адметныя словы: пончохи – чулки — панчохі, черевики – башмаки — чаравікі, свитка – сермяга — світка, швец – портной — шавец, почекать – подождать — пачакаць, позвонец – колокольчик — званочак, домовище – гроб — дамавіна, орать – пахать — араць, дековаться – насмехаться — здзекавацца, пеун – петух — певень, чуть – чуять, слышать — чуць, даси – дашь – дасі и т.д. Для Цвярской: трохи – мало — трохі, сподобить – полюбить — спадабаць, досыть – довольно — досыць, полица – полка — паліца, шкода – изъян — шкода, зробить – сделать — зрабіць, уперши – впервые — упершыню, торба – мешок — торба, толока – помочь — талака, горелка – водка — гарэлка, хата – изба — хата, вжахнуться – испугаться — ужахнуцца, дужа – очень — дужа, знайти – найти — знайсці, цубуля – лук — цыбуля, хувать – прятать — хаваць, сопсовать – испортить — сапсаваць, поратовать – спасать – уратаваць и г.д. (стр. 51).

У Цвярской губерні, на думку Уладзіміра Даля, уплыў беларускай мовы найбольш моцны ва ўжо згаданым Ржэве («цокаюць, дзэкаюць, г прамаўляюць прыдыханнем, ставяць х замест ф, і наадварот, У замест Ў, Я замест Е; Ы замест О; падвойнае ш замест щ»(с. 55)), у Пскоўскай —  «Апочка і Вялікія Лукі — [належаць] Беларусі, хаця і не столькі, як Цвярское Заволжа»(с. 56). «Масальскі павет выдатна суседнічае з беларусамі… у смаленскай палове жывуць палехі, зусім адрозныя скажонай гаворкай, прыдатнай больш да дрэннай смаленскай» (с. 70). Прысутнічаюць беларускія асаблівасці і ў мове іншых рэгіёнаў.

Характэрна, што ўсе землі, на якія мела ўплыў беларуская мову, у розныя перыяды сваёй гісторыі ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага.

Акрамя таго, Уладзімір Даль у раздзеле аб Смаленскай (беларускай) гаворцы (стр. 74-76) апісаў шэраг граматычных i фанетычных асаблівасцяў беларускай мовы, асаблівасці ўтварэння імёнаў па бацьку і гэтак далей. Мноства беларускіх слоў і пісьмовыя тлумачэнні іх значэнняў можна знайсці і ў самім слоўніку з паметай зах. або запд.

Такім чынам, як мы бачым, «Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы» можа быць цікавы для аматараў беларускай мовы і гісторыі. Да таго ж на падставе слоўніка можна скласці і невялікі слоўнік беларускай лексікі XIX стагоддзя, часткова ўжо забытай.